У кнігарні выдавецтва «Про Хрысто», шаноўны чытач, ты можаш пазнаёміцца з новымі хрысціянскімі выданнямі.Дарагая моладзь, намотвай на вус!
Выдадзены тры кнігі айца Юзафа Аўгустына ў перакладзе на рускую мову Ганны Гарбалінскай. Назвы гэтых кніг асабліва павінны зацікавіць моладзь. Напрыклад, «Путеводитель по лабиринтам молодости» («Даведнік па лабірынтах маладосці»).
Шаноўны прадстаўнік моладзі! Звярні ўвагу, можа быць, назвы раздзелаў кнігі — гэта твае тэмы, якія час ад часу, альбо і вельмі часта, віруюць у галаве і не даюць спакою?
- Кожнаму з нас даецца велізарны шанец.
- Ніхто з нас не жыве для сябе.
- Адкрыць, хто ёсць той чалавек, які робіць выбар.
- Навошта я прыбіраю са стала посуд?
І, зразумела, іншыя. (Упэўненая, што апошні прыклад-пытанне не мог не віраваць у нашых галовах!)Другая кніга мае назву «Путеводитель по отцовству» («Даведнік па бацькоўству»), а трэцяя сугучная з другой: «Как любить детей: 12 принципов родительской любви» («Як любіць дзяцей: 12 прынцыпаў бацькоўскай любові»).
Раю набыць і прачытаць гэтыя кнігі. Няхай будучая ці «ўжо» жонка, ці маці прачытае «Як любіць дзяцей…», а будучы ці «ўжо» муж, бацька — «Даведнік па бацькоўству». Потым можна будзе разам абмеркаваць і параўнаць. Чытаюцца яны вельмі хутка і займальна. Каму спадабаліся парады Яцэка Пулікоўскага, таму, хутчэй за ўсё, будуць даспадобы і кнігі айца Юзафа Аўгустына.
Самы розны чытач, увага-ўвага!
Падчас шматлікіх касцёльных спатканняў дзяцей, моладзі і дарослых у нас узнікае шмат пытанняў, якія тычацца святой Імшы. Бабулі і дзядулі ў дзяцінстве казалі так, але на занятках рэлігіі, магчыма, гаворыцца інакш, а цяпер адбыліся новыя змены. Што ні кажы, а хочацца мець канкрэтныя веды, каб не сумнявацца, каб распавесці іншым, каб даць правільнае тлумачэнне сваім дзецям, сябрам ці проста людзям, якія цікавяцца тваёй верай, тваім рэлігійным жыццём. Што ж, «Святая Імша: 100 пытанняў і адказаў» — сама тое, каб запоўніць прабелы і атрымаць дакладную інфармацыю. Шаноўны чытач, але можа ты думаеш, што ўсё ведаеш і гэта кніга будзе непатрэбнаю? Тады адкажы сабе на такія пытанні, каб упэўніцца:
- Што такое эмбалізм?
- Чаму на пачатку Імшы святар цалуе алтар?
- Чаму падчас літургіі слова вернікі сядзяць?
- Што такое гумерал?
- Як разумець словы: «...гэта Цела, выданае за нас, і Кроў, пралітая за нас»?
Калі на ўсе пытанні знаходзяцца дакладныя і грунтоўныя адказы, то, зразумела, гэтую кнігу чытаць неабавязкова. У адваротным жа выпадку — неабходна.
Будзем рады сустрэць цябе, шаноўны чытач, у «Духоўнай кнізе» (г. Мінск, вул. М. Багдановіча, 25), што недалёка ад помніка Максіму Багдановічу. Вялікі беларускі паэт усёй сваёй сур’ёзнай паставай нагадвае пра значэнне слова, мастацтва і Найвышэйшага ў нашым жыцці. Прыходзьце!