Паэт, які ведае зямлю і ведае неба

У выдавецтве «Pro Christo» выйшаў паэтычны зборнік перакладаў выбраных вершаў Яна Твардоўскага — святара і паэта. 

  26 жніўня 2012 года ў гродзенскай мастацкай галерэі «Крыга» aдбылася першая прэзентацыя кнігі. Сабраліся больш за паўсотні чалавек мясцовай інтэлігенцыі, каб адзначыць з’яўленне цудоўнай кнігі, сустрэцца з вядомымі беларускімі паэткамі, яе перакладчыцамі — спадарынямі Данутай Бічэль і Крыстынай Лялько, паслухаць добрую паэзію. Выданне рыхтавалася амаль паўтара года, але праца над перакладамі распачалася нашмат раней, з 1994 года. Аляксандра Іваноўская, філолаг і рэдактар кніг ксян­дза Яна Твардоўскага, распарадчыца спадчыны паэта, назвала беларускае выданне яго перакладаў лепшым замежным выданнем. 

У кнігу ўключаныя выбраныя творы паэта на дзвюх мовах, беларускай і польскай, каб паўней ацаніць глыбіню вершаў ксяндза Яна Твардоўскага і яго мастацкае бачанне свету. Акрамя гэтага, у выдан­ні змешчаная біяграфія паэта са шматлікімі каляровымі фотаздымкамі.  

Падчас прэзентацыі шмат гаварылася пра значэнне духоўнай паэзіі для чалавека. 

Крыстына Лялько, пісь­мен­ніца і перакладчыца: «Ня­ма на зямлі сітуацый без выйсця: калі Бог зачыняе дзверы — вакно адчыняе... Калі ў цябе бываюць моманты, што жыц­цё заганяе цябе ў кут, трэба разгарнуць кнігу ксяндза Твардоўскага, пра­чытаць верш, і ты ўбачыш, што ён даў табе падказку, як годна з гэтага кута вый­сці». 

Данута Бічэль, пісьменніца і перакладчыца: «Ксёндз Ян Твардоўскі піша літаніі. Ён перабірае вобразы і ў гэтыя літаніі ўплятае ўсё, што навокал нас, як святы Францішак, адухаўляючы гэта. Як і ён, я веру Богу, як малое дзіця. Ён бачыў жыццё вельмі шырока і ўсюды, і ў дробным, і ў вя­лікім». 

Аляксей Пяткевіч, крытык і літаратура­знаўца: «У паэтаў духоўнікаў ёсць асаблівая глыбіня па­знання чалавека, таму што яны ў сілу свайго сану здольныя адчуць тую таямнічую глыбокую сувязь, якая злу­чае звычайнае і высокае. Ян Твар­доўскі — паэт глыбока інтэлектуальны, у яго творах ёсць такія глыбокія ісціны, што недаступныя паэту не духоўніку».

Алесь Чобат, паэт, празаік, публіцыст: «Такія паэты, як Ян Твардоўскі, не паміраюць. У літаратуры не бывае мёртвых. Тут жывыя і мёртвыя разам. Карціну можна ўкрасці, святыню — знішчыць, а напісанае ўсё адно застаецца». 

Айцец Андрэй Крот, грэка-каталіцкі святар, Гродна: «Для нас духоўная паэзія — пэўная экзотыка, бо мы прывыклі да таго, што хрысціянства — гэта, хутчэй, фізіка, чым лірыка. Гэтыя вершы поўныя любові. Паэзія духоўная, але не аб­­страктным духам прыроды або гуманізму, а Духам Святым, які ёсць рэальнаю Асобаю, што праз гэтыя вершы прамаўляе».

Таццяна Маліноўская, мастацтвазнаўца: «Твардоўскі перавярнуў усё маё ўяўленне пра людзей у гэтым свеце, пра тое, які накал набывае па­нятак “любоў”. Такая паэзія неабходная для беларусаў. Шмат для каго, хто не ведае польскай мовы, адкрыліся дзверы ў іншы свет, такога ў нашай паэзіі яшчэ не было. Дзякуючы таму, што яна была перакладзеная на беларускую мову, гэтая паэзія гучыць ужо не столькі праз голас, а праз душу, і гэта вялікая справа».

Выхад кнігі вершаў ксян­дза Яна Твардоўскага — са­праўдная падзея ў беларускай літаратуры, асабліва калі звяртаць увагу на тое, што ў нас мала глыбокай духоўнай паэзіі. Як адзначыла адна з пера­кладчыцаў кнігі Крыстына Лялько: «Гэта святарская паэзія, і мы стараліся як пера­кладчыцы быць вельмі да­кладнымі... Пры рэдагаванні і пры падрыхтоўцы да друку мы яшчэ і яшчэ раз дасылалі вершы Аляксандры Іваноў­скай, бо яна ўсё жыццё была знаёмая з ксяндзом Янам Твардоў­скім, жыла яго словам, яго паэзіяй. Нам хацелася, каб сэнс не быў скажоны, каб усё было вельмі дакладна. Часам гэта шкодзіць паэтычнасці пера­кладу, але мы хацелі быць дакладнымі і захаваць кожны тэалагічны ню­-анс паэзіі ксяндза Твардоў­скага. Наколькі нам гэта ўдалося, меркаваць вам».

Зборнік вершаў можна набыць у кнігарні «Духоўная кніга» па адрасе: г. Мінск, вул. М. Багдановіча, 25; тэл. (017) 2931753.

Юлія Шэдзько

Фота з архіва рэдакцыі.

 

Запрашаем вас паслухаць аўдыёзапісы перакладаў вершаў ксяндза Яна Твардоўскага 

на сайце www.pro-christo.catholic.by. 

 

Мы вельмі радыя
бачыць вас на сайце
часопіса «Ave Maria».
Гэта плён працы
неабыякавых людзей,
якія з радасцю ствараюць
гэты часопіс для вас.

Падпіска
Ахвяраванні

Сайт часопіса „Ave Maria“ Мінска-Магілёўскай архідыяцэзіі Рыма-каталіцкага Касцёла ў Беларусі

Часопіс існуе дзякуючы вашым ахвяраванням. Сёння мы просім вашай дапамогі — нават невялікая сума падтрымае нас.

Падрабязней