«Такая няпростая споведзь…»: па старонках сакавіцкага нумара часопіса «Ave Maria»
20.03.2017|Падзеі

У той час, калі ўсё наваколле пачынае дыхаць цёплым вясновым паветрам, абуджаючы да новага жыцця кожную пупышку і травінку, велікапосныя набажэнствы, нібы промні забытага ўзімку сонца, спакваля пранікаюць у душы вернікаў, абуджаючы іх да шчырага аднаўлення. Таму і новы нумар сакавіцкага часопіса «Ave Maria» запрашае чытачоў паразважаць над сакрамэнтам пакаяння і паяднання, які разам з намашчэннем хворых належыць да сакрамэнтаў аздараўлення.

«Напэўна, ніводзін сакрамэнт не выклікае гэтулькі размоваў і нават дыскусій, як споведзь, — піша Крыстына Лялько ў «Слове рэдактара». — Часта даводзіцца чуць, таксама і ад людзей ахрышчаных, і часцей за ўсё адукаваных, што ім споведзь не патрэбная, бо, маўляў, навошта яшчэ пасрэднік у адносінах з Богам…» Але гэтае меркаванне з поспехам абвяргаюць аўтары сакавіцкага нумара часопіса: а. Юрый Кулай у артыкуле «Толькі Езус можа ўчыніць нашыя сэрцы чыстымі», а. Войцех Зюлэк SJ у інтэрв’ю пад назваю «Вызнанне любові», псіхолаг і псіхатэрапеўт кс. Дарыюш Ларусь у публікацыі «Праўда пра сябе», а таксама нашыя чытачы, якія падзяліліся шчырымі сведчаннямі пра перажыванне сакрамэнту пакаяння і паяднання (у артыкулах «Спазнай маё сэрца» і «Такая няпростая споведзь, калі Бог шукае цябе», падрыхтаваных Ірынаю Жарнасек і Вольгаю Качалкаю).

У кантэксце разважанняў пра споведзь, якая вымагае ад чалавека імкнення да дасканаласці, натуральным чынам паўстае пытанне пра тое, што азначае гэтая якасць у хрысціянскім разуменні і як не пераблытаць яе з перфекцыянізмам. Менавіта пра гэта вядзецца гаворка ў артыкуле Матэуша Пржаноўскага ОР «Дасканаласць».

Навяртанне і пакаянне — да гэтага заклікала і Маці Божая падчас аб’яўлення пастушкам у Фаціме. Яе заклік застаецца вельмі актуальным і сёння. Несумненна, менавіта праз Яе заступніцтва многія вернікі, у тым ліку і нашыя чытачы, знайшлі свой шлях да Бога. Таму рэдакцыя часопіса абвясціла конкурс «Урэшце Маё Беззаганнае Сэрца затрыумфуе!», прысвечаны 100-годдзю аб’яўленняў Марыі. Шаноўныя чытачы, дасылайце нам свае сведчанні, вершы, апавяданні, эсэ, і мы будзем рады апублікаваць іх на старонках выдання або на сайце нашага часопіса.

Няхай у гэты велікапосны перыяд Маці Божая Фацімская дапамагае ўсім нам сапраўды аднавіцца, прыступіўшы да трону неспасцігальнай Божай міласэрнасці!

Рэд.

 


Набыць часопіс можна:

  • у кнігарні «Духоўная кніга» (г. Мінск, вул. Багдановіча, 25, пн–пт: 10.00–19.00, сб: 11.00–17.00);
  • у парафіяльных кіёсках і пробашчаў парафій;
  • альбо звяртайцеся ў рэдакцыю па тэл. (017) 293 17 50.

 

 

Мы вельмі радыя
бачыць вас на сайце
часопіса «Ave Maria».
Гэта плён працы
неабыякавых людзей,
якія з радасцю ствараюць
гэты часопіс для вас.

Падпіска
Ахвяраванні

Сайт часопіса „Ave Maria“ Мінска-Магілёўскай архідыяцэзіі Рыма-каталіцкага Касцёла ў Беларусі

Часопіс існуе дзякуючы вашым ахвяраванням. Сёння мы просім вашай дапамогі — нават невялікая сума падтрымае нас.

Падрабязней