Дар жыцця і «кітовая» эпідэмія

Назва «Сіні кіт» сёння не знаёмая бадай што адзінкам. Аднайменная гульня ў сацыяльных сетках ужо паспела адабраць жыццё ў вялікай колькасці падлеткаў з Расіі і іншых краінаў СНД. І хоць апошнім часам ажыятаж на «кітовую» тэму знізіўся, праблема застаецца. Чаму смерць становіцца «моднай», а дар жыцця ўсё больш абясцэньваецца? Спрабуем разабрацца разам. 


Як вядома, гульня стала актыўна распаўсюджвацца ў Расіі яшчэ ў мінулым годзе, а ў пачатку 2017 года першыя спробы падлеткавых суіцыдаў, звязаныя з так званымі «Суполкамі смерці», былі зафіксаваны ў Беларусі. На шчасце, беларускіх тынейджэраў удалося спыніць на першых этапах «суіцыдальнай забавы».

Так, напрыклад, у студзені гэтага года ў Астраўцы зафіксаваны выпадак удзелу падлетка ў гульні «Сіні кіт». 13-гадовая дзяўчына паспела выканаць пяць заданняў куратараў, перш чым настаўнікі школы даведаліся пра гэта і забілі трывогу. Дяўчына выхоўваецца ў прыёмнай сям’і. Па звестках праваахоўных органаў, мела праблемы з хлопцам і ў адносінах з бацькамі, таму ўзніклі думкі пра суіцыд. З гэтай прычыны ўступіла ў адну з «Суполак смерці» і пачала «гуляць». 

Па звестках СМІ, выпадкі спробаў суіцыду, звязаных з дзеяннем вышэйзгаданых суполак, былі зафіксаваны таксама ў Гродне, Віцебску і Мінску.

Сутнасць гульні заключаецца ў наступным: падлеткі кожны дзень атрымліваюць ад куратараў «кітовых» суполак заданне суіцыдальнага характару (нанесці на сваё цела выяву кіта іголкай або лязом, перабегчы дарогу перад транспартам, які рухаецца, слухаць на працягу дня дэпрэсіўную музыку або глядзець фільмы жахаў). Гэтыя заданні яны павінны выконваць на працягу 50-ці дзён. Апошняе – 50-е заданне – суіцыд. 

Кожнае заданне прыходзіць падлетку ў 4:20 раніцы. Псіхолагі адзначаюць, што ў гэты час арганізм знаходзіцца ў максімальна расслабленым стане, таму чалавек найбольш паддаецца псіхалагічнаму ўплыву… 

Хто ж арганізатар такіх «гульняў»? Кіберпаліцыя заблакавала некаторую колькасць «суполак смерці», але яны метадам кланавання працягваюць з’яўляцца ў інтэрнэце. У лістападзе мінулага года ў Санкт-Пецярбургу быў затрыманы адзін з арганізатараў суполак смерці – былы студэнт псіхалагічнага факультэта Філіп Будзейкін па мянушцы Філіп Ліс.

Ён патлумачыў у інтэрв’ю журналістам, што свядома даводзіў падлеткаў да суіцыду і такім чынам «чысціў грамадства ад біясмецця». 

Адносіны Касцёла

Бог ёсць Святло, і няма ў Ім ніякай цемры. Ён – «дарога, і праўда, і жыццё». Д’ябал, у адрозненне ад Бога, наадварот, усё перакручвае, рассявае падман і хаос. Пад выглядам тынейджэрскай гульні «Сіні кіт» і іншых ён паступова забівае нашую будучыню.

«Я вельмі занепакоены тым, што адбываецца ў сацыяльных сетках, якія ствараюць так званыя "суполкі смерці". Вось да чаго можа прывесці амаральнае выкарыстанне інтэрнэту. Проста жах», – пракаментаваў сітуацыю мітрапаліт Тадэвуш Кандрусевіч.

«Вядома, што інтэрнэт аказвае вялікі ўплыў на фармацыю чалавека, асабліва моладзі. Пытанне ў тым, што ён прыносіць, – дабро ці зло. І забаронамі тут не дапаможаш. Усё залежыць ад выхавання маладога пакалення. На жаль, бацькі і выхавацелі не заўседы гэта разумеюць і не заўседы прыкладваюць адпаведныя намаганні, каб фармаваць сваё дзіця на духоўных каштоўнасцях. Таму бацькі, школа і іншыя навучальныя ўстановы павінны звяртаць на гэтую праблему большую ўвагу. Таксама і перад Касцёлам узнікае новы выклік. І Касцёл у працэсе выхавання маладога пакалення павінен звяртаць вялікую ўвагу на гэтую праблему, асабліва ў працэсе катэхізацыі. Касцёл таксама павінен больш супрацоўнічаць з бацькамі і школьнымі выхавацелямі. Гэта яшчэ адзін аргумент за рэлігійнае выхаванне ў школе», – заўважыў іерарх у сваім каментары.

Ксёндз Юрый Быкаў падкрэслівае, што найперш трэба выхоўваць у дзяцей правільнае разуменне жыцця, а таксама асэнсаванае разуменне смерці, каб яны ведалі, «чым ёсць смерць у хрысціянскім разуменні і як да яе патрэбна ставіцца». 

«Многія бацькі, нават хрысціяне, замест таго, каб тлумачыць, любым спосабам стараюцца замоўчваць размову пра смерць. Гэта памылка. Замоўчванне прыводзіць да няправільнага разумення смерці і чалавека, а вось якраз ў сям’і, асабліва калі нехта з блізкіх, родных памірае, дзеці свядомага ўзросту павінны прысутнічаць на пахаванні. Гэты момант пераходу ад жыцця зямнога да жыцця вечнага чалавек павінен бачыць на працягу свайго жыцця.

Таксама трэба тлумачыць дзецям, што жыццё – гэта Божы дар, і толькі Бог мае права вырашаць, калі гэтае жыццё забраць у чалавека, а калі ён яшчэ павінен знаходзіцца тут, на зямлі. Калі гэта будзе тлумачыцца з дзяцінства, то, я мяркую, чалавек будзе падыходзіць да гэтага інакш, як і да ўсіх гэтых суполак. Яшчэ патрэбна выхоўваць уменне дзяліцца і жыць для іншага, а ў гэтых супольнасцях звычайна дамінуе эгаістычнае разуменне свету. З-за свайго эгаізму падлеткі думаюць, што самі могуць вырашаць, будуць яны жыць або не, і гэта вялізная памылка.

З пункту гледжання маральнай тэалогіі чалавек павінен жыць і несці свой крыж. Большасць з тых, хто ўдзельнічае ў такіх суполках, не маюць свайго крыжа. Часцей за ўсё, гэты крыж за іх неслі блізкія і родныя, і яны не ўмеюць яго несці. Трэба, каб дзеці прызвычайваліся пераадольваць цяжкасці. Эфект ад пераадолення цяжкасцяў будзе значна большы, чым той, які, на думку падлеткаў, яны атрымаюць у гэтых суполках. Гэта не эфект, гэта памылка. І гэта амаральна», – сказаў кс. Юрый Быкаў.

Чаму смерць?

Хрысціянскі псіхолаг Таццяна Палхоўская адзначае, што вялікая цікаўнасць падлеткаў да суіцыдаў абумоўленая шэрагам прычынаў. 

«Перыяд развіцця дзіцяці ад нараджэння да трох гадоў фармуе яго адносіны да жыцця і ўспрыняцця свету. І калі ў гэты час парушаецца сувязь з бацькамі, гэта ўплывае на далейшае развіццё дзіцяці. Гэта можа адбывацца не абавязкова па віне бацькоў. Яны могуць цяжка працаваць, у іх могуць узнікаць розныя складаныя сітуацыі, калі, напрыклад, маці трапляе ў лякарню, а дзіця застаецца з нейкімі родзічамі. Але аснова ўжо падарваная, а без яе складана будаваць адносіны. Магчыма, але складана», – заўважае псіхолаг. 

Другім фактарам з’яўляюцца асаблівасці развіцця чалавека ў падлеткавым узросце. Гэта складаны перыяд, калі і бацькам і дзецям цяжка знайсці паразуменне. І тут вельмі важна таксама, як у гэты перыяд будуюцца адносіны з бацькамі і які ўвогуле спосаб кантакту ў сям’і. 

«Часцей за ўсё, сям’я ўпэўненая, што яна шчаслівая, але гэта можа быць не так, шчасце можа адрознівацца ў разуменні бацькоў і разуменні дзіцяці. Дзяцей рэдка пытаюць, што для іх добра. Часцей за ўсё, дарослыя “ведаюць гэта лепей”», – заўважае Таццяна Палхоўская. 

Псіхолаг адзначае, што ў падлеткавым узросце ў чалавека ўзнікае патрэба ў супольнасці, у нейкай прыналежнасці да чагосьці. «Калі сям’я цёплая і разумеючая, і адносіны ў ёй добрыя, то дзіцяці прасцей зразумець, якая супольнасць яму патрэбная, што яму цікава, а што нецікава. Калі па нейкіх прычынах узнікаюць праблемы, бацькі гатовыя дапамагчы знайсці гэтую супольнасць, але часта бывае так, што па сутнасці гэтай супольнасці не існуе, не хапае таксама разумення ў сям’і. Тады дзіця пачынае  шукаць усё гэта ў нейкіх іншых супольнасцях», – заўважае Таццяна Палхоўская.

Для таго, каб трапіць у тую ці іншую суполку смерці, падлетку патрэбна напісаць адпаведны хэштэг і «прайсці праверку», – абгрунтаваць свой выбар, запэўніць «куратара», што ён сапраўды хоча «гуляць». Псіхолаг заўважае, што гэта таксама адна з маніпуляцый падлеткамі. «Гэта азначае, што калі ты трапляеш туды, ты нейкі выбраны, у цябе з’яўляецца двайное жыццё, а калі ў цябе двайное жыццё, значыць, ты больш цікавы», – гаворыць Таццяна.  

Сюды ж дадаецца таксама спецыфічная для падлеткаў цікаўнасць да ўсяго новага і неразуменне рэальнай небяспекі смерці. «У чалавека ў гэты перыяд ёсць адчуванне, што з ім нічога не здарыцца. Ён, умоўна кажучы, несмяротны. У гэтых гульнях, калі дзеці перабягаюць дарогу перад машынамі, яны не думаюць, што могуць памерці», – гаворыць псіхолаг. 

«Калі чалавек задумваецца пра суіцыд, у яго ёсць канкрэтны намер і канкрэтная праблема, і часцей за ўсё ён пра гэта не кажа ў соцыуме. А для падлеткаў суполка – гэта соцыум, і яны там пра гэта ўвесь час размаўляюць, штосьці глядзяць… Насамрэч, гэта такі спосаб кантакту, а вынік для іх не такі важны».

Як вядома, музыка, фота і карцінкі дэпрэсіўнага характару, якія змяшчаюцца ў так званых «суполках смерці», а таксама дасылаюцца падлеткам куратарамі гэтых суполак, правакуюць у дзяцей з’яўленне пастаяннай трывогі. 

«Яны, хутчэй за ўсё, не звязваюць гэта з тым, што бачаць. Проста адчуваюць, што нечакана свет пазбаўляецца яркіх фарбаў, і яны пачынаюць жыць у цёмным змрочным свеце, з якога хочацца сысці. Увогуле, людзі ў нашай краіне і на постсавецкай прасторы часта нават не могуць назваць эмоцыю, якую яны перажываюць, не бачаць праблему … Яны толькі бачаць, што усё дрэнна, а „мы тут такія цікавыя, мы выпільваемся“», – адзначае псіхолаг. 

Часта сама сістэма выхавання ў сям’і і школе можа садзейнічаць таму, што дзеці падпадаюць пад уплыў так званых «куратараў». «Звычайна бацькі, настаўнікі ў школах не пытаюць дзяцей, чаго яны хочуць, а прымушаюць выконваць загады: сядзець роўна, вучыць гэта, чытаць тое, гуляць у такі час… Дзеці, безумоўна, супраціўляюцца, асабліва ў падлеткавы перыяд, але яны насамрэч прывыклі да таго, што ёсць дарослыя, ёсць загад, і калі яны трапляюць у гэтыя суполкі, дзе ёсць нейкія мадэратары, то ўключаюцца ў гэта і выконваюць ўжо загады мадэратараў», – лічыць псіхолаг.

Як дапамагчы? 

Ці патрэбна кантраляваць дзіця ў інтэрнэце або ўсё ж варта даваць яму пэўную свабоду? І ўвогуле, што мы можам зрабіць, каб засцерагчы падлеткаў ад уплыву дэструктыўных «суполак смерці»? 

«Трэба разглядаць канкрэтныя выпадкі і канкрэтныя сем’і, таму што абагульняць вельмі цяжка», – падкрэслівае псіхолаг Таццяна Палхоўская.

Спецыяліст лічыць, што кантраляваць дзіця ў інтэрнэце не трэба ды і немагчыма, бо гэта адразу падрывае яго давер да бацькоў. У першую чаргу трэба «працаваць на папярэджванне», а гэта значыць:

1. Інфармаваць падлетка 

Псіхолаг раіць рабіць гэта без запалохвання, крыкаў і пагрозаў, прыводзіць у прыклад вядомыя выпадкі суіцыдаў і пры гэтым называе эмоцыі. Кажучы, напрыклад: «гэтае дзіця загінула, яго бацькам і сябрам гэта, напэўна, балюча. Я не ведаю, як бы я перажыла, калі б з табою штосьці здарылася». У гэты момант можна паназіраць, як падлетак адрэагуе на гэтую інфармацыю.

«Важна паказаць гэтую рэальнасць, але так, каб дзеці ў гэты момант разумелі, што іх бацькі шчырыя. І ўжо на аснове гэтай шчырасці можна запытвацца, якія інтарэсы ў дзіцяці», – заўважае Таццяна Палхоўская.

Псіхолаг лічыць, што не трэба замоўчваць гэтую тэму, бо «дзеці ўсё роўна знойдуць інфармацыю. Пытанне у тым, знойдуць яны яе ў суправаджэнні чалавека, які пра яго клапоціцца, ці знойдуць самі».

2. Заўважаць змены, якія адбываюцца з падлеткам 

Гэта можа быць змена настрою, нейкая трывожнасць, дрэнны сон і г.д.

«Калі бацькі не прывыклі заўважаць такія моманты, бо яны ўсё жыццё цяжка працуюць, каб зарабіць грошы, ім проста не да гэтага, ці гэта могуць быць, наадварот, вельмі адукаваныя людзі, скіраваныя на матэрыяльны бок, то гэтага яны проста не заўважаць. Таксама гэта можа быць неразуменне: “а што, так трэба? Мы ж усё зрабілі?» – заўважае псіхолаг.

3. Наладжваць давер 

«Гэты працэс патрэбна пачынаць з усталявання канкрэтных і зразумелых межаў у сям’і. Тых, якія адначасова даюць свабоду ў меркаваннях, у выбары вопраткі, якую насіць, сяброў, з якімі праводзіць час, і адначасова рабіць канкрэтныя абмежаванні. Напрыклад, „у нас дамоў не прыходзяць пазней за 10 гадзін вечара“, ці: „ў нашай сям’і не можа быць лаянкі“. Бацькам важна вызначыць канкрэтныя межы і самім іх прытрымлівацца. Праз некаторы час гэта дае дзіцяці ўпэўненасць у тым, дзе ён жыве. Ён канкрэтна ведае, што будзе за тое, калі ён парушыць гэтыя межы, але адначасова ў яго ёсць шмат сваёй прасторы, дзе ён можа рабіць тое, што яму патрэбна, нават калі гэта не падабаецца бацькам». 

4. Быць шчырым

«Шчырасць – гэта асноўнае. Без яе ўсе астатнія пункты не працуюць, – падкрэслівае псіхолаг.


Марына Валасар

Мы вельмі радыя
бачыць вас на сайце
часопіса «Ave Maria».
Гэта плён працы
неабыякавых людзей,
якія з радасцю ствараюць
гэты часопіс для вас.

Падпіска
Ахвяраванні

Сайт часопіса „Ave Maria“ Мінска-Магілёўскай архідыяцэзіі Рыма-каталіцкага Касцёла ў Беларусі

Часопіс існуе дзякуючы вашым ахвяраванням. Сёння мы просім вашай дапамогі — нават невялікая сума падтрымае нас.

Падрабязней