Чацвёртае выданне малітоўніка «Ойча наш»

Чарговае выданне малітоўніка складаецца з асноўных малітваў на беларускай мове, літаній, набажэнстваў і спеваў, а таксама кароткага катэхізіса і парадку святой Імшы.


Як прыемна трымаць у руках новае, толькі што прывезенае з друкарні, выданне асноўнай кнігі малітваў і набажэнстваў для кожнага католіка Беларусі — малітоўніка «Ойча наш». Гнуткая, пластычная вокладка... Танюсенькія раўнюткія старонкі, якія яшчэ пахнуць друкарскай фарбай... Знаёмыя амаль на памяць тэксты нібы набываюць новы сэнс, калі перагортваеш гэтыя злёгку скрыпучыя ад навізны лісткі чацвёрнага выдання малітоўніка.

Амаль з маланкавай хуткасцю разышліся тры папярэднія выданні, і радуе тое, што і чацвёрты наклад таксама не застанецца доўга на паліцах кнігарні. І не таму, што ў гэтым выданні тэксты малітваў і набажэнстваў выпраўлены ў адпаведнасці з новапрынятымі літургічнымі нормамі ці новым правапісам, а таму, што нас, вернікаў, становіцца ўсё больш і больш. 

Прачытваючы мастацкую ці навукова-папулярную кнігу, звычайна надоўга адкладваеш яе на паліцу — у лепшым выпадку да таго моманту, калі захочацца яе перачытаць. Малітоўнік жа — неад’емны спадарожнік у жыцці кожнага верніка: на святой Імшы, у чарзе да канфесіянала, дома ўвечары на малітве гэтая кніга заўсёды просіцца нам у рукі... Усё гэта — дзякуючы простаму зместу, у які ўваходзяць тэксты асноўных малітваў, кароткі катэхізіс, парадак святой Імшы і малітвы, звязаныя з цэлебрацыяй сакрамэнтаў, апісанне Крыжовага шляху, Ружанец, песні на ўсе перыяды літургічнага года, літаніі і розныя іншыя набажэнствы.

Спадзяемся, што кожны карыстальнік гэтай кнігі праз глыбокі кантакт з Богам у малітве спазнае Яго шчодрыя ласкі, вялікую любоў і бязмежную міласэрнасць.

Ганна Серэхан.

Набыць малітоўнік можна ў кнігарні «Духоўная кніга» 

(г. Мінск, вул. М. Багдановіча, 25), а таксама ў касцёльных кіёсках вашых парафій.

Мы вельмі радыя
бачыць вас на сайце
часопіса «Ave Maria».
Гэта плён працы
неабыякавых людзей,
якія з радасцю ствараюць
гэты часопіс для вас.

Падпіска
Ахвяраванні

Сайт часопіса „Ave Maria“ Мінска-Магілёўскай архідыяцэзіі Рыма-каталіцкага Касцёла ў Беларусі

Часопіс існуе дзякуючы вашым ахвяраванням. Сёння мы просім вашай дапамогі — нават невялікая сума падтрымае нас.

Падрабязней