
Пятая велікодная нядзеля, год А (14.05.2017)
Няхай не трывожыцца сэрца вашае. Верыце ў Бога і ў Мяне верце. У доме Айца Майго шмат святліц. А калі б так не было, ці сказаў бы вам, што іду падрыхтаваць месца для вас. І калі пайду і падрыхтую вам месца, прыйду зноў і забяру вас да сябе, каб і вы былі там, дзе Я. А дарогу, куды Я іду, вы ведаеце».
Кажа яму Тамаш: «Пане, не ведаем, куды ідзеш. Як жа можам ведаць дарогу?» Езус сказаў яму: «Я — дарога, і праўда, і жыццё. Ніхто не прыходзіць да Айца інакш, як толькі праз Мяне. Калі вы ведаеце Мяне, то будзеце ведаць і Айца Майго. І адгэтуль ужо Яго ведаеце і бачылі».
Філіп кажа Яму: «Пане, пакажы нам Айца, і хопіць нам». Адказаў яму Езус: «Філіпе, столькі часу Я з вамі, а ты не ведаеш Мяне? Хто бачыў Мяне, бачыў Айца. Дык чаму ты кажаш: “Пакажы нам Айца?” Ці ты не верыш, што Я ў Айцу і Айцец ува Мне? Словы, што Я кажу вам, не ад сябе кажу. Айцец, які ўва Мне, Ён чыніць справы. Верце Мне, што Я ў Айцу і Айцец ува Мне. А калі не, то верце дзеля саміх спраў. Сапраўды, сапраўды кажу вам: хто верыць у Мяне, будзе рабіць справы, якія Я раблю, і большыя за іх зробіць, бо Я іду да Айца.
(Ян 14, 1–12)
Ідзі праз чалавека
Вось свавольства календара! Блізіцца Вялікі тыдзень, а трэба перанесціся ў будучыню і напісаць каментар на нядзелю амаль на завяршэнне Велікоднага перыяду. Пасля некалькіх серый велікапосных рэкалекцый я адчуваю сябе зусім без сілаў і без натхнення для прапаведавання. На шчасце, дзякуючы святому Тамашу Аквінскаму я натрапіў на казанне святога Аўгустына, прысвечанае сённяшняму евангельскаму ўрыўку, — такое прыгожае казанне, што я ахвотна саступаю яму сваё месца. Няхай ён прамаўляе замест мяне.
«Кожны чалавек імкнецца да праўды і жыцця, але не кожны знаходзіць шлях… Хрыстус, які заўжды трывае ў Айцу як праўда і жыццё, прымаючы чалавечую натуру, стаў дарогаю. Ідзі праз чалавека і дойдзеш да Бога… Я не намаўляю цябе шукаць дарогі, бо яна сама прыйшла да цябе: устань і ідзі. Кроч не нагамі, а хрысціянскімі звычаямі. Многія ўмеюць карыстацца нагамі, але не звычаямі. Іншыя ж добра бегаюць, але паабапал дарогі. Часам мы сустракаем людзей, якія жывуць прыстойна, але не з’яўляюцца хрысціянамі… Ім было б бяспечней, калі б яны знайшлі дарогу і трымаліся яе: тады яны будуць добра бегчы і не заблукаюць. Цяпер жа, хоць яны і бегаюць ўмела, як жа шкада, што не трымаюцца дарогі! Лепей кульгаючы ісці па правільнай сцежцы, чым умела блукаць па бездарожжы» (Sermo 141, PL 38, 777–778).
«Ідзі праз чалавека і дойдзеш да Бога». Словы Аўгустына выклікаюць у памяці іншыя вядомыя словы: «Чалавек — дарога Касцёла». Ці не замянілі мы тэалагічнае бачанне святога Яна Паўла ІІ на легкаважны гуманізм? Папа пісаў: «Чалавек, такі пажаданы Богам, спрадвеку так Ім выбраны, пакліканы, прызначаны для ласкі і хвалы, — гэта кожны чалавек… чалавек ва ўсёй поўні таямніцы, якая стала для яго ўдзелам у Езусе Хрысце» (RH III,13). Так, чалавек — дарога Касцёла, але толькі таму, што дарогаю да праўды і жыцця стаў для ўсіх Чалавек, Езус Хрыстус.
Айцец Павел Крупа OP
Паводле часопіса «W drodze»
Глядзіце яшчэ разважанні на Пятую велікодную нядзелю, год А:
айцец Тамаш Міка OP «Цвёрда і мякка»