Палітычны метад адмаўлення ад насілля прывядзе да міру

Пагроза міру на сённяшні дзень - гэта ўжо не праблема нейкіх далёкіх краінаў, гэта тая рэальнасць, якая закранае нас і на якую заплюшчыць вочы немагчыма. Зразумела, што вайна  гэта не палітычныя дзеянні, вайна — гэта забойствы і жорсткасць. 


Зусім нядаўна партал tut.by апублікаваў артыкул «„Исламское государство“ назвало имя своего главного врага», дзе прыводзяцца словы звароту радыкальных ісламістаў да Папы Рымскага Францішка: «Мы ненавідзім цябе, таму што ты не верыш у Алаха. Мы ненавідзім цябе за тое, што тваё свецкае і ліберальнае грамадства дазваляе тое, што забараняе Алах». Такога роду пагрозы толькі ўзмацняюць нашу веру ў тое, што Пантыфік робіць усё правільна, калі ўдзяляе шмат увагі тэме захавання міру ў сваіх прамовах, сустрэчах з палітыкамі, закліках аб малітве за мір.

Як паведамляе Беларуская рэдакцыя Ватыканскага радыё, 26 жніўня была абвешчана тэма Сусветнага дня міру, які будзе святкавацца 1 студзеня 2017 г. І гучыць яна так: «Адмаўленне ад насілля: стыль палітыкі на карысць міру». Святы Айцец робіць акцэнт на тым, што «адмаўленне ад насілля можа прымаць больш шырокае і новае значэнне: не толькі памкнення, натхнення, маральнага адмаўлення ад насілля, перашкод, дэструктыўных імпульсаў, але таксама рэалістычнага палітычнага падыходу, адкрытага на надзею». Папа настойліва падкрэслівае, што ў самім палітычным метадзе павінна быць закладзена адмова ад насілля, а гэта ў сваю чаргу прывядзе да «вырашэння супярэчнасцяў праз перамовы, не дазваляючы ім перарасці ва ўзброеныя канфлікты».

У кантэксце тэрарыстычных забойстваў трапна гучаць выказванні арцыбіскупа Багдадскага Луіса Сако: «Мусульмане павінны паказаць свету праўдзівае аблічча ісламу і даказаць, што іх крэда супрацьстаіць усякага роду экстрэмізму» (цытата паводле deon.pl). Арцыбіскуп дадае, што церпячыя пераслед хрысціяне гатовыя супрацоўнічаць з урадамі краінаў і рэлігійнымі лідарамі з мэтаю перамагчы тэрарызм шляхам пашырэння культуры дыялогу, супрацоўніцтва і сустрэч.

Кожная навіна пра чарговыя масавыя забойствы ў свеце павяргае ў шок. У гэтых умовах мы не можам быць бяздзейнымі, проста разводзячы рукамі. Сястра Люцыя, якой аб’яўлялася Багародзіца ў Фаціме, казала ў 1939 г.: «Ад набажэнства першых суботаў залежыць супакой у свеце». Трэцяга верасня, у першую суботу месяца, - другі дзень Агульнабеларускай навэнны да Найсвяцейшай Панны Марыі. Варта аддаць пашану Беззаганнаму сэрцу Марыі, даручаючы Яе апецы ўсіх, ад каго залежыць захаванне міру сярод людзей, усіх, хто па незалежных ад іх прычынах апынуўся ў бядзе.


Воля Качалка
Выкарыстаныя матэрыялы з сайтаў:
tut.by, be.radiovaticana.va, deon.pl

Мы вельмі радыя
бачыць вас на сайце
часопіса «Ave Maria».
Гэта плён працы
неабыякавых людзей,
якія з радасцю ствараюць
гэты часопіс для вас.

Падпіска
Ахвяраванні

Сайт часопіса „Ave Maria“ Мінска-Магілёўскай архідыяцэзіі Рыма-каталіцкага Касцёла ў Беларусі

Часопіс існуе дзякуючы вашым ахвяраванням. Сёння мы просім вашай дапамогі — нават невялікая сума падтрымае нас.

Падрабязней