Праз лабірынты чужой веры

Вядома, што вырвацца з секты неверагодна цяжка, тым больш, калі трапіў туды яшчэ ў дзяцінстве. Тут патрэбна асаблівая Божая ласка, а таксама цвёрдая воля самаго чалавека. Мікола Бадрусёў трапіў у секту мармонаў (царква Езуса Хрыста апошніх святых дзён) у 13 гадоў. З часам стаў прапаведнікам ідэяў гэтай рэлігійнай супольнасці. Але прыйшло пра­святленне. Восем гадоў таму ён прыняў каталіцкую веру і амаль ужо два гады актыўна займаецца апостальскай працай у Ле­гіёне Марыі. 

— Мікола, я ведаю, што твой шлях да Касцёла пралягаў праз лабірынты іншых рэлігійных супольнасцяў. Каб зразумець, чаму так адбывалася, думаю, трэба звярнуцца да тваіх каранёў...

— Мая мама — мінчанка, а тата родам з Быхаўскага раёна, што на Магілёўшчыне. Бацькі паходзілі з сем’яў, якія не практыкавалі веру. Дзед па бацьку прайшоў вайну і ста­лінскі ГУЛАГ. Падчас службы ў войску лёс звёў майго тату з баптыстамі. Ён быў нават знаёмы з Іванам Маісеевым, якога спецслужбы замучылі да смерці за тое, што меў пры сабе Новы Запавет і не хацеў з ім развітвацца. Пасля службы бацька два гады правёў у Жыровіцкім манастыры як паслушнік. Аднак зноў на яго шляху сустрэліся баптысты, і ён пайшоў да іх. Праз некаторы час расчараваўся. Пазна­ёміўся з амерыканскімі мармонамі і пачаў хадзіць у іх супольнасць. Дзяцей таксама браў з сабою, дарэчы, нас у сям’і шасцёра. Мне тады было 13 гадоў. Бацька хутка раза­браўся, што вучэнне гэтай супольнасці нішто іншае, як ерась, і адышоў ад іх. А мы, дзеці, пазнаходзілі там сяброў і не хацелі з імі развітвацца. Аднак тата прымусіў. На гэты раз у сваіх духоўных пошуках ён трапіў да лютэранаў. Нас таксама туды вадзіў. З часам ён стаў нават пастарам і да канца сваіх дзён ім заставаўся. Зрэшты бацька быў экуменічным чалавекам. Шмат чытаў пра святых ай­цоў. У нас у хаце віселі абразы Маці Божай і Міколы Цудатворцы.

— Як доўга ты быў лютэранінам?

— Два гады. А потым я захапіўся ідэямі беларускасці. Крыўдна было за мову і за дзяржаву.  Мы ў сям’і заўсёды размаўлялі на беларускай мове. Аднак, калі пачаў чытаць духоўную літаратуру, зразумеў, што нацыяналізм не можа быць галоўнай ідэяй і сэнсам жыцця. Мова павінна служыць людзям, а не наадварот... Я па-ранейшаму размаўляю на роднай мове, але нікога не асуджаю за рускую. Да ўсяго трэба дарастаць.

— Што было пасля таго, як ты адышоў ад лютэранскай царквы? 

— Мне было 17 гадоў, і я пачаў інтэнсіўна шукаць жывога Бога. Вярнуўся  да мармонаў. Там мяне і ахрысцілі. Бацька ў штыкі ўспрыняў мой выбар: забараняў, караў, нават біў. Але менавіта ў мармонаў я зразумеў, што абавязкова трэба гаварыць іншым пра Бога. Там даведаўся і пра сваё місіянерскае пакліканне: у мармонаў табе пра яго гавораць старэйшыя, а ты альбо прымаеш гэта, альбо не. Я адразу ж згадзіўся і, сапраўды, хутка адчуў пакліканне да прапаведавання. Цэлы год быў мясцовым місіянерам і прысвячаў гэтаму служэнню ад 4-х да 10-ці гадзінаў у ты­дзень.

— А вучоба ці праца нейкім чынам упісваліся ў рамкі твайго апостальства?

— Так. Пасля сярэдняй школы я скончыў вучэльню бытавога абслугоўвання і атрымаў спецыяльнасць май­стра па рамонце абутку. Пачаў працаваць.

— Чаму быў менавіта такі выбар? Цяжка паверыць, што ты меў у школе праблемы з вучобай.

— З дакладнымі навукамі былі пэўныя цяжкасці, а вось да гуманітарных я меў здольнасці. Мог бы далей вучыцца ў гэтым кірунку, але заўсёды хацеў быць простым рабочым. Дарэчы, мой бацька ўсё жыццё працаваў тэрмістам на трактарным заводзе і гэта не перашкаджала яму быць пастарам у царкве.

— Ты вучыўся, працаваў і адначасова цэлы год займаўся місіянерствам. Што было далей? 

— Паўтары гады служыў у войску, а потым на два гады паехаў на місіі так званага поў­нага дня — цэлы дзень зай­маешся прапаведаваннем і жывеш за кошт місіянерскага фонду. Паўтары гады быў на Украіне — Кіеў, Бравары, Адэса, Чаркасы. Вось там упершыню пачаў сумнявацца ў «Кнізе мармонаў».

Заснавальнікам гэтай рэ­лігійнай супольнасці быў амерыканец Джозаф Сміт. На падставе старажытных паданняў, якія яму нібыта «дапамаглі расшыфраваць анёлы», ён напісаў некалькі кніг. Асноўныя — «Кніга мармонаў», «Вучэнні і запаветы», «Каштоўная пярліна». У некаторых з іх ерась вельмі завуаліраваная, а ў некаторых — яўная. Ён піша, напрыклад, што людзі ў свой час стануць багамі, будуць ствараць новыя планеты, а таксама духаў, якія будуць ім пакланяцца. Гэта «светлая будучыня» — для дасканалых людзей, а каб стаць «дасканалым», трэба прайсці пэўныя рытуалы ў храмах мармонаў. Я быў у такім храме ў Кіеве. Там табе даюць тайнае імя, паказваюць тайныя знакі. Даюць бялізну з гэтымі знакамі, і ты павінен насіць яе пад адзеннем, каб ніхто не бачыў. Знакі — яўна масонскія! Пасля гэтага так званага храма я стаў вельмі сумнявацца ў марманізме і расказаў пра сумнівы свайму напарніку, украінцу Юрыю Кандыбу. Ён сказаў, што перажывае тое самае.  Неўзабаве, наведваючы кватэры, мы сустрэлі жанчыну з секты Іеговы, якая з намі вельмі спрачалася, даказваючы ісціннасць іх супольнасці. Мы вырашылі ўвечары прачытаць кні­гу «Ашуканцы» Джоша Мак­даўэла, якую меў пры сабе мой напарнік, а потым пайсці да той жанчыны і пераканаць яе. У кнізе мы адразу трапілі на апісанне секты мармонаў. Шмат карыснага даведаліся ў той вечар, у тым ліку і пра фальшывыя прароцтвы Джозафа Сміта. Раніцаю знялі свае бэйджыкі місіянераў-мармонаў і не пашлі прапаведаваць. Цэлымі днямі чыталі Біблію. Ужо і самі знайшлі шмат ерасі ў мармонаў. Вырашылі, што да  людзей пойдзем толькі з Новым Запаветам. Потым мы шчыра ўсё расказалі свайму кіраўніцтву. Мяне для «ўмацавання ў веры» адправілі ў Новасібірск і Краснаярск. Аднак я не вярнуўся да ідэяў марманізму. Калі тэрмін маёй місіі скончыўся, я прыехаў у Мінск.

— Можна ўявіць, як цяжка было тваёй душы на чарговых ростанях. Ці доўгім быў перыяд новых пошукаў?

— Цэлы год я не хадзіў ні ў якую царкву. Чытаў вельмі шмат духоўнай літаратуры, душа паволі схілялася да каталіцызму. Дарэчы, мармоны вучаць, што Царква павінна быць адзінаю, бо Хрыстус за­снаваў адну Царкву, а не шмат. Аднак грэх чалавека прывёў да падзелаў. Я ўсё больш упэўніваўся ў тым, што менавіта Касцёл і ёсць тая адзіная Царква, астатнія ж — вынік расколу. І менавіта ў Касцёле 

адзіны пастыр — Папа Рым­скі, наступнік святога Пятра. Умацавацца ў  гэтым мне вель­мі дапамагла кніга французскага святога а. Цівалье «Спадарожнік шукальніка праўды». Аднойчы ў касцёле святога Роха я сказаў маладому святару, што хачу стаць католікам.  Даведаўшыся, што я быў мармонам, ён спалохаўся і адправіў мяне да біскупа. Было вельмі крыўдна. Я ду­маў: якая розніца, кім я быў, я ж прыйшоў пакаяцца! Але пайшоў у катэдру. Біскупа не знайшоў, але ўбачыў у пустым касцёле пажылога ксяндза, які маліўся. Гэта быў ксёндз Альберт Масальскі. Я загаварыў з ім. Ён пахваліў мяне за выбар і параіў ісці на катэхезу да Ганны Раманаўны. Я так і зрабіў. А 11 верасня 2004 года ва ўзросце 24 гадоў я прыняў сакрамэнт хросту.

— Мяркуючы па тваім характары, думаю, што пасіўным вернікам ты не быў?

— Для мяне Царква — гэта супольнасць. Калі б я на той час заставаўся адзін, магчыма, адышоў бы і ад Касцёла. Але Пан Бог паслаў мне сяброў з  каталіцкай супольнасці «Каштоўная пярліна», якія мяне вельмі падтрымлівалі. Я, напрыклад, доўга не мог прыняць культу Дзевы Марыі. Было незразумела, чаму католікі так шмат моляцца да Маці Божай, аднак, дзякуючы супольнасці, я ўмацаваўся ў веры, пераадолеў розныя спакусы і сумнівы. З сябрамі «Каштоўнай пярліны» і яе духоўным кіраўніком кс. Ірэнэўшам ездзіў два разы ва Узбекістан і Казахстан, дзе мы праводзілі рэкалекцыі для моладзі. Я прагнуў быць мі­сіянерам і не мог заглушыць у сабе голасу: «Ідзі і абвяшчай Евангелле».

— Пра святарскае пакліканне не думаў?

— Думаў, і вельмі сур’ёзна. А вось пра жаніцьбу — не. Пачаў моцна маліцца, каб Пан Бог паказаў мой шлях. Неўзабаве на святой Імшы ў катэдры заўважыў дзяўчыну. Аказалася, што яна з Гомеля і працуе там у «Карытасе». Пазнаёміліся, перазвоньваліся, су­стракаліся, а праз паўгода ажаніліся.

— Місіянерскае пакліканне пасля шлюбу не прапала?

— Не. Толькі я не ведаў, як яго рэалізоўваць. Аднойчы ў Гомелі сустрэў сястру Кацярыну з супольнасці св. маці Тэрэзы з Калькуты і расказаў ёй пра свае перажыванні. Яна мне дала цудоўныя медалікі Маці Божай і сказала: «Раздавай. Ты быў місіянерам у сектантаў, цяпер ідзі і прапаведуй як католік». А медалік гэты, сапраўды, цудоўны, бо як толькі я павесіў яго сабе на шыю, хутка ўсё пачало праясняцца. Раптам з’явілася жаданне ўступіць у Легіён Ма­рыі. Неўзабаве мне ў рукі трапляе кніга святога Людо­віка-Марыя Грыньён дэ Манфора «Трактат об истинном почитании Девы Марии». Гэ­та кніга зрабіла пераварот у маёй душы адносна Маці Божай, і я па-сапраўднаму адчуў Яе Матчыну апеку і любоў. Вось ужо два гады, як я — ле­гіянер Марыі. Нарэшце мой дух адшукаў супакой! Абавязак легіянера — не менш за дзве гадзіны ў тыдзень займацца апостальскай працай. Добра ведаю: калі гэта пакліканне ад Бога, табе не пера­шкаджаюць ні праца, ні жонка, ні двое маленькіх дзяцей. Бог дае час на ўсё.

— Як твой бацька, лютэранскі пастар, успрыняў навяртанне свайго «блуднага сына» ў каталіцкую веру?

— Вельмі станоўча. Тое, што я стану католікам, ён, аказваецца, бачыў у сне, калі я быў з мармонамі на місіях (гэта потым сястра расказала мне). Тата памёр два гады таму, благаславіўшы мой выбар.

— Дзякуй, Мікола, за размову і за тваё цікавае сведчанне.

 

Размаўляла Галіна Калевіч. 

Мы вельмі радыя
бачыць вас на сайце
часопіса «Ave Maria».
Гэта плён працы
неабыякавых людзей,
якія з радасцю ствараюць
гэты часопіс для вас.

Падпіска
Ахвяраванні

Сайт часопіса „Ave Maria“ Мінска-Магілёўскай архідыяцэзіі Рыма-каталіцкага Касцёла ў Беларусі

Часопіс існуе дзякуючы вашым ахвяраванням. Сёння мы просім вашай дапамогі — нават невялікая сума падтрымае нас.

Падрабязней