Маёвыя набажэнствы ўжо з XIII стагоддзя стала ўвайшлі ў традыцыю Каталіцкага Касцёла. На працягу ўсяго месяца мая вернікі збіраюцца на малітву ў касцёлах, капліцах і каля прыдарожных крыжоў, каб разам праслаўляць Маці Божую і прасіць Яе заступніцтва.
Добрай традыцыяй таксама стала выданне кніг з тэкстамі духоўных разважанняў на кожны дзень такіх набажэнстваў: згадаем зборнікі маёвых разважанняў, прысвечаных Эўхарыстыі («Pro Christo», 2005), сужэнскім і сямейным адносінам («Pro Christo», 2002), а таксама кастрычніцкіх (ружанцовых) чытанняў, у якіх рознабакова асвятляецца тэма паклікання («Pro Christo», 2005) або распавядаецца пра жыццё беларускіх святых («Pro Christo», 2001).
Працягвае гэтую плённую традыцыю новая кніга «Маёвых разважанняў», якая выйшла нядаўна ў выдавецтве «Pro Christo». У выбары зместу чытанняў вырашальнымі сталі дзве важныя падзеі: святкаванне Года веры ў Каталіцкім Касцёле і 75-й гадавіны кананізацыі святога Андрэя Баболі. З улікам гэтага разважанні пабудаваныя на раскрыцці асобных пастулатаў Апостальскага сімвалу веры. А паколькі «вера без учынкаў мёртвая» (Як 2, 20), істотная частка кнігі прысвечана навучанню аб учынках міласэрнасці для цела і душы бліжняга.
Выкарыстанне гэтых разважанняў падчас маёвых набажэнстваў ператворыць месяц май у час глыбокіх рэкалекцый для вернікаў, таму што тэксты, падрыхтаваныя святарамі і сёстрамі, звяртаюць нашу ўвагу на рэчы, якія ў штодзённым практыкаванні веры застаюцца як быццам у ценю.
Вось толькі некалькі прыкладаў. На кожнай нядзельнай Імшы і ў асабістай малітве мы прамаўляем словы сімвалу веры — Credo, якім павінны кіравацца ў сваіх духоўных пошуках. І ў той жа час мы рэдка задумваемся над глыбінным сэнсам гэтых вядомых на памяць радкоў. Так, мы вызнаем «веру ў Бога, Айца ўсемагутнага», але ці разважаем пра тое, якім чынам гэтая Божая ўсемагутнасць выяўляецца ў свеце, што нярэдка нам здаецца поўным зла і цярпенняў? Мы сцвярджаем, што верым у «святы Касцёл каталіцкі» і «еднасць святых», але ці напоўніцу разумеем сэнс гэтай еднасці і тое, што азначае само слова «каталіцкі»? Прыкладаў можна прывесці шмат... А лепш скарыстацца новаю кнігаю «Маёвых разважанняў» і абнавіць сваю веру, напоўніць сваё Credo новым зместам.
Гэтае выданне падрыхтавана па ініцыятыве біскупа Пінскай дыяцэзіі Антонія Дзям’янкі і прапануецца на дзвюх мовах — польскай і беларускай, каб святары і свецкія вернікі маглі выкарыстаць яе згодна з патрэбамі сваёй парафіі. Важна і тое, што актуальнасць гэтых разважанняў не знікне з заканчэннем месяца мая — яны могуць стаць багатым матэрыялам для набажэнстваў у іншыя месяцы года, для казанняў, рэкалекцый і проста для прыватнага чытання.
Рэд.