Палачаны – адданыя веры

«Малюся за цябе, Беларусь...», «О, Марыя, без граху першароднага зачатая...», — гэтыя вядомыя кожнаму католіку песні (словы і музыку) напісаў ксёндз Сяргей Бараўнёў, пробашч парафій у вёсках Палачаны, Беразін­скае і Беніца Маладзечанскага раёна. Родам ксёндз Сяргей з Маладзечна. У сям’і Галіны і Міхала Бараўнёвых — два сыны, і абодва святары. Родны брат ксяндза Сяргея ксёндз Юрый працуе на Віцебшчыне.

У дзяцінстве ксёндз Сяргей марыў быць мэрам горада — хацелася як мага больш прынесці карысці людзям і краіне. Яго душа з абвостраным пачуццём дабра і справядлівасці пакутавала ад бруду наўкола, а таксама ад бруду ў людскіх душах. З часам ён зразумеў, што малітва — гэта самы дзейсны сродак супраць зла. Неўзабаве яго малітвы пера­тварыліся ў песні, якімі сёння моляцца многія вернікі Беларусі: 

«...І хоць цяжкія дні існуюць,

І шмат злога ёсць між людзьмі,

Божа, край наш, прашу, не пакінь,

Захавай ад няшчасця і граху...»

Бог жа ў сваім Провідзе пераўзышоў усе мары і надзеі хлопца, паклікаўшы яго на сваю службу, з якою па важнасці і значнасці не можа параўнацца ніякая праца.

За 13-гадовае святарскае служэнне ксёндз Сяргей ужо пабудаваў касцёл і прычыніўся да адбудовы яшчэ трох святыняў. Сёння будуе касцёл у вёсцы Беразінскае. «Любае дзіця» гэтага святара — касцёл у Палачанах. Ён пабудаваў яго за 4 месяцы! Калі яшчэ нават не закладваўся падмурак, кс. Сяргей ужо тады сказаў парафіянам, што ўрачыстасць святога Роха (тытул парафіі і касцёла) яны будуць святкаваць у новай святыні. Потым сам спалохаўся сваіх абяцанняў, але слова трэба было трымаць.

Многія з парафіянаў тады не паверылі абяцанням пробашча, а некаторыя адкрыта гаварылі, што «ў яго не ўсё ў парадку з галавой», бо за 4 месяцы немагчыма пабудаваць святыню. Потым, калі яго словы спраўдзіліся, са слязьмі на вачах прасілі прабачэння за недавер.

— Без дапамогі парафіянаў і людзей добрай волі я б нічога не зрабіў, — гаворыць ксёндз Сяргей. — Людзі вельмі стараліся, каб хутчэй паўстаў касцёл, і цяпер дапамагаюць хто як можа.

{gallery}192-1{/gallery}

Ксёндз Сяргей вельмі ўдзячны ўсім ім і шчыра прасіў напісаць пра гэтых сціплых, простых людзей, якія з’яўляюцца сапраўднымі патрыярхамі веры, бо, нягледзячы на страшны атэістычны час, яны захавалі сваю веру і былі заўсёды адданымі ёй. Мы выконваем яго просьбу.

Валенты Адамавіч Шафаловіч: «Дапамагаць бедным — вялікая ласка».

Гэты чалавек — адзін з самых старэйшых і аўтарытэтнейшых парафіянаў касцёла святога Роха ў Палачанах. На Каўказе такіх называюць аксакаламі. Ён нара­дзіўся і жыў у вёсцы Абарок, недалёка ад Палачанаў. Сям’я Шафаловічаў была вельмі пабожная, а бацька яшчэ й спяваў у касцёльным хоры. Калі камуніс­ты арыштавалі і пасадзілі ў турму іх пробашча ксяндза Пятра Пупіна, Валенты на кані вывез з касцёла крыжы, альбы, арнаты, падсвечнікі, ліхтары і перадаў у касцёл у вёсцы Лебедзева. Неў­забаве святыню ў Абарку пера­тварылі ў склад. У 1953 годзе з турмы выйшаў ксёндз Пупін. У гэты самы час і Валенты Адама­віч вярнуўся са службы ў войску. Па просьбе ксяндза хадзіў па хатах, збіраючы подпісы за аднаўленне парафіі ў Абарку і вяр­танне касцёла вернікам. Ездзіў з гэтаю просьбаю ў Мінск. Там пачуў:

— Як табе не сорамна, малады хлопец, ладна старыя...

— Хачу, каб касцёл нам аддалі, — не саступаў Валенты.

Ледзяны голас адказаў, як адрэзаў:

— Касцёл ёсць у Лебедзеве, у Красным. Хопіць!

З часам касцёл у Абарку разваліўся (быў драўляны), а вёска амаль што вымерла. У 1996 го­дзе адрадзілася парафія ў Палачанах. Касцёльны камітэт, як некалі ў Абарку, узначаліў зноў Валенты Адамавіч. Спачатку вернікі маліліся на могілках, а ксяндзы прыязджалі сюды з Краснага, Лебедзева, Маладзечна. Аднойчы да пана Валентыя прыбегла галоўны аграном Люцыя Браніславаўна Даржынкевіч і паведаміла, што чула, як старшыня калгаса Аляксандр Уладзіміравіч Мучынскі сказаў: «Шкада мне католікаў, ім няма дзе маліцца, можа, кантору ім аддаць...» Валенты Адамавіч тут жа сеў на веласіпед і — да старшыні. Той прапанаваў напісаць заяву, а пасля праўленне калгаса на сва­ім сходзе адзінагалосна перадало вернікам будынак канторы. Парафіяне хутка перабудавалі яго пад капліцу і думалі, што на іх век гэтага хопіць. Аднак у 2005 годзе да іх прыехаў пробашч ксёндз Сяргей Бараўнёў і паабяцаў, што хутка тут будзе касцёл. І так сталася.

Каля касцёла вельмі прыгожа і ўтульна, шмат кветак і цікавых сучасных кампазіцый. Гэта таксама справа рук сям’і Шафаловічаў. Валенты Адамавіч абкошвае траву вакол касцёла, а яго жонка Ніна Сцяпанаўна — галоўны садавод. Вясною ў 6 га­дзін раніцы яе ўжо можна бачыць на прыкасцёльных клумбах. Па вопыт ездзіла ў свой час ажно ў Мосар да святой памяці ксян­дза Юзафа Булькі. Сужэнцы Шафаловічы даглядаюць таксама мясцовыя могілкі. Пан Валенты спявае на пахаваннях.

Гэтыя добрыя, спагадлівыя людзі атулілі апекай і любоўю 

адзінокую, цяжка хворую пажылую жанчыну — Галіну Іосіфаўну Бельскую. Купляюць ёй праду­кты, гатуюць ежу, мыюць, прыбі­раюць. Не раз чулі ад некаторых вяскоўцаў: «Навошта яна вам, няхай сацыяльныя службы да­глядаюць». Сужэнцы звычайна адказваюць: «Калі б вы мелі веру, то разумелі б, што дапамагаць бедным — гэта вялікая ласка, бо ў кожным з іх жыве Хрыстус».

Рамуальд Іванавіч Стужын­скі: « Часам атрымліваецца як у казцы...»

Пазнаёміўшыся з Рамуальдам Іванавічам, я міжволі ўспомніла святую Тэрэзу ад Дзіцятка Езуса, якая, не маючы практычна ніякай адукацыі, была пры­знана доктарам Касцёла. Са­праўдная мудрасць — гэта дзеянне Божай ласкі, «...бо ў Ім жывем і рухаемся і існуем», — гаворыцца ў Новым Запавеце (Дз 17, 28). Рамуальд Іванавіч сваім жыццём і творчай дзейнасцю часта даказвае гэтую ісціну. Ён, просты цясляр, рабочы мэблевай фабрыкі ў Маладзечне, па­чаў рабіць цудоўныя рэчы, пра якія нават і не марыў. Ён зрабіў драўляны алтар у касцёле ў Ві­лей­цы, вежу ў барысаўскім касцёле, вежы і выканаў усе ўнутраныя працы, а таксама маляваныя абразы ў касцёле ў Альковічах, праект касцёла ў Палачанах, абраз святога Роха ў гэтым жа касцёле, алтар у Хохлаве і шмат іншага.

— Усё Божая ласка, — гаворыць Рамуальд Іванавіч. — Часам атрымліваецца як у казцы. Думаю, думаю пра нейкую справу, прачынаюся а 4-й рана, памалюся, і раптам пачынае вы­рысоўвацца ўсё, што і як мне трэба зрабіць. Я сам да такога не змог бы дадумацца, гэта — Дух Святы!

Творчасць Рамуальда Стужынскага пачалася ў 90-я гады разам з перабудовай у краіне. Ад мэблевай фабрыкі яго тады накіравалі на выставу ў Польшчу, потым у Германію. Вопыт замежных калегаў быў вельмі карысным. Неўзабаве на сваім прад­прыемстве ён стаў дызайнерам. Потым Бог звёў яго з ксяндзом Эдмундам Даўгіловічам, і святар запрасіў цесляра папрацаваць у касцёле. Так Рамуальд Іванавіч выйшаў на новы этап сваёй творчай дзейнасці — працы для Пана Бога. Не шкадуе аб тым, што не вывучыўся на мастака: «Тады я, напэўна, не займаўся б цяперашняй справай — Бог пакіраваў так, як трэба».

Глыбокую жывую веру ён атрымаў найперш ад бацькоў. Яго тата, Іван Францавіч, усю вайну прайшоў з малітвай «Крыж Хрыста» і застаўся жывы. Дзякуючы малітвам іх сям’ю не вывезлі ў Сібір... У маладосці, калі суседнія касцёлы былі зачыненыя, ездзіў у Краснае. Не раз трапляў у аблаву, якую арганізоўвалі партыйныя і камсамольскія функцыянеры. У адказ на іх пагрозы, гаварыў, што ў касцёле дрэннаму не вучаць, і заўсёды знахо­дзіліся добрыя людзі, якія потым яго баранілі.

Сёння Рамуальду Іванавічу 67 гадоў, год таму ён пахаваў жонку. Сын Юрый пайшоў па слядах бацькі — працуе таксама на мэблевай фабрыцы ў Маладзечне. Дачка Ганна і зяць Віталь гадуюць траіх дзетак. Сям’я Туровічаў — адна з самых актыўных сярод парафіянаў касцёла св. Юзафа ў Маладзечне, і гэта вель­мі радуе Рамуальда Іванавіча. 

Ён дзякуе Пану Богу за ўсё і з ня­зменным аптымізмам глядзіць наперад — ёсць яшчэ шмат працы, якую хочацца зрабіць на хвалу Божую.

Люцыя Браніславаўна Даржынкевіч: «Бог даў і мне шанц...»

Наша сустрэча з Люцыяй Бра­ніславаўнай адбылася ў той час, калі яна знаходзілася пад уражаннем ад толькі што прачытанай кнігі Глорыі Поло «Бог дал мне второй шанс». Нагадаем, што Глорыя Поло, доктар з калумбійскай сталіцы Багота, у 1995 годзе загінула ад удару маланкі. На тым свеце яна ўсвядоміла, што ёй пагражае пекла. Аднак Пан Бог вярнуў жанчыне жыццё, каб тая выправілася. У выніку і з’явілася яе кніга-споведзь. Люцыя Браніславаўна пры­знаецца, што не заўсёды была добрай каталічкай і шмат у яе жыцці было таго, аб чым піша вядомая містычка Глорыя Поло. «Аднак і мне Бог даў шанц вы­правіцца, за што я вельмі ўдзячная Усемагутнаму», — гаворыць Люцыя Браніславаўна.

 Яна нарадзілася ў пабожнай каталіцкай сям’і ў вёсцы Лоска крэўскай парафіі. З дзяцінства разумела вартасць і моц малітвы. Вельмі шчыра малілася, каб паступіць у Гродзенскі сельгас­інстытут. Потым малілася, каб паспяхова яго скончыць. У касцёл не хадзіла — маглі выгнаць з інстытута. У 1958 годзе атрымала дыплом агранома і паехала працаваць у вёску Палачаны. З часам стала галоўным аграномам. Выйшла замуж і нарадзіла сына. Як сама прызнаецца, амаль увесь час аддавала працы. Для сына наймала няньку, а з мужам разышлася. Неўзабаве пасыпаліся прапановы ўступіць у партыю. Доўга адмаўлялася, але аднойчы яе паставілі перад выбарам: альбо ўступаеш у КПСС, альбо мы прысылаем новага агранома. Уступіла. Усю ноч праплакала, разумеючы, што дарогі ў касцёл ужо няма. Аднойчы пачула ад вялікага абкамаў­скага чыноўніка, што ў Польшчы амаль усе камуністы — веруючыя людзі. У першыя ж выходныя паехала ў Солы на споведзь, і з таго часу старалася часцей бываць у касцёле.

У часы адраджэння веры Люцыя Браніславаўна клапацілася аб тым, каб у Палачанах хутчэй паўстала парафія. Яна была і застаецца адной з самых актыўных парафіянак. 

Не так даўно на яе долю выпала вельмі цяжкае выпрабаванне — пад калёсамі трактара за­гінуў яе 10-гадовы ўнук. Яна доўга не магла прабачыць гэтаму трактарысту. Аднак Пан Бог не раз даваў ёй яўныя знакі таго, што прабачыць неабходна, — без гэтага ідзе разбурэнне ду­шы. І яна знайшла ў сабе сілы прабачыць. У многім дапамагло ёй таксама сведчанне Глорыі Поло, бо й гэтай жанчыне Бог даў шанц.

Яніна Антонаўна Пупкевіч: «Не злічыць, колькі я людзей пахавала...»

Cярод тыповых вясковых падворкаў вёскі Літва палачан­скай парафіі падворак Яніны Антонаўны Пупкевіч вельмі адметны — тут узвышаецца вялікі драўляны крыж, такі, як ставяць звычайна пры дарозе. Яна паставіла яго яшчэ ў канцы 80-х гадоў, адразу ж, як толькі пераехала сюды са сваёй малой радзімы — вёскі Вусавічы камайскай парафіі. Муж памёр, дачка выйшла замуж у Маладзечна, вось і забрала матулю бліжэй да сябе. Сапраўднай бядою для пані Яніны стала атсутнасць у гэтай мясцовасці касцёла. Паспрабавала хадзіць у праваслаўную царкву, але не змагла прызвычаіцца. Па­прасіла свата дапамагчы па­ставіць крыж пад сваімі вокнамі — здавалася, што будзе лягчэй. З часам распытала ў вяскоўцаў, хто з іх ездзіць у касцёл, і аднойчы пан Свірскі завёз яе ў Краснае. З таго часу яна кожную ня­дзелю туды ездзіла. Цэлы дзень, ад цямна да цямна, была ў касцёле. Яе запрасілі спяваць у хоры, бо голас пані Яніна мае вельмі прыгожы. Галоўнай «музычнай школай» для яе сталі пахаванні, дзе яна з малых гадоў спявае па памерлых. «Не злі­чыць, колькі людзей пахавала за сваё жыццё», — гаворыць пані Яніна. Па сённяшні дзень спявае, і гэта, нягледзячы на свой 87-га­довы ўзрост і на тое, што амаль нічога ўжо не бачыць. Шмат малітваў і песняў ведае на памяць.

Яніна Антонаўна вельмі аптымістычны і вясёлы чалавек, што не часта сустракаецца ў людзей яе ўзросту. Яна заўсёды шчаслівая, радасная і пастаянна спявае. Душа напоўнена сапраўдным Божым супакоем, адсюль і радасць. Божая радасць. Не памятае, каб у сваім жыцці з кімсьці пасварылася. Усе гэтыя якасці, напэўна, ідуць ад бацькоў, з дзяцінства. У сям’і Кучынскіх (яе дзявочае прозвішча) было 9 дзяцей, бацькі былі вельмі добрыя. Тата іграў на цымбалах, навучыў і Яніну. Разам з ім спявалі па хатах калядкі ў святыя вечаркі — калядны час да свята Трох Каралёў.

Замужжа яе было не вельмі шчаслівым, але з Божай дапамогай усё вытрывала і не здра­дзіла свайму аптымізму. Сёння не можа нацешыцца з таго, што блізка ёсць касцёл, у які яна можа хадзіць. Вельмі ўдзячна ксяндзу Сяргею за яго дабрыню і апеку — ён часта яе падвозіць з касцёла да дому. На развітанне Яніна Антонаўна па-дзіцячаму шчыра сказала: «Я вельмі шчаслівая, бо жыву з Богам»!

Яніна Казіміраўна Ельяшэвіч: «На небе ўбачылі вока...»

Яніну Казіміраўну Ельяшэвіч можна назваць гаспадыняй касцёла ў Палачанах — яна адчыняе і зачыняе яго, прадае свечкі, духоўную літаратуру, рэлігійныя памяткі. Яе прозвішча па бацьку Сапоцька, і Яніна Казіміраўна ўпэўнена, што галінкі радаводу іх сям’і цесна ўплеценыя ў генеалагічнае дрэва знакамітага зем­ляка — благаслаўлёнага ксян­дза Міхала Сапоцькі. Вельмі шчаслівая, што мае ў небе такога вялікага заступніка.

Родам Яніна Казіміраўна з вёскі Хожава, дзе ў свой час працаваў вядомы ксёндз Пётр Пупін. Яна запомніла яго як вельмі адданага сваёй справе святара. У нашай размове сказала, што цяперашні іх пробашч ксёндз Сяргей Бараўнёў вельмі нагадвае ксяндза Пупіна, такі ж добры і самаахвярны. Пры ксяндзу Сяргею парафія вельмі ажывілася, хутка паўстаў касцёл. Дзякуючы яму пані Яніна разам з парафіянамі аб’ездзіла ў пілігрымках шмат цікавых месцаў Беларусі, у тым ліку Мосар. У мінулым годзе стала сведкаю сапраўднага цуду, які адбыўся 27 чэрвеня каля крыжа, на месцы, прысвечаным Маці Божай Нястомнай Дапамогі, па­між вёскамі Беразінскае і Літва. Ксёндз Сяргей асвячаў тады крыж і цэлебраваў тут святую Імшу. Неўзабаве пачалася бура, наўкола былі паразмываныя дарогі, у вёсках пазрывала з дамоў дахі, а каля Маладзечна паваліла лес. «Шкоды было вельмі шмат, а вакол нас хмары хадзілі, хадзілі, ды й прайшлі міма, — гаворыць пані Яніна. — Больш за тое, з’явілася вясёлка і многія парафіяне ўбачылі на небе вока». Падчас нашай размовы жанчына ўзгадала шмат жыццёвых сітуацый, калі без веры было б немагчыма вытрываць. У канцы сказала:

— Я, як маці двух сыноў, нізка схіляю галаву перад бацькамі ксяндза Сяргея Бараўнёва, якія ў горадзе таксама выгадавалі двух сыноў, цудоўных святароў. Гэта неверагодна ў наш час. Няхай жа Усемагутны Бог адорыць маці ксяндза Сяргея Галіну Казіміраўну моцным здароўём і ўсімі неабходнымі ласкамі, а для душы яго бацькі Міхала Іванавіча Бараўнёва, які адышоў у 2000 годзе ў вечнасць, адчыніць брамы Неба.

Калектыў нашай рэдакцыі таксама далучаецца да гэтых цёплых пажаданняў.

Галіна Калевіч.

Фота аўтара і з архіва парафіі.

Мы вельмі радыя
бачыць вас на сайце
часопіса «Ave Maria».
Гэта плён працы
неабыякавых людзей,
якія з радасцю ствараюць
гэты часопіс для вас.

Падпіска
Ахвяраванні

Сайт часопіса „Ave Maria“ Мінска-Магілёўскай архідыяцэзіі Рыма-каталіцкага Касцёла ў Беларусі

Часопіс існуе дзякуючы вашым ахвяраванням. Сёння мы просім вашай дапамогі — нават невялікая сума падтрымае нас.

Падрабязней