Шукаць радасць і дзяліцца ёю. Па старонках красавіцкага нумара часопіса «Ave Maria»
06.04.2017|Падзеі

 Сапраўдная пасхальная радасць… Здавалася б, для нас, хрысціянаў, яна штодня павінна быць нязгасным светачам сярод нялёгкіх выпрабаванняў. Але жыццё паказвае, што гэта надзіва рэдкая з’ява. Радасці трэба вучыцца. Таму чарговы — велікодны — нумар часопіса «Ave Maria» мы прысвяцілі менавіта пасхальнай радасці.

«Ці з’яўляемся мы людзьмі ўваскрасення? Ці абвяшчаем з радасцю іншым гэтую праўду сваім жыццём?» — гэтыя пытанні задае сабе і нам, чытачам, сястра М. Цэлестына Маньчык у артыкуле «Жыць велікоднаю радасцю».

Зося Бараноўская ў публікацыі «Ці ўмеем мы радавацца?» прыводзіць сведчанні сваіх знаёмых і сяброў пра тое, чым для іх з’яўляецца радасць і якая радасць была найбольшаю ў іх жыцці.

Часцей за ўсё мы ўспрымаем радасць як светлае пачуццё ў адказ на пэўныя падзеі ці жыццёвыя абставіны. Аднак рэдка задумваемся пра яе як пра цноту, якую трэба ў сабе выпрацоўваць, і як пра вельмі эфектыўнае апостальства. На гэта звяртала ўвагу св. Уршуля Ледухоўская ў сваіх разважаннях на самыя разнастайныя тэмы духоўнага жыцця, і ўрывак з яе «Біблійных медытацый» друкуецца ў новым нумары нашага часопіса пад загалоўкам «Як жа не будзе заўсёды шчасліваю душа, якая любіць Бога?».

На старонках «Моладзевага квартала» Аліна з Баранавічаў і Дзяніс з Віцебска распавядаюць пра свой досвед прабывання ў экуменічнай супольнасці «Chemin Neuf», што дзейнічае ў Францыі. Валанцёрскае служэнне, евангелізацыя, шматлікія рэкалекцыі, заснаваныя на ігнацыянскай духоўнасці, сумеснае святкаванне літургічных урачыстасцяў і незвычайнае перажыванне Пасхі — усё гэта становіцца вялікаю радасцю для ўдзельнікаў супольнасці, якія ахвотна дзеляцца ёю з намі, чытачамі ў матэрыяле Вольгі Качалкі «Беларусы ў каталіцкай супольнасці „Chemin Neuf“».

Як заўжды, цікавыя і змястоўныя матэрыялы кс. Уладзіміра Русака, а. Юрыя Кулая OCD, а. Аляксандра Уласа, Ірыны Жарнасек, Францішка Дубраўскага, Юліі Шэдзько і іншых нашых аўтараў таксама пакідаюць у душы імкненне цаніць велікодную радасць жыцця і дзяліцца ёю з блізкімі.

Рэд.


Набыць часопіс можна:

  • у кнігарні «Духоўная кніга» (г. Мінск, вул. Багдановіча, 25, пн–пт: 10.00–19.00, сб: 11.00–17.00);
  • у парафіяльных кіёсках і пробашчаў парафій;
  • альбо звяртайцеся ў рэдакцыю па тэл. (017) 293 17 50.

Мы вельмі радыя
бачыць вас на сайце
часопіса «Ave Maria».
Гэта плён працы
неабыякавых людзей,
якія з радасцю ствараюць
гэты часопіс для вас.

Падпіска
Ахвяраванні

Сайт часопіса „Ave Maria“ Мінска-Магілёўскай архідыяцэзіі Рыма-каталіцкага Касцёла ў Беларусі

Часопіс існуе дзякуючы вашым ахвяраванням. Сёння мы просім вашай дапамогі — нават невялікая сума падтрымае нас.

Падрабязней