Гурт “Laudans” выпусціў новы альбом «Адзінства»

Другі па ліку альбом гурта быў прадстаўлены слухачам 27 красавіка на афіцыйнай старонцы “Laudans” Укантакце. У яго ўвайшло 12 кампазіцый на беларускай, польскай і англійскай мовах.


У запісе другога альбома гурта прынялі ўдзел Аляксей Нядзведскі, Яўген Каско і Ганна Горбач. Мастэрынг зроблены гукарэжысёрам Сяргеем Кудзелічам на студыі “Nerwrecords”.

Нагадаем, што першы дыск калектыву — «Завысока заблізка» — з’явіўся ў верасні 2014 года. Тэксты большасці песняў «Адзінства», а таксама музыку і аранжыроўку да ўсіх кампазіцый напісалі самі ўдзельнікі гурта — Андрэй Лугін і Алена Палачанская.

У альбом музыкі ўключылі трэкі, на якія раней былі знятыя кліпы. Гэта кампазіцыі «Той самы госць» і «Воблака», а таксама песні на польскай («Kiedy mowisz») і англійскай («Faith is alive») мовах.

«Гэтыя песні адрозніваюцца ад папярэдняга варыянта не толькі перакладам, але і новай аранжыроўкай, новым бачаннем», — заўважае саліст гурта «Laudans» Андрэй Лугін.

Назва альбома «Адзінства», паводле словаў Андрэя, адлюстроўвае жыццёвую пазіцыю гурта.

«У некалькіх песнях альбома заўважны вобраз узыходу. Гэта і ёсць нашае жыццёвае змаганне. Змаганне за тое, каб добра і годна ў вачах Божых пражыць гэтае жыццё. І, вядома, гэта няпроста. Мы лічым, што людзям патрэбна яднацца, каб узаемадапаўняць адзін аднаго, і тады наш шлях будзе лягчэйшым. Пад адзінствам мы маем на ўвазе салідарнасць, узаемную павагу. Лічым, што даказваць усім „сваю праўду“ — гэта яшчэ не адзінства. Адзінства — гэта калі мы ўмеем і слухаць, і чуць і разумець бліжняга», — сказаў музыкант.

На бліжэйшыя канцэрты, дзе будуць выконвацца песні з новага альбома, запрашаюцца ўсе жадаючыя — прыходзьце на выступленні!

А новы альбом “Laudans” можна ўжо цяпер праслухаць на афіцыйнай старонцы гурта Укантакце або набыць на itunes i GooglePlay.

Музыкі абяцаюць, што неўзабаве з’явіцца таксама тыраж дыска.


Марына Валасар
Фота з архіва гурта “Laudans”

 

 

 

Мы вельмі радыя
бачыць вас на сайце
часопіса «Ave Maria».
Гэта плён працы
неабыякавых людзей,
якія з радасцю ствараюць
гэты часопіс для вас.

Падпіска
Ахвяраванні

Сайт часопіса „Ave Maria“ Мінска-Магілёўскай архідыяцэзіі Рыма-каталіцкага Касцёла ў Беларусі

Часопіс існуе дзякуючы вашым ахвяраванням. Сёння мы просім вашай дапамогі — нават невялікая сума падтрымае нас.

Падрабязней