Аd limina Apostolorum: ад мінулага да сучаснасці
07.02.2018|Падзеі

У Рыме завяршаецца візіт каталіцкіх біскупаў Беларусі аd limina Apostolorum, г. зн. візіт да грабніцаў святых Апосталаў, які распачаўся 31 студзеня. Усе беларускія каталіцкія іерархі прыехалі ў Ватыкан для афіцыйных сустрэчаў, у першую чаргу з Папам Рымскім, каб акрэсліць сітуацыю ў сваіх дыяцэзіях і абмеркаваць пытанні жыцця Касцёла ў Беларусі ў дэкастэрыях Рымскай курыі.


Менавіта ў Рыме прынялі мучаніцкую смерць апосталы Пётр і Павел і былі там пахаваныя, таму такія візіты біскупаў у Ватыкан называюцца візітамі да апостальскіх парогаў.

Яшчэ з ранніх часоў хрысціянства існавала традыцыя наведвання Рыма біскупамі, адказнымі за партыкулярныя Касцёлы. Для таго, каб падкрэсліць адзінства з паўсюдным Касцёлам, біскупы прыбывалі ў Рым на сустрэчу са Святым Айцом і маліліся каля грабніцаў Апосталаў. З часоў сіноду 343 года біскупы абавязаныя інфармаваць Папу аб справах у іх дыяцэзіях.

Апроч сёлетняга, такіх візітаў у сучаснай гісторыі Каталіцкага Касцёла ў Беларусі было тры: у 1997-м, 2003-м і 2009-м годзе. Святы Айцец Ян Павел ІІ падчас першага візіту аd limina Apostolorum, звяртаючыся да беларускіх біскупаў, назваў Касцёл на Беларусі «знакам надзеі», «вясною, спасланаю Богам, пасля доўгай, цяжкай зімы камунізму і атэізму».

У 2003 годзе адбыўся другі візіт беларускіх біскупаў аd limina Apostolorum. У 1997 г. у Каталіцкім Касцёле на Беларусі былі менаваны яшчэ чатыры біскупы, утворана новая, Віцебская дыяцэзія, заснавана Канферэнцыя Каталіцкіх Біскупаў у Беларусі. На сустрэчу з папам Яна Паўлам ІІ прыбыла дэлегацыя на чале з кардыналам Казімірам Свёнткам, у складзе якой былі біскупы Антоні Дзям’янка, Аляксандр Кашкевіч, Уладзіслаў Блін, Казімір Велікаселец, Кірыл Клімовіч і архімандрыт Сяргей Гаек. У першую чаргу Святы Айцец звярнуў увагу на душпастырства сем’яў. Папа Рымскі таксама заклікаў біскупаў распаўсюджваць Божае слова і літургічныя тэксты на беларускай мове сярод вернікаў, каб малітва для іх стала «асноўным момантам сярод штодзённых абавязкаў». Папа Ян Павел ІІ выказаў падзяку каталіцкім іерархам за працу з моладдзю, якая ўсё больш канцэнтруецца ў буйных гарадах, асабліва ў Мінску, насельніцтва якога складае 20 % ад усяго ў нашай краіне.

{gallery}2018-02-01{/gallery}

Візіт аd limina Apostolorum  у канцы 2009 года адбываўся ў складзе кардынала Казіміра Свёнтка, біскупаў Тадэвуша Кандрусевіча, Антонія Дзям’янкі, Аляксандра Кашкевіча, Уладзіслава Бліна, Казіміра Велікасельца і архімандрыта Сяргея Гаека. Каталіцкія іерархі сустракаліся ўжо з Папам Рымскім Бэнэдыктам XVI, які з кожным біскупам сустрэўся на прыватнай аўдыенцыі. Падчас сустрэчаў у кангрэгацыях закраналіся найбольш балючыя тэмы. Напрыклад, Кангрэгацыяй веравучэння выказвалася занепакоенасць значнай колькасцю разводаў і абортаў у нашай краіне, а таксама ўсё большай папулярнасцю штучнага апладнення, што супярэчыць веравучэнню Каталіцкага Касцёла.

Прадстаўнікі Кангрэгацыі па справах Усходніх Цэркваў выказалі пажаданне больш інтэнсіўнага развіцця Грэка-каталіцкай супольнасці ў Беларусі ў цесным супрацоўніцтве з Касцёлам лацінскага, альбо рымскага абраду. А Бэнэдыкт XVI асабліва падкрэсліў архіважнасць братняга супрацоўніцтва з Праваслаўнаю Царквою ў Беларусі.

{gallery}2018-02-02{/gallery}

Сёлета дэлегацыя з Беларусі падчас візіту аd limina Apostolorum наведала Рым у складзе біскупаў Тадэвуша Кандрусевіча, Аляксандра Кашкевіча, Казіміра Велікасельца, Антонія Дзям’янкі, архімандрыта Сяргея Гаека, упершыню у такім візіце ўдзельнічаюць біскупы Юрый Касабуцкі, Алег Буткевіч, Юзаф Станеўскі і Аляксандр Яшэўскі.

Як зазначыў Мітрапаліт Тадэвуш Кандрусевіч, сустрэча з папам Францішкам прайшла ў добрай духоўнай атмасферы, «быццам бацька сям’і сустрэўся са сваімі дзецьмі», што стала моцнаю падтрымкаю для беларускіх біскупаў. Пантыфіка занепакоіла сітуацыя вакол падпісання канкардату паміж Беларуссю і Апостальскім Пасадам. Таксама падчас сустрэчы са Святым Айцом была  абмеркавана магчымасць стварэння ў Беларусі новых дыяцэзій. Папа Францішак здзівіўся сітуацыі з замежнымі святарамі ў Беларусі, якія сутыкаюцца з цяжкасцямі пры атрыманні дазволу на служэнне ў нашай краіне, а таксама Папу занепакоіла сітуацыя са святарамі-турыстамі, якія не могуць цэлебраваць св. Імшу на тэрыторыі Беларусі без дазволу ўладаў. «Гэта супярэчыць агульнай тэндэнцыі інтэрнацыяналізацыі Паўсюднага Касцёла», — заўважыў Святы Айцец. Беларускія іерархі запрасілі Папу ў Беларусь, на што Святы Айцец адказаў радаснаю згодаю і нагадаў, што зацікаўлены ў такім візіце.

Беларускія іерархі таксама правялі шэраг сустрэчаў у розных Кангрэгацыях, дзе былі абмеркаваныя пытанні каталіцкай адукацыі ў Беларусі, далейшых перакладаў літургічных тэкстаў, адносінаў з Праваслаўнаю Царквою і інш.

{gallery}2018-02-03{/gallery}

Няма сумненняў, што вынікі візіту паспрыяюць далейшаму плённаму развіццю Касцёла ў Беларусі, узрастанню веры беларускіх католікаў, бо візіты аd limina Apostolorum заўсёды з’яўляюцца красамоўным знакам еднасці з Хрыстовым Касцёлам, а таксама надзеяй на благаслаўлёную будучыню для ўсяго нашага народа.

Больш падрабязна з вынікамі візіту беларускіх біскупаў у Рым можна пазнаёміцца на іншых інфармацыйных каталіцкіх парталах.


Падрыхтавала Вольга Качалка
Паводле часопісаў «Ave Maria» № 3 (2003), № 1 (2010)

і  каталіцкіх інфармацыйных інтэнэт-парталаў

Фота: L'Osservatore Romano,
Беларуская рэдакцыя Ватыканскага радыё

Цэтлікі: Падзеі

Мы вельмі радыя
бачыць вас на сайце
часопіса «Ave Maria».
Гэта плён працы
неабыякавых людзей,
якія з радасцю ствараюць
гэты часопіс для вас.

Падпіска
Ахвяраванні

Сайт часопіса „Ave Maria“ Мінска-Магілёўскай архідыяцэзіі Рыма-каталіцкага Касцёла ў Беларусі

Часопіс існуе дзякуючы вашым ахвяраванням. Сёння мы просім вашай дапамогі — нават невялікая сума падтрымае нас.

Падрабязней