«Нас сабрала Маці Божая»: майскі нумар часопіса «Ave Maria»

Вось ужо 100 гадоў для мноства католікаў свету Фаціма з’яўляецца знакам вялікай перасцярогі і вялікай надзеі. Але для гэткага ж мноства яна застаецца невядомаю і незразумелаю. У той жа час пазнанне Фацімскага паслання Марыі — цудоўны спосаб адчуць Божы дотык да свайго сэрца. Запрашаем чытачоў часопіса «Ave Maria» паглыбіцца ў сэнс Фацімскай таямніцы праз матэрыялы майскага нумара, які цалкам прысвечаны 100-годдзю Фацімскіх аб’яўленняў Маці Божай.

На яго старонках вы знойдзеце не толькі хроніку тых знакавых падзеяў, якія адбыліся з 13 мая па 13 кастрычніка 1917 года і аказалі непасрэдны ўплыў на наступнае стагоддзе (артыкул «Фаціма — папярэджанне і надзея»), але і шэраг матэрыялаў, якія дапамагаюць зразумець сутнасць Фацімскага паслання Марыі аб малітве і навяртанні. Да іх адносіцца інтэрв’ю «Бог адчыніў акно надзеі…», у якім Крыстына Лялько размаўляе з Аўрай Мігель — партугальскаю радыёжурналісткаю, аўтаркаю кнігі «Таямніца, якая вядзе Папу», дзе паказваецца моцная повязь Яна Паўла ІІ з Фацімаю пасля замаху на яго жыццё.

Фацімскае пасланне Марыі вельмі глыбока дапаўняюць тлумачэнні дзяўчынкі-візіянеркі Жасінты Марту, якая перад смерцю пакінула не па-дзіцячы мудрае і прароцкае сведчанне (гл. артыкул Ю. Шэдзько «Апошнія дні Жасінты»). І, несумненна, вялікую каштоўнасць мае аповед візіянеркі сястры Люцыі OCD у кнізе  «Пасланне з Фацімы. Як я разумею Пасланне праз прызму часу і падзеяў» (урывак з яе друкуецца ў перакладзе Ю. Шэдзько пад загалоўкам «Чаму Бог выбраў трынаццаты дзень?»).

Многія матэрыялы майскага нумара прысвечаныя таму, як Касцёл у Беларусі ўспрыняў Фацімскае пасланне ў перыяд свайго адраджэння, а дакладней будзе сказаць, як на нашых землях пачаў ажыццяўляцца абяцаны Маці Божаю трыумф Яе Беззаганнага Сэрца: гэта публікацыя Галіны Горскай пра дзейнасць каталіцкай «Дабрачыннай Місіі Маці Божай Фацімскай» («Нас сабрала Маці Божая»), аповеды пра жыццё парафій Маці Божай Фацімскай у Беларусі (артыкул «Першы касцёл Маці Божай Фацімскай» Марыны Валасар, «Едзем у Шуміліна!» Ірыны Жарнасек і «Належаць да парафіі Маці Божай Фацімскай» Паліны Грыб), а таксама шматлікія іншыя цікавыя матэрыялы і сведчанні.

Ганна Шаўчэнка


 

Набыць часопіс можна:

  • у кнігарні «Духоўная кніга» (г. Мінск, вул. Багдановіча, 25, пн–пт: 10.00–19.00, сб: 11.00–17.00);
  • у парафіяльных кіёсках і пробашчаў парафій;
  • альбо звяртайцеся ў рэдакцыю па тэл. (017) 293 17 50.

Мы вельмі радыя
бачыць вас на сайце
часопіса «Ave Maria».
Гэта плён працы
неабыякавых людзей,
якія з радасцю ствараюць
гэты часопіс для вас.

Падпіска
Ахвяраванні

Сайт часопіса „Ave Maria“ Мінска-Магілёўскай архідыяцэзіі Рыма-каталіцкага Касцёла ў Беларусі

Часопіс існуе дзякуючы вашым ахвяраванням. Сёння мы просім вашай дапамогі — нават невялікая сума падтрымае нас.

Падрабязней