Радасць, якая лунала ў паветры, або Аповед пра кансэкрацыю касцёла ў Беразінскім

31 жніўня Мітрапаліт Мінска-Магілёўскі арцыбіскуп Тадэвуш Кандрусевіч кансэкраваў касцёл Божага Цела ў Беразінскім.

Калі мы з сяброўкай прыехалі ў Беразінскае, першае, што я ўбачыла перад тым як увайсці ў новы касцёл, — гэта плот, высокі такі, дабротны. Абышлі яго і ўбачылі чалавека, які ветліва ўсміхаўся. Мы адразу яго пазналі: гэта быў ксёндз Сяргей Бараўнёў — пробашч парафіі Божага Цела.

Кс. Сяргей параіў нам звярнуцца да Ірыны Руткоўскай, маўляў, яна ўсё ведае і ўсё раскажа. Спадарыня Ірына стаяла з правага боку касцёла, «заціснутая» столікам з кніжачкамі, якія яна прадавала, каб збіраць ахвяраванні на касцёл. Пазнаёмі­ліся, разгаварыліся. Спадарыня Ірына, тэрцыярка Маці Божай Прыгожай Любові, расказала мне, што ўсё пачалося, калі да іх прыехаў малады святар Сяргей Бараўнёў.

«Мы вельмі ўзрадаваліся! Радасць ахапіла нас таму, што тут, у Беразінскім, даўно не было святара, бо стары касцёл святой Ганны быў разбураны. Парафіяне папрасілі святара пабудаваць святыню: на новым месцы — новы касцёл. Калісьці тут быў сад, квітнелі яблыні, цяпер жа ўвогуле была пустка. А зімою ксёндз прыйшоў менавіта сюды, паглядзеў і кажа: тут будзе святыня. І ўсё пачалося: звярнуліся да ўладаў, каб аддалі гэты былы сад пад будову. Дазволілі. Купілі праект, доўга-доўга збіралі грошы, але ўсё ж-такі распачалі будову гэтага касцёла. Наталля Марцінкевіч сама выкарчоўвала карані ўсіх дрэваў, а перад гэтым прасіла знаёмых, каб іх спілавалі. Нанялі будаўнікоў, якія пачалі капаць катлаван, а ўсё астатняе дапамагалі зрабіць парафіяне. Стараліся ўсе. Пачыналі з нічога. Нашыя нават вельмі пажылыя парафіяне падавалі цэглу, цягалі цяжкія мяшкі. Шмат з іх, на жаль, не дажыло да гэтага радаснага дня, сярод іх — Жабінскі Адольф, сям’я Наркевічаў… Я, калі праязджала побач з будоўляй і бачыла, што прывезлі цэглу, абавязкова бегла дапамагаць. Спачатку паддоны дапамагала разгружаць, потым тэлефанавала іншым парафіянам: прыбягалі і выгружалі ўсе разам (станавіліся ланцужком)… Тынкавала святыню ад пачатку да канца я (сціпла ўсміхаецца). З пачатку будаўніцтва тут практычна ўсё мае рукі: тынкоўка, малярскія працы, грунтоўка. І, дзякуючы Богу, мы ўсе разам пабудавалі гэты касцёл (глядзіць на яго з захапленнем і слязьмі на вачах). Канешне, шмат яшчэ не дароблена: неаб­ходна завяршыць сакрыстыю, добраўпарадкаваць дом для святароў. Мы вельмі рады, што дзякуючы нашаму ксяндзу Сяргею Бараўнёву, яго намаганням, яго руплівасці нарадзіўся новы касцёл. Як у народзе кажуць, «новы Езус нарадзіўся». Дзякуючы нашай веры і намаганням вернікаў і ў нашай вёсачцы ёсць святыня, цяпер не трэба лю­дзям ехаць у Маладзечна ці ў Палачаны, каб быць на Імшы...»

...Пакуль касцёл быў паўпусты, я пачала «лётаць» і рабіць здымкі. Мне падабалася ўсё: алтар, лавачкі, на якіх сядзелі і маліліся бабулі, сакрыстыя, пакоік, дзе можна папіць кавы, і г.д. Калі рабі­ла фотаздымкі, убачыла міністранта і папрасіла яго сказаць мне, што азначае для яго дзень кансэкрацыі касцёла. «Гэты дзень для мяне азначае, што ён будзе толькі адзін раз у жыцці. Некаторыя моманты будуць паўтарацца шмат разоў, а гэтага больш ніколі не будзе... Раней у нас не было касцёла, а цяпер я вельмі рады, што з’явіўся такі прыгожы, вялікі — нават людзі ідуць да нас, каб паглядзець на наш касцёл. З Мала­дзечна прый­шла невялікая пілігрымка». Гэтага хлопца завуць Андрэй Макрыцкі, прыгожым, амаль настаўніцкім почыркам ён напісаў сваё імя на залацістай візітоўцы касцёла і аддаў мне, каб я не забылася...

Потым я пазнаёмілася са старэйшымі міні­странтамі. Адзін з іх на пытанне пра яго пачуцці ў гэты дзень адказаў толькі адным словам: «Радасць». Потым я даведалася, што яго завуць Ян Марцінкевіч, і, як высветлілася, я даўно ведаю яго маці Наталлю, пра якую згадвала вышэй. І я з ім згодная, бо менавіта радасць лунала ў паветры ў гэты дзень на тэрыторыі новай святыні.

Падчас гаміліі арцыбіскуп Тадэвуш Кандрусевіч сказаў: «Сардэчна вітаю ўсіх вас на гэтай урачыстасці, прысвечанай кансэкрацыі новага касцёла Божага Цела ў Беразінскім. Добра памятаю свой візіт у гэтую парафію некалькі гадоў таму. Памятаю пажаданні вернікаў мець свой дом малітвы. Памятаю таксама і падобныя пажаданні мясцовай улады. Касцёл — гэта месца спаткання чалавека з Богам, месца яго духоўнай фармацыі, і таму ўсім хочацца мець яго, каб на евангельскіх каштоўнасцях выхоўваць новых грамадзянаў. Вернік — гэта не толькі член Касцёла, але таксама грамадзянін, і грамадству добра, калі ён высакародны, справядлівы, міласэрны — словам, калі ён будуе сваё жыццё на духоўным падмурку…

Новы касцёл з цэглы пабудаваны і сёння кансэкруецца. Цяпер мы павінны  праз слуханне Божага слова і цэлебрацыю сакрамэнтаў, асабліва Эўхарыстыі, будаваць жывы Касцёл, цаглінамі якога з’яўляюцца нашы душы. Таму не забудземся сюды дарогі. Тут нас чакае Хрыстус, адзіны Збаўца свету. Спатканне з Ім дае веру, якая, як навучае папа Францішак у сваёй першай энцыкліцы “Lumen fidei” («Святло веры»), свеціць у цемры і не дае нам заблудзіцца; дапамагае адрозніць дабро ад зла, асвятляе супольнае жыццё, суцяшае ў цярпеннях і вядзе да сапраўднага шчасця», — сказаў Яго Эксцэленцыя напрыканцы гаміліі.

Прыехала дамоў радасная... А «рамантыка» скончылася, калі я ўсвядоміла, што трэба ўсё гэта сабраць «у кучу» і напісаць у гэты цудоўны часопіс, які Вы трымаеце ў руках. Аднак знайшоўся добры хлопчык — Санька Чэрнак, які паслухаў запіс на дыктафоне і пераслаў мне на электронную скрынку вордаўскі файл. А што атрымалася, тое і атрымалася...

Людміла Бурлевіч.

Фота Генадзя Буракоўскага.

 

Мы вельмі радыя
бачыць вас на сайце
часопіса «Ave Maria».
Гэта плён працы
неабыякавых людзей,
якія з радасцю ствараюць
гэты часопіс для вас.

Падпіска
Ахвяраванні

Сайт часопіса „Ave Maria“ Мінска-Магілёўскай архідыяцэзіі Рыма-каталіцкага Касцёла ў Беларусі

Часопіс існуе дзякуючы вашым ахвяраванням. Сёння мы просім вашай дапамогі — нават невялікая сума падтрымае нас.

Падрабязней