«Дзе Абэль, брат твой?» святая Імша за ахвяраў разні ў Іраку і за мір у гэтай краіне

18 жніўня ў мінскім архікатэдральным касцёле Імя Найсвяцейшай Панны Марыі адбылася святая Імша за ахвяраў разні ў Іраку і за мір у гэтай краіне. 

Імшу ўзначаліў Апостальскі нунцый у Беларусі арцыбіскуп Клаўдыё Гуджэроцці. Эўхарыстыю канцэлебраваў Мітрапаліт Мінска-Магілёўскі арцыбіскуп Тадэвуш Кандрусевіч. У святой Імшы ўдзельнічалі намеснік Упаўнаважанага па справах рэлігій і нацыянальнасцяў Уладзімір Ламека, кіраўнік Аддзела адукацыі і катэхізацыі Мінскай епархіі протаіерэй Аляксандр Шымбалёў (ад Праваслаўнай Царквы), прадстаўнікі дзяржаўнай улады, дыпламатычнага корпуса, святары, кансэкраваныя асобы і ўсе, хто пажадаў духоўна праявіць сваю салідарнасць з іракцамі, каб пераламіць абыякавасць свету і маліцца за мір.

(З гаміліі Апостальскага нунцыя ў Беларусі арцыбіскупа Клаўдыё Гуджэроцці)

<...>

Касцёл — гэта месца, дзе веруючыя адзначаюць самыя важныя падзеі свайго жыцця. Сёння нас сабрала тут вельмі сумная падзея — масавае забойства, якое адбываецца ў Іраку ў імя Бога. 

Чытанне сённяшняй літургіі — гэта аповед пра першае забойства ў гісторыі чалавецтва. Каін і Абэль — браты. Кожны з іх хоча прынесці Богу дар ад сваёй працы. Абодва яны пабожныя. Каін прымае рашэнне забіць свайго брата, таму што перакананы, што на прынашэнне Абэля Бог паглядзеў з прыхільнасцю, а на яго дар Бог не паглядзеў. Першае забойства звязана з рэлігіяй.

На працягу стагоддзяў пры­хільнікі рэлігіі часам забівалі людзей, думаючы дагадзіць гэтым Богу. Таксама тыя, хто быў супраць рэлігіі, забівалі людзей, жадаючы даказаць, што Бога няма. Не існуе ні якаснай, ні колькаснай розніцы паміж гэтымі грахамі.

Сёння мы абавязаны кры­чаць: не забівайце ў імя Бога! Нам здавалася, што пасля такога доўгага часу хаця б веруючым павінна быць зразумела, што забойства — гэта святатацтва, гэта непрыняцце Божай любові. Калі Бог любіць кожную чалавечую істоту, як жа можна забіць стварэнне рук Божых? Калі Бог стварыў мужчыну і жанчыну паводле свайго вобразу і падабенства (пар. Быц 1, 26), як жа можна працяць ікону Бога, Яго сапраўдную кроў?

Але сёння мы зноў тут, каб сведчыць пра тое, што нічога не змянілася.

Мы ўсё яшчэ ганарымся нашым прагрэсам, нашымі правамі чалавека, веліч якіх мы спасцігалі на працягу стагоддзяў. Аднак мы бачым, што наш прагрэс, нашыя правы чалавека патаптаныя, адпрэчаныя, здраджаныя.

Мы знаходзімся тут, каб прызнаць свой сорам. Мы ўсе ігралі ў тую самую гульню. Бог пытаецца ў Каіна: «Дзе Абэль, брат твой?». І мы для выгляду адказалі так, як гэта зрабіў Каін: «Не ведаю. Хіба я вартаўнік брата свайго?» (Быц 4, 9).

Забойства пачынаецца не ў момант самога злачынства, яно пачынаецца з пераканання ў тым, што мы не нясём адказнасці. Мы думаем, што гэта адбываецца далёка, што гэта група звар’яцелых людзей. Не, усё не так проста. Мы нясём адказнасць. Дапускаць разню — тоесна ўдзелу ў ёй. Міжнароднае маўчанне было вельмі красамоўнае ў апошнія дні. Маўчанне з’яўляецца кампанентам разні, які спрыяе і нават падтрымлівае яе. Не ў меншай ступені кампанентам разні з’яўляюцца таксама безразважныя палітычныя рашэнні, якія былі прынятыя ў мінулым. Сённяшняе масавае забойства — гэта толькі наступства тых рашэнняў. 

Вам патрэбны прыклад такой варварскай разні? Я прывяду цытату з заявы Папскай рады па міжрэлігійным дыялогу, старшынёю якой з’яўляецца кардынал Жан-Луі Таран, той самы, які год назад быў у Мінску як Папскі легат для ўдзелу ва ўрачыстасці Маці Божай Будслаўскай: «Забойства людзей толькі за іх рэлігійную прыналежнасць; гнюсная практыка абезгалоўлівання, укрыжавання і вешання мёртвых целаў на грамадскіх плошчах; навязаны хрысціянам і езідам выбар паміж навяртаннем у іслам, выплатаю даніны (джызья) або сыходам; <...> выкраданне дзяўчатаў і жанчынаў, якія належаць да супольнасцяў езідаў і да хрысціянскіх супольнасцяў, у якасці ваеннага трафея (сабая); варварскае ўкараненне практыкі інфібуляцыі; разбурэнне месцаў культу, хрысціянскіх і мусульманскіх маўзалеяў; захопліванне або апаганьванне касцёлаў і кляштараў; знос крыжоў і іншых рэлігійных сімвалаў хрысціянскіх і іншых рэлігійных супольнасцяў; <...> агіднае насілле з мэтаю трымаць людзей у страху і прымушаць іх здавацца або ўцякаць».

Старшыня Папскай рады па міжрэлігійным дыялогу заяўляе: «Ніякая прычына і, безумоўна, ніякая рэлігія не можа апраўдаць такое варварства. Гутарка ідзе пра найцяжэйшую абразу чалавецтва і Бога».

Спасылаючыся на мірнае суіснаванне хрысціянаў і мусульманаў на працягу стагоддзяў і сучасны дыялог паміж гэтымі рэлігіямі, кардынал Таран сцвярджае: «Драматычная сітуацыя хрысціянаў, езідаў і іншых рэлігійных супольнасцяў, якія з’яўляюцца колькаснай меншасцю ў Іраку, патрабуе выразнага і мужнага выбару сваёй пазіцыі з боку рэлігійных лідараў, перш за ўсё мусульманскіх, з боку тых, хто задзейнічаны ў міжрэлігійным дыялогу, і ўсіх людзей добрай волі. Усе павінны адзінадушна асудзіць, без якойсьці двухсэнсоўнасці, гэтыя злачынствы, а таксама выкарыстанне рэлігіі для іх апраўдання <...>. Рэлігійныя лідары пакліканыя паўплываць на кіраўнікоў, каб гэтыя злачынствы спыніліся, каб злачынцы былі пакараныя і па ўсёй краіне аднавілася прававая дзяржава, забяспечваючы вяртанне тых, хто быў выгнаны». Разам з Папам і іншымі хрысціянскімі лідарамі вялікі муфцій Аль-Азхара асудзіў злачынствы так званага Халіфата. Мы чакаем далейшых заяваў (і не толькі ад рэлігійных лідараў) з Поўначы і Поўдня, Усходу, Блізкага Усходу і Захаду і ад міжнароднай супольнасці.

Кардынал Таран заяўляе: «Тыя ж рэлігійныя лідары не павінны маўчаць пра тое, што падтрымка, фінансаванне і ўзбройванне тэрарызму заганныя».

Так, мае дарагія сябры, таму што мы паміраем ад зброі, якая намі ж была прададзеная. Мы паміраем таксама ад рук грамадзянаў заходніх краінаў, і гэта далёка не маленькая група людзей, якія далучыліся да гэтай страшнай банды.

Мы ўсе нясём адказнасць, гэтаксама як нясём адказ­насць за злачынствы, учыненыя ў мінулым у імя Бога або ў імя атэістычнай ідэалогіі.

Адказам на рытарычнае пытанне Бога, зададзенае Каіну, з’яўляецца: «Так, я вартаўнік брату майму, таму што ён мой брат». Таму што я, ты, усе адказваем за ўсіх, а ў дадзены момант — за працяглае аглушальнае маўчанне палітыкаў і дыпламатаў або за грошы, якія зарабляюцца на спекуляцыі целамі ахвяраў і рабстве толькі для таго, каб узбагаціцца самім, узбагаціць сваё лобі і сваю дзяржаву.

Вернемся да біблійнага фрагмента, у якім гаворыцца пра смерць Абэля. Паслухаем словы Бога, якія выклікаюць страх: «Што зрабіў ты? Голас крыві брата твайго ўсклікае да Мяне з зямлі. Цяпер ты пракляты на зямлі, якая раскрыла свае вусны і прыняла кроў твайго брата ад рукі тваёй» (Быц 4, 10–11). 

Няхай Бог змілуецца над загінулымі, абароніць ахвяры, наверне сэрцы забойцаў і дасць нам мудрасць жыць і дзейні­чаць так, каб мы маглі пазбегнуць страшнага пракляцця ад зямлі і Божага гневу.

Пане, дапамажы нам зразумець, што недальнабачныя, эгаістычныя рашэнні брукуюць шлях пачварным разбурэнням. Пане, змілуйся над намі ўсімі! Амэн.

Паводле Catholic.by

Цэтлікі: Падзеі

Мы вельмі радыя
бачыць вас на сайце
часопіса «Ave Maria».
Гэта плён працы
неабыякавых людзей,
якія з радасцю ствараюць
гэты часопіс для вас.

Падпіска
Ахвяраванні

Сайт часопіса „Ave Maria“ Мінска-Магілёўскай архідыяцэзіі Рыма-каталіцкага Касцёла ў Беларусі

Часопіс існуе дзякуючы вашым ахвяраванням. Сёння мы просім вашай дапамогі — нават невялікая сума падтрымае нас.

Падрабязней