«Ружанец — гэта дарога абвяшчэння і спасціжэння таямніцы Хрыста», — пісаў Святы Айцец Ян Павел ІІ у апостальскім лісце «Rosarium Virginis Mariae». Гэты духоўны шлях цікавы, прыгожы і бясконцы… Улічваючы невычэрпнасць і разнастайнасць ружанцовай тэматыкі, мы вырашылі прысвяціць ёй кастрычніцкі нумар часопіса «Ave Maria».
Хочацца яшчэ раз нагадаць пра запрашэнне айцоў дамініканаў на Ружанцовы кангрэс, які адбудзецца ў Магілёве 21 кастрычніка. Падрабязней пра яго чытайце ў артыкуле а. Рамана Шульца ОР «Адкрыць глыбіню Ружанца». Гэтаму ж аўтару належыць публікацыя «З ружанцам у руках», у якой ён дзеліцца сваімі думкамі пра актуальнасць апостальскага ліста Яна Паўла ІІ. «Падчас разважання над папскімі дакументамі трэба засяродзіцца і ўвайсці ў медытацыю над іх зместам — тады толькі адкрыецца перад намі іх глыбіня, не дастаткова толькі хутка іх прачытаць», — заўважае а. Раман, заахвочваючы чытачоў паглыбляцца ў чытанне гэтага каштоўнага дакумента каталіцкага Касцёла.
Пісьменніца Ірына Жарнасек у матэрыяле «Ружанцовыя імпрэсіі» распавядае некалькі захапляльных гісторый, якія здарыліся ў яе жыцці або ў жыцці яе блізкіх і сведчаць пра таямнічую моц Ружанца. Такія гісторыі не менш красамоўныя і пераканальныя за глыбокія тэалагічныя разважанні, бо, як кажа лацінская прыказка, «verba movent, exempla trahunt» («словы хвалююць, а прыклады вядуць за сабой»).
Ружанец прынёс гарачае натхненне і беларускай паэтцы Дануце Бічэль, якая даслала ў рэдакцыю паэтычныя разважанні на кожную таямніцу гэтага глыбокага набажэнства. Яе вершаваны цыкл пад назваю «Ружанец» — вельмі асабістая малітва ў яркай паэтычнай агранцы мастацтва і адначасова школа духоўнасці для ўважлівага чытача.
У кастрычніцкім нумары часопіса вы таксама знойдзеце рэпартаж пра сёлетняе Пленарнае пасяджэнне Рады Канферэнцый Біскупаў Еўропы, якое адбылося ў Мінску, кароткую гісторыю ружанцовага набажэнства, шматлікія парады, як зрабіць сваю малітву на ружанцы найбольш эфектыўнай, і многія іншыя цікавыя матэрыялы ў рубрыках «Школа малітвы», «Пра святую Імшу», «Вера на штодзень», «Парафіяне».
Ганна Шаўчэнка
Набыць часопіс можна:
- у кнігарні «Духоўная кніга» (г. Мінск, вул. Багдановіча, 25, пн–пт: 10.00–19.00, сб: 11.00-18.00);
- у парафіяльных кіёсках і пробашчаў парафій;
- альбо звяртайцеся ў рэдакцыю па тэл. (017) 293 17 50.