Сустрэча моладзі ў Пінску

27 мая ў Пінскай семінарыі прайшла штогадовая моладзевая сустрэча. Гэта ўжо не проста традыцыя, а сапраўдная сустрэча сяброў. Песні, малітвы, абмеркаванне cлова Божага ў групах, а таксама канцэрт праслаўлення – моманты, якія застануцца ў памяці яе ўдзельнікаў.


Вясна для моладзі Пінскай дыяцэзіі традыцыйна завяршаецца тут, у прыгожым зялёным дворыку семінарыі, дзе заўсёды цёпла і ўтульна – па-свойму, па-хатняму. Для многіх хлопцаў і дзяўчат семінарыя сапраўды стала другім домам. Тут можна ў цішыні паразважаць над словам Божым, папрасіць парады ў святароў, распытаць семінарыстаў пра жыццё-быццё і, магчыма, задумацца над сваім пакліканнем… А таксама… А таксама славіць Бога спевамі падчас адарацыі, размаўляць з Ім сам-насам і ў той жа час памаліцца ў супольнасці,  бо, «дзе двое ці трое збіраюцца ў Імя Маё, там Я ёсць».

Пра важнасць сакрамэнту споведзі моладзь пачула падчас тэматычнай канферэнцыі на пачатку сустрэчы, а для разважання над словам Божым падзялілася на групы па 4-5 чалавек. 

Давалася 20 хвілін на тое, каб паразважаць над рознымі момантамі са Святога Пісання: над запаветам Бога з Майсеем, пачаткам прапаведвання Яна Хрысціцеля і іншымі. Як праяўляецца давер Богу ў маім жыцці? Ці бяру я прыклад з Марыі, якая поўнасцю даверылася Яму і прыняла Яго волю? Як не баяцца несці Хрыста людзям, не замяняючы Яго сваім ценем. Таксама і гэтыя пытанні ўзнімаліся падчас разважанняў.

На кожнай такой сустрэчы разам з моладдзю моліцца біскуп Пінскі Антоні Дзям’янка. І гэтым разам Пінскі ардынарый далучыўся да супольнага быцця.

«Нашая малітоўная сустрэча тут дзеля таго, каб праславіць Бога за Яго дабрыню, за тое, што Ён тут нас сабраў у адным касцёле і хоча бачыць нас у сябе», – сказаў іерарх падчас святой Імшы.

Пасля адарацыі і пасілку прайшоў вясёлы вечар з танцамі выступленнямі гурта «Подых Духа», а таксама евангелізацыйнага праекту Пінскай дыяцэзіі «Step Project».

У гэты вечар брамы семінарыі былі адчыненыя для ўсіх, таму на сустрэчу прыйшлі нават выпадковыя людзі з вуліцы, сярод якіх было і шмат моладзі. 

«Я родам з Усходняй Беларусі. Там такія моладзевыя сустрэчы – рэдкасць. Наведваючы іх, я адчуваю, што не адзін, што ў Беларусі  таксама ёсць католікі, якія могуць даверыць сваё жыццё Богу. Для мяне гэта паказчык, што ёсць людзі, на якіх мне яшчэ трэба раўняцца, не стаяць на месцы, а да чагосьці імкнуцца. Я пабыў нядаўна на Днях моладзі ў Навагрудку. Магу сказаць, што кожная сустрэча запамінаецца па-свойму. Гэтая запомніцца хатняй утульнай  атмасферай, бо я тут ўжо шмат каго ведаю. Была вельмі цікавая катэхеза ў групах, але крышку цяжкаватая для мяне. Мне вельмі спадабаліся адарацыя, спевы і асабліва канцэрт», – распавёў  Улад Шпілеўскі са Жлобіна.

«Я першы раз тут. Пачула, што запрашаюць, і вырашыла паехаць.  Праграма была вельмі цікавая і вясёлая. Я думала, што будзе сумна, але калі ўсе сустрэліся, адразу зразумела, што будзе весела. Ва ўсіх быў добры настрой. Мне вельмі спадабалася слухаць, як сястра Вераніка іграла на гітары, а таксама разам спяваць на адарацыі. Гэта мяне вельмі  натхніла. Таксама было цікава працаваць у групах і разам абмяркоўваць біблійны тэкст», – падзялілася  Анастасія Няфёдава з Брэста, сяброўка якой, Вольга Мельчакова, праваслаўная, прыехала сюды з ёю за кампанію.

 «Я не асабліва рэлігійны чалавек... У праваслаўнай моладзі вельмі рэдка праводзяцца такія сустрэчы. Я думала, што тут будзе сумна, нецікава, але адкрыла для сябе, што католікі ўмеюць весяліцца і радавацца. Мне вельмі спадабалася», – сказала дзяўчына. 

Скончылася сустрэча супольнай малітвай «Ойча наш...».


Марына Валасар
Фота аўтара

Мы вельмі радыя
бачыць вас на сайце
часопіса «Ave Maria».
Гэта плён працы
неабыякавых людзей,
якія з радасцю ствараюць
гэты часопіс для вас.

Падпіска
Ахвяраванні

Сайт часопіса „Ave Maria“ Мінска-Магілёўскай архідыяцэзіі Рыма-каталіцкага Касцёла ў Беларусі

Часопіс існуе дзякуючы вашым ахвяраванням. Сёння мы просім вашай дапамогі — нават невялікая сума падтрымае нас.

Падрабязней