Духоўны век святыні

За мурамі грэху ёсць 

святыня, 

Што зазнала недаверкаў 

здзек.

У святыні той абраз 

Марыі,

Над Якой не меў улады грэх.

100-годдзе асвячэння ад­значылі 8 верасня, у свята Нараджэння Багародзіцы, у бабруйскім касцёле Беззаганнага Зачацця Найсвяцейшай Панны Марыі. 

Пабудаваны ў 1906 годзе, дзякуючы ахвярнаму чыну першага пробашча кс. Яна Красоўскага, касцёл быў кансэкраваны толькі праз 6 гадоў, 9 верасня 1912 года. Учыніў кансэкрацыю тагачасны мітрапаліт — арцы­біскуп Вінцэнт Ключынскі. Вось ужо 44 гады касцёл стаіць за мурамі пяціпавярховай каробкі адміністрацыйнага будынка, які ўпалоніў фасад і вежу, ператварыўшы частку святыні ў задворак. На жаль, за 22 гады, што мінулі з часу вяртання касцёла вернікам, справа яго адбудовы пакуль ніяк не вырашана. Панявечаны касцёл — гэта заўсёдны боль кожнага бабруйскага парафіяніна, затое гэтыя два дзесяцігоддзі былі напоўнены багатым духоўным жыццём, якое дазволіла шматлікай згуртаванай грамадзе вернікаў адзначыць святочную падзею.

На ўрачыстую святую Імшу, якая распачалася апоўдні, у Бабруйск прыбыў мітрапаліт Тадэвуш Кандрусевіч. З’ехаліся і святары, якія ўзначальвалі парафію ў мінулым: кс. Раман Факсінскі, кс. Антоні Клімантовіч, кс. Аляксандр Тарасевіч, кс. Генрых Акалатовіч, кс. Уладзімір Русак. На ўрачыстасць таксама прыехалі госці з іншых парафій, сёстры законныя і святары, якія маюць сталае месца ў сэрцах бабруйчанаў: бабруйскі дэкан а. На­танаэль (Войтала), кс. Пётр Шарко, кс. Анатоль Парахневіч, кс. Андрэй Шут, кс. Уладзіслаў Лазар, кс. Уладзіслаў Шышла і кс. Віталь Маргуноў. Завітаў і прадстаўнік Бабруйскай права­слаўнай епархіі а. Віктар.

Распачынаючы св. Імшу, пробашч парафіі кс. Юры Быкаў сардэчна павітаў Яго Эксцэленцыю і ўсіх прысутных. Ён сцісла распавёў гісторыю касцёла, асабліва ўзгадаўшы пра пас­тырскую дзейнасць кс. Яна Красоўскага, пробашча парафіі ў 1901–1912 гады.

Падчас Імшы мітрапаліт звяр­нуўся да прысутных з пра­нікнёным казаннем. Між іншым арцыбіскуп адзначыў: «Езус кажа: калі вы будзеце маўчаць, прамаўляць будуць камяні. І яны прамаўлялі доўгія дзесяцігоддзі. Касцёл стараліся схаваць, але нельга было схаваць веру. Людзі добра ведалі, што знаходзіцца за сценамі новага будынка. Калі часы змяніліся, яны мужна клапаціліся аб вяртанні святыні парафіі. І так сталася, хаця пабудаваны ў савецкія часы будынак па-ранейшаму закрывае касцёл і перашкаджае правядзенню набажэнстваў. Ужо даўно прыйшоў час вярнуць гістарычую справядлівасць і знесці гэты будынак, ад чаго з гістарычнага погляду выйграў бы і горад, і яго жыхары, і госці, асабліва ў перспектыве надыходзячага чэмпіянату свету па хакеі».

На заканчэнні Імшы арцыбіскуп Тадэвуш Кандрусевіч асвяціў першыя тры стацыі новага Крыжовага шляху. Стацыі выкананыя з бронзы за сродкі, ахвяраваныя парафіянамі. Іерарх асвяціў таксама мемарыяльны гранітны барэльеф у гонар кс. Яна Красоў­скага. Святар быў пахаваны ка­ля касцёла, але гэтае надма-гілле было зруйнавана ў канцы 

1930-х гадоў, і месца пахавання вызначыць не ўдалося. У сотую гадавіну з дня смерці асоба выбітнага святара атрымала годнае ўшанаванне ў пабудаванай ім святыні. Стацыі і барэльеф выканаў малады бабруйскі скульптар Яўген Дабравольскі. 

Пасля Імшы з прывітальным словам ад праваслаўнага біскупа Бабруйскага і Быхаўскага Серафіма да вернікаў звярнуўся а. Віктар. Ад уладыкі ён уручыў кс. Юрыю падарункавае выданне Бібліі. Братэрскія абдымкі ка­таліцкага і праваслаўнага святароў нечакана сталіся шматзначным Божым знакам у завяршэн­ні юбілейнай урачыстасці.

Увечары з віншавальнай пра­грамай перад вернікамі і гасцямі свята выступіў вакальны ансамбль з Заслаўя «Anthaem», які быў вельмі цёпла прыняты публікай.

Ціхмянасць постаці ў бляску,

Блакіт плашча – да вечнасці

 прасцяг.

Мадонна Беззаганная 

ў Бабруйску,

Ты асвятляеш нам да Бога

 шлях!

Віктар Маліноўскі

 

Мы вельмі радыя
бачыць вас на сайце
часопіса «Ave Maria».
Гэта плён працы
неабыякавых людзей,
якія з радасцю ствараюць
гэты часопіс для вас.

Падпіска
Ахвяраванні

Сайт часопіса „Ave Maria“ Мінска-Магілёўскай архідыяцэзіі Рыма-каталіцкага Касцёла ў Беларусі

Часопіс існуе дзякуючы вашым ахвяраванням. Сёння мы просім вашай дапамогі — нават невялікая сума падтрымае нас.

Падрабязней