Мудрыя формулы спакою і любові. Пра кнігу Хрысціны Лялько «Адвячорак»

«Калі б з Табою гаварыць не ўмела, то анямела б…» — усяго некалькі словаў, а за імі — увесь чалавек, увесь свет, усё жыццё… Гэта маленькі верш-выслоўе з новай кнігі Хрысціны Лялько «Адвячорак», прымеркаванай да юбілею аўтаркі. «Вершы можна выдыхнуць як нечаканае і чаканае пачуццё, як боль і радасць… Верш — гэта заў­сёды маленькі цуд…» — піша ў прадмове да кнігі спадарыня Хрысціна. І калі чытаеш яе кнігу, абсалютна пераконваешся ў гэтым, бо кожны верш, як і працытаваны на пачатку радок, перадае мноства разнастайных перажыванняў, нават праз сціслае выказванне распавядае пра нявыказанае. 

Першую частку кнігі «Ад­вячорак» (Мінск, «Pro Christo», 2016) склалі вершы розных гадоў, але ўсе яны аб’яднаныя агульнаю та­нальнасцю шчырасці, спакою, пакоры душы перад лёсам і… смеласцю адкрыцца перад чытачом. Аўтарка дзеліцца глыбокім роздумам і пра час, які «заблытаўся ў старым пакурчаным голлі», і пра «тых, што адышлі ў веч­насць». Яе лірычная гераіня нібы ходзіць па родным хутары, «трымаючыся за ўспаміны» і чэрпаючы сілы жыць далей, вандруе ў «гатычны Гданьск», у «стольную Вільню» і вяртаецца «ў Ліду па вершы». Музыка вершаў Хрысціны Лялько прасветлая і чыстая, спакойная і адначасова напоўненая пераліўнымі галасамі пачуццяў — сапраўды, як летні адвячорак, асветлены яшчэ яркім, але ўжо не пякучым сонцам, напоўнены безліччу галасоў прыроды і яе пахаў…

«Адвячоркі бываюць розныя — ціхія, цёплыя і марозныя…» — распачынае Хрысціна Лялько свой сімвалічны верш, якім заканчваецца першая частка кнігі і адкрываецца другая — пераклады з польскае мовы. Сімвалічны, бо ў кожнага чалавека — свой «адвячорак», як і ў кожнага паэта — свая музыка вершаў. У гэтым раздзеле пераствораныя па-беларуску вершы Караля Вайтылы (Яна Паў­ла ІІ), кс. Яна Твардоўскага, Чэслава Мілаша, кс. Яна Соханя, кс. Ежы Шыміка, кс. Вацлава Бурылы і іншых польскіх паэтаў, творчасць якіх у той ці іншы перыяд уваходзіла ў жыццё аўтаркі і не пакінула яе абыякаваю. Нягледзячы на тое, што кожны з гэтых майстроў слова па-свойму перажывае  «дзень», «адвячорак» і «вечар» жыцця, іх творы ў многім роднасныя паэзіі самой перакладчыцы: у іх тая ж любоў да Бога, свайго Творцы, тая ж чуласць і тая ж пакора, якая з кожнага «маленькага няшчасця, патрэбнага для шчасця» (кс. Ян Твардоўскі), выводзіць для сябе мудрую формулу спакою.

Усіх, хто жадае далучыцца да гэтага жыццёвага роздуму,
да гэтых перажыванняў і радасці, запрашаем
па новы зборнік Хрысціны Лялько ў краму «Духоўная кніга»
(г. Мінск, вул. М. Багдановіча, 25, тэл.: (017) 293-17-53).


Ганна Шаўчэнка

Мы вельмі радыя
бачыць вас на сайце
часопіса «Ave Maria».
Гэта плён працы
неабыякавых людзей,
якія з радасцю ствараюць
гэты часопіс для вас.

Падпіска
Ахвяраванні

Сайт часопіса „Ave Maria“ Мінска-Магілёўскай архідыяцэзіі Рыма-каталіцкага Касцёла ў Беларусі

Часопіс існуе дзякуючы вашым ахвяраванням. Сёння мы просім вашай дапамогі — нават невялікая сума падтрымае нас.

Падрабязней