Падзеі

У Ватыкане прэзентавана апостальская адгартацыя «Verbum Domini»

11 лістапада 2010 г. у Апостальскай Сталіцы была прэзентавана апостальская адгартацыя Святога Айца Бэнэдыкта XVI «Verbum Domini». Яна з’яўляецца падсумаваннем ХІІ Звычайнага агульнага пасяджэння Сіноду Біскупаў, якое  праходзіла ў Ватыкане 5–26 кас­трычніка 2008 г. па тэме «Божае слова ў жыцці і місіі Касцёла».

Дакумент складаецца з трох частак: «Verbum Dei» («Слова Божае»), «Verbum in Ecclesia» («Слова ў Касцёле») і «Verbum mundo» («Слова для свету»), з уступам і за­ключэннем. У 124 пунктах Святы Айцец узгадвае прапановы айцоў Сіноду  па праблеме «адкрыцця нанава ў жыцці Касцёла Божага слова, якое з’яўляецца крыніцай бясконцага аднаўлення», і выказвае пажаданне, каб «яно ўсё больш станавілася сэрцам усялякай дзейнасці Касцёла».

Шмат месца Папа як тэолаг прысвячае разважанню над Божым словам. Гаворачы аб апісанай у Евангеллі глыбокай еднасці стварэння, новага стварэння і ўсёй гісторыі збаўлення ў Хрысце, ён цытуе Галілея, які параўноўваў космас з кнігай. «Бог учыніў кожнага чалавека здольным да слухання Божага слова і адказу на яго, таму душпастырства Касцёла павінна сведчыць, што Бог услухоў­ваецца ў патрэбы і прось­бы чалавека», — падкрэсліў Пантыфік. Важна, каб вернікі здолелі распазнаваць корань граху ў ня­слуханні Божага слова і прынялі ў Езусе, Слове Божым, прабачэнне, якое адкрывае нас на збаўленне.

Святы Айцец указвае на важнасць разумення сувязі паміж Марыяй з Назарэта і поўным веры слуханнем Божага слова, а таксама сувязі паміж марыялогіяй і тэалогіяй слова, бо «тое, што адбылося з Марыяй, штодзень можа нанава здзяйсняцца ў кожным з нас, калі мы слухаем Божае слова і ўдзельнічаем у сакрамэнтах».

Адгартацыя падкрэслівае актуальнасць прынцыпаў інтэрпрэтацыі Святога Пісання, выказаных на Другім Ватыканскім Саборы, асабліва ў Дагматычнай канстытуцыі «Dei verbum». Нагадваецца, што: 1) неабходна трактаваць тэкст, памятаючы, што Пісанне з’яўляецца адзіным цэлым; 2) важна браць пад увагу жывую Традыцыю ўсяго Касцёла; 3) улічваць аналогію веры. «Толькі тады, калі суісну­юць гэтыя метадалагічны, гісторыка-крытычны і тэалагічны прынцыпы, можна казаць аб тэалагічнай эгзэгезе, якая адпавядае гэтай Кнізе», — піша Папа.

Святы Айцец перасцерагае ад падзелу даслоўнага і духоўнага значэння Бібліі. «Каталіцкія экзэгеты ніколі не павінны забываць, што тым, што яны інтэрпрэтуюць, з’яўляецца Божае слова. Іх задача не завяршаецца разам з вылучэннем крыніц, акрэсленнем формаў або выяўленнем намераў аўтара. Мэта іх працы становіцца цалкам дасягнутай толькі тады, калі яны выяўляюць сэнс біблей­скага тэксту як актуальнага Божага слова», — адзначае Пантыфік. Праца над Святым Пісаннем мае на мэце гармонію веры і розуму. «З аднаго боку, патрэбна вера, якая, захоўваючы правільныя адносіны з розумам, не пераходзіць у фідэізм, які прывёў бы да фундаменталістычнага ўспрымання Божага слова. З другога боку, па­трэбны розум, які, бачачы прысутныя ў Бібліі гістарычныя элементы, будзе адкрыты і не аспрэчыць апрыёры ўсяго, што перавышае яго магчымасці», — сказана ў адгартацыі.

Папа заахвочвае да развіцця экуменічнага дыялогу на падставе супольнага слухання і разважання над Святым Пісаннем, што дазваляе хрысціянам розных канфесій жыць у сапраўднай камуніі, хоць яна яшчэ не поўная. «Таму вельмі правільна прысвячаць больш часу на вывучэнне, абмен думкамі і экуменічныя набажэнствы Божага слова з пашанай да існуючых правіл і розных традыцый», — дадае Святы Айцец.

У дакуменце звяртаецца ўвага на асаблівую ролю Святога Пісання ў літургіі. У гэтым кантэксце Папа заклікае пастыраў Касцёла да такой фармацыі вернікаў, каб яны маглі адчуць смак глыбокага сэнсу Божага слова, прамоўленага ў літургіі на працягу года. Пантыфік заахвочвае пазбягаць агульных і абстрактных гамілій або тых, што больш прыцягваюць увагу да прамоўцы, чым да сутнасці евангельскага паслання. «У цэнтры любой гаміліі павінен быць Хрыстус», — падкрэслівае Папа.

У адгартацыі звяртаецца ўвага і на асаблівае значэнне, якое мае для хрысціянаў Святая Зямля. У гэтым рэгіёне, нягледзячы на вялікія цяжкасці, павінна існаваць хрысціянская супольнасць, а жыхары Святой Зямлі павінны «быць для паўсюднага Касцёла не толькі святлом веры, але і зачынам згоды, мудрасці і раўнавагі ў жыцці грамадства».

Святы Айцец заахвочвае да рэалізацыі выслуханага слова ва ўчынках любові, бо толькі такім чынам абвяшчэнне Евангелля становіцца сапраўдным. Ён гаворыць таксама пра значэнне Божага слова ў абуджэнні пакліканняў да кансэкраванага жыцця, неабходнасць яго абвяшчэння імігрантам у краінах з хрысціянскай традыцыяй, абвяшчэння Пісання хворым і ўбогім і выкарыстанне Божага слова для навучання чалавека разуменню сапраўднай прыгажосці ва ўсім створаным.

У адгартацыі гаворыцца пра зна­чэнне Святога Пісання ў міжрэлігійным дыялогу, важнасці таго, каб рэлігіі ў секулярызаваных грамадствах папулярызавалі разуменне знаходжання ў Богу крыніцы маральнасці і паўсюднага братэрства. Падкрэсліваецца таксама важнасць развіцця дыялогу з ісламам, у якім увасоблены многія постаці, сімвалы і тэмы Бібліі, а епіскапаты заахвочваюцца да дапамогі ў арганізацыі сустрэчаў з мэтаю ўзаемапазнання хрысціянаў і мусульманаў.

Апостальская адгартацыя «Ver­­bum Domini» з’яўляецца другім дакументам Бэнэдыкта XVI такога роду. Першая — «Sacramentum caritatis» (ад 22 лютага 2007 г.) — была падсумаваннем вынікаў ХІ Звычайнага агульнага пасяджэння Сіноду Біскупаў, якое прахо­дзіла ў Ватыкане 2–23 кастрычніка 2005 г. па тэме «Эўхарыстыя як крыніца і вяршыня жыцця і місіі Касцёла».

Пантыфікат новай евангелізацыі

«Неабходнасць новай евангелізацыі становіцца ўсё больш выразнаю нотаю сучаснага пантыфі­кату», — такімі словамі арцыбіскуп Рыно Фісчэлла пракаментаваў аб’яву Бэнэдыкта ХVI аб скліканні ў 2012 годзе Звычайнага пася­джэння Сіноду Біскупаў, прысвечанага менавіта гэтай тэме. 

Старшыня новастворанай Пап­скай рады па справах новай евангелізацыі падкрэсліў, што гэ­та падзея актывізуе не толькі ўвесь епіскапат, але і свецкіх, якія часта бываюць у тых мясцінах, куды святар або сястра законная ніколі не змогуць трапіць. Арцыбіскуп Фіс­чэлла зазначыў, што чарговае рашэнне Папы з’яўляецца вынікам яго жадання нястомна несці сучаснаму чалавеку Евангелле Хрыста. Ёсць некалькі фундаментальных думак, якія адразу згадваюцца тады, калі размова ідзе пра погляды Папы. Перш за ўсё — жаданне аднавіць усё тое, што можна назваць здольнасцю Касцёла несці сучаснаму чалавеку Евангелле. Невыпадкова ўсё часцей ужо гаворыцца не пра крызіс разумення Бога, а пра пустыню, у якой жывуць сучасныя людзі. Так адбываецца, бо чалавек, аддаляючыся ад Бога, зусім не знаходзіць таго, што шукаў. Ён усё больш замыкаецца ў сабе і не можа рэалізаваць свае жаданні. Чалавеку патрэбны Бог. Ва ўсё больш секулярызаваным грамадстве неабходна ўзні­маць тэму суадносінаў веры і на­дзеі. Адкрыццё праўды не выключае ў гэтым вымярэнні сустрэчы з Богам. З’ява секулярызацыі павін­на вывучацца, бо надышоў час, каб рашуча адказаць на яе.

Кіраўнік ватыканскага аддзела, які адказвае за новую еванге­лізацыю, лічыць, што Касцёл па­вінен мець агульнае пасланне — на розных мовах, для розных традыцый і абрадаў, у цэнтры ўвагі якога павінен быць Езус.

Паведамленне з 45-га Пленарнага пасяджэння Канферэнцыі Каталіцкіх Біскупаў у Беларусі

45-е Пленарнае пасяджэнне Канферэнцыі Каталіцкіх Біскупаў у Беларусі адбылося 16 снежня 2010 г. у памяшканні Сакратарыята ККББ. На пасяджэнні прысут­нічалі таксама Апостальскі Нунцый у Беларусі арцыбіскуп Марцін Відавіч, Апостальскі візітатар для грэка-католікаў у Беларусі архімандрыт Сяргей Гаек МІС.

1. Прысутныя абмеркавалі праект новых статутаў ККББ.

2. Былі разгледжаны тэксты ста­тутаў санктуарыяў: нацыянальнага і дыяцэзіяльных.

3. Абмеркаваны крытэрыі ўдзелу моладзі з розных дыяцэзій Беларусі ў Сусветных днях моладзі, якія будуць праходзіць у Мадры­дзе з 11 жніўня 2011 года.

4. Была прадстаўлена інфармацыя аб праграме падрыхтоўкі да Сусветнай сустрэчы сем’яў у Мілане ў 2012 годзе.

5. Азнаёміліся з інфармацыяй аб Кангрэсе сем’яў, які праходзіў у Рыме з 27 па 29 лістапада пад кіраўніцтвам кардынала Энніо Антанэллі, старшыні Папскай рады па справах сям’і.

6. Азнаёміліся таксама з ін­фар­мацыяй аб пад­рыхтоўцы да канферэнцыі су­працоўнікаў мас-медыя, якая прой­дзе 13 мая 

2011 г. у Мінску з удзелам арцы­біскупа Клаўдыё Ма­рыя Чэллі, старшыні Папскай рады па сродках масавай камунікацыі.

7. Былі абмеркаваны даты свят­кавання 20-годдзя Мінска-Магілёўскай Мітраполіі (19 чэрвеня 2011 г.) і 20-годдзя стварэння Гро­дзенскай дыяцэзіі.

8. Прысутныя прынялі да ве­дама, што тытул катэдральнага касцёла Віцебскай дыяцэзіі бу­дзе перанесены з касцёла святой Барбары і нададзены касцёлу Езуса Міласэрнага. Урачыстасці з гэтай нагоды запланаваны на 18 чэрвеня.

9. Біскупы зацвердзілі тэкст паведамлення на свята Святой Сям’і з Назарэта.

Цэтлікі: Падзеі

Мы вельмі радыя
бачыць вас на сайце
часопіса «Ave Maria».
Гэта плён працы
неабыякавых людзей,
якія з радасцю ствараюць
гэты часопіс для вас.

Падпіска
Ахвяраванні

Сайт часопіса „Ave Maria“ Мінска-Магілёўскай архідыяцэзіі Рыма-каталіцкага Касцёла ў Беларусі

Часопіс існуе дзякуючы вашым ахвяраванням. Сёння мы просім вашай дапамогі — нават невялікая сума падтрымае нас.

Падрабязней