Біблія лечыць

 

Біблія лечыць

Паводле доктара Дона Гольберта, аўтара серыі кніг «Біблія лечыць» (ЗША).

Чаго мы найчасцей просім у Пана Бога? Напэўна, зда­роўя. Калі найчасцей звяртаемся да Яго? Калі хварэем. І не толькі таму, што тады ў нас больш часу, але і таму, што тады нам робіцца страшна, мы пачынаем цаніць дар здароўя, які не надта і заўважалі, калі яго мелі. Як і з паветрам: хапае нам кіслароду, хто тады памятае пра яго? А калі раптам забра­кне паветра, адразу ацэнім, наколькі яно важнае для нас.

Ты хварэеш і не ведаеш, ці табе мірыцца з гэтым станам ці «ваяваць»? Але нават калі ты вельмі моцна хварэеш, то зразумей, калі ласка, што дзве вельмі магутныя сілы даступныя для цябе заўсёды. Гэта сіла веры і сіла малітвы. Бо праз веру і малітву кожны чалавек можа дакрануцца да Бога.

Біблія абяцае аздараўленне тым, хто моліцца і просіць яго ў Пана Бога. «Потым Езус знайшоў яго [хворага] ў святыні і сказаў яму: Вось ты выздаравеў. Не грашы больш, каб не здарылася з табою чаго горшага. Чалавек гэты пайшоў, расказаў юдэям, што гэта Езус аздаравіў яго. Таму юдэі пераследавалі Езуса, бо Ён зрабіў гэта ў шабат» (Ян 5, 14–15).

А цяпер прыгадай, ці пра­сіў ты кагосьці, каб ён разам з табою маліўся за тваё здароўе? Падумай, каго ты можаш за­прасіць да такой малітвы. Калі ж пакуль што нікога такога не можаш прыгадаць, сам схілі ў пакоры галаву і папрасі ўслед за прарокам: «Пан уратуе мяне. Дык мы граць Яму бу­дзем песні на струнах ва ўсе дні жыцця нашага ў святыні Пана» (пар. Іс 38, 20).

Кожнаму хвораму вельмі важна памятаць, што Пан Бог мае для яго добрыя планы. Таму кіруйся, калі ласка, у жыцці абяцаннем Пана Бога, пераказаным нам прарокам Ераміяй: «Бо толькі Я ведаю намеры, якія маю пра вас, кажа Пан, намеры на дабро, а не на згубу, каб даць вам будучыню, якую чакаеце. І бу­дзеце клікаць Мяне, узносячы да Мяне свае малітвы, і Я пачую вас. І будзеце Мяне шукаць, і знойдзеце Мяне, бо бу­дзеце шукаць Мяне ўсім сэрцам» (пар. Ер 29, 11–13).

Пан Бог мае добрыя намеры. Ён хоча, каб ты меў жыц­цё ў поўні, якое абапіраецца таксама на штораз лепшае па­знаванне Яго. І гэта сапраўдны скарб. І яшчэ ты можаш пазнаць Бога як Нябеснага Айца, які любіць цябе больш, чым ты можаш гэта сабе ўявіць. І таму поўня радасці, якая бярэцца з пазнавання Яго, не паддаецца ніякаму тлумачэнню. Дык не проста звыклымі словамі, але ўсёй глыбінёю свайго сэрца за­прасі Езуса, каб Ён і толькі Ён стаў тваім Панам.

І яшчэ вельмі важна ведаць, што незалежна ад таго, як ты жыў дагэтуль, колькі нядобрага зрабіў, якія грахі ўчыніў, Ён гатовы табе ўсё прабачыць. Прабачыць і... забыць. Таму ты можаш прасіць Яго аб гэтым. Пасля таго, вядома, як сам прааналізуеш усё кепскае, што зрабіў, і прый­дзеш у пакоры да канфесіянала, каб папрасіць за ўсё прабачэння.

Таму з вераю звяртайся да Бога з усімі сваімі праблемамі, маліся, чытай Святое Пісанне, каб мог ісці дарогай біб­лій­най тэрапіі. Калі ты зробіш гэта, веру, што зведаеш аздараўленне твайго цела, розуму і духу!

Падрыхтавала 

Ірына Жарнасек.

Мы вельмі радыя
бачыць вас на сайце
часопіса «Ave Maria».
Гэта плён працы
неабыякавых людзей,
якія з радасцю ствараюць
гэты часопіс для вас.

Падпіска
Ахвяраванні

Сайт часопіса „Ave Maria“ Мінска-Магілёўскай архідыяцэзіі Рыма-каталіцкага Касцёла ў Беларусі

Часопіс існуе дзякуючы вашым ахвяраванням. Сёння мы просім вашай дапамогі — нават невялікая сума падтрымае нас.

Падрабязней