«Маё пакліканне — гэта любоў»

Са Звароту Канферэнцыі Каталіцкіх Біскупаў Беларусі
з нагоды перэгрынацыі ў нашай краіне
рэліквій св. Тэрэзы ад Дзіцяткі Езуса і Найсвяцейшага Аблічча
да духавенства, кансэкраваных асобаў, вернікаў
і ўсіх людзей добрай волі!


У Год веры, які мы перажываем, узгадваем вялікія і значныя падзеі з жыцця Касцёла. Яны таксама асабліва важныя для Касцёла ў Беларусі. Юбілей 400-годдзя прыбыцця славутага ласкамі абраза Маці Божай у Будслаў, 75-я гадавіна кананізацыі мучаніка палескай зямлі святога Андрэя Баболі з’яўляюцца нагодамі да маніфестацыі нашай веры і ўмацавання сувязі з Хрыстом і Ягоным Касцёлам. Чынім гэта таксама праз удзел у эўхарыстычных працэсіях у нашых гарадах і вёсках, каб такім чынам праславіць Найсвяцейшае Цела і Кроў Нашага Збавіцеля.

У гэтыя ўзнёслыя падзеі ўпісваецца таксама перэгрынацыя рэліквій св. Тэрэзы ад Дзіцяткі Езуса, якая распачнецца ў нашай краіне 1 чэрвеня ў мінскай архікатэдры. Беларусь — гэта 76-я краіна на пілігрымкавым шляху св. Тэрэзы, названай папам Піем Х «найвялікшай святой нашага часу». Рэліквіі наведаюць 115 касцёлаў і капліцаў, у якіх вернікі будуць выпрошваць «дождж ружаў» Божых ласкаў, абяцаных святой на ложы смерці. Яна хацела, каб яе місія на зямлі не закончылася з момантам смерці, таму сказала: «Адчуваю, што мая місія распачнецца менавіта цяпер, я павінна ўчыніць, каб людзі любілі Бога так, як я Яго люблю. Мая місія — гэта вучыць душы малой дарозе. Калі Бог споўніць гэтыя просьбы, то прабыванне ў небе я правяду на зямлі, ажно да сканчэння свету. Так, маім небам будзе чыніць дабро на зямлі. Пасля смерці буду спасылаць на зямлю дождж ружаў…» Рэліквіярый будзе гасціць падчас урачыстасці ў Санктуарыі Маці Божай Будслаўскай, а таксама ў іншых санктуарыях нашай краіны: у Тракелях, Гудагаі, Лагішыне і Браславе. Са св. Тэрэзай сустрэнецца таксама моладзь падчас міждыяцэзіяльных дзён моладзі ў Івянцы. <...>

Перэгрынацыя рэліквій св. Тэрэзы ад Дзіцяткі Езуса з’яўляецца добрай нагодай для нас пазнаць яе жыццё і духоўную спадчыну. Але не толькі. Яе перэгрынацыя ёсць нагодай для нас нанова адкрыць, што ўсе мы — дзеці аднаго Бога, які з’яўляецца перадусім любячым Айцом, вучыць нас, што адкрыццё на Божую любоў — гэта адзіная дарога адорваць іншых хрысціянскай любоўю. Сучасны свет прапануе іншы шлях. Ён падказвае нам, што значны толькі поспех, які здабываецца ўсялякімі, нават нягоднымі сродкамі. Яна прапануе нам нешта іншае. Сваёй «малой дарогай» св. Тэрэза ўказвае, што любоў даецца дарма і шчодра, што любоў патрабуе ўзаемнасці. Гэта пакліканне не толькі святых, але кожнага чалавека, кожнага хрысціяніна, таму мы можам з упэўненасцю паўтарыць за св. Тэрэзай: «Маё пакліканне — гэта любоў».

Няхай жа нашая сустрэча са св. Тэрэзай на беларускай зямлі, у святынях і ва ўсіх месцах, дзе будуць яе рэліквіі, дапаможа нам адкрыцца на Бога і бліжняга. Яе прагненне — гэта «спасылаць дождж ружаў», якімі ёсць Божыя ласкі. Няхай словы благаслаўлёнага Яна Паўла ІІ стануць таксама і нашым пасланнем да ўсіх вас: «Жадаем вам гэтага духу дзіцячага маленства, які так патрэбны сучаснаму чалавеку, заблытанаму і ўцягнутаму ў розныя фальшывыя велічы».

На час спаткання з рэліквіямі св. Тэрэзы ад Дзіцяткі Езуса ад сэрца ўсіх вас благаслаўляем.

Каталіцкія Біскупы Беларусі

Пінск, 15 мая 2013 года,
53-е Пленарнае пасяджэнне
Канферэнцыі Каталіцкіх Біскупаў у Беларусі

Мы вельмі радыя
бачыць вас на сайце
часопіса «Ave Maria».
Гэта плён працы
неабыякавых людзей,
якія з радасцю ствараюць
гэты часопіс для вас.

Падпіска
Ахвяраванні

Сайт часопіса „Ave Maria“ Мінска-Магілёўскай архідыяцэзіі Рыма-каталіцкага Касцёла ў Беларусі

Часопіс існуе дзякуючы вашым ахвяраванням. Сёння мы просім вашай дапамогі — нават невялікая сума падтрымае нас.

Падрабязней