Новы нумар квартальніка «Наша вера» пачынаецца публікацыяй трактата св. Яна ад Крыжа «Узыход на гару Кармэль» (пер. з ісп. мовы С. Грэсві; працяг).
Пад рубрыкай «Дыскусія» друкуюцца два матэрыялы з часопіса «W drodze», прысвечаныя нашумелай адгартацыі папы Францішка «Amoris laetitia» («Новая ўспрымальнасць Касцёла?» і «Статак ведае, куды ісці»).
Працягваецца публікацыя перакладу кнігі К. С. Льюіса «Чатыры віды любові» (раздзел VІ «Міласэрная любоў», пер. з англ. мовы Ю. Шэдзько).
Гісторык А. Шпунт прапануе ўвазе чытачоў арт. «Княгіня Магдалена Радзівіл — вялікая беларуская мецэнатка».
У рубрыцы «Мастацтва» вядомы калекцыянер, рэстаўратар І. Сурмачэўскі ў арт. «Палескі іканастас» піша пра ўнікальныя народныя абразы (працяг публікацыі).
Гісторыі першага ў Рэчы Паспалітай касцёла св. Яна Боскі прысвечаны арт. дыякана А. Ляшнеўскага SDB «Салезіянская „Атлантыда“ на беларускай зямлі».
У арт. Ю. Лаўрыка «Гісторыя бібліятэкі будслаўскага канвента айцоў бэрнардынаў» апавядаецца пра адзін з найцікавейшых кляштарных кнігазбораў у Беларусі.
Арт. абатысы бэнэдыктынскага кляштара ў Льежы (Бельгія) Мары-Крыстын Расіён «Хільдэгарда Бінгенская» знаёміць чытачоў з постаццю жанчыны, якую святы Бэрнард называў «Mater et Magistra» (пер. з франц. мовы А. Ціханавай).
У рубрыцы «Паэзія» друкуюцца вершы М. Дуксы і А. Спрынчан.
У эсэ «Свіронак з майго шчаслівага маленства» Д. Бічэль піша пра свае родныя мясціны.
Пра новую кнігу вершаў кс. Яна Твардоўскага «Перакажыце гэта далей» у перакладзе на беларускую мову К. Лялько («Про Хрысто», 2018) піша Г. Шаўчэнка.
Памяці таленавітага беларускага фалькларыста А. Ліса прысвечана развітальнае слова К. Лялько.
Вядомы фалькларыст У. Васілевіч у арт. «З кагорты пачынальнікаў» піша пра знакамітых беларускіх вучоных — братоў Канстанціна і Яўстаха Тышкевічаў, якія разам закладалі асновы музейнай справы ў Беларусі.
Літаратуразнаўца І. Багдановіч прапануе ўвазе чытачоў свой пераклад апавядання польскамоўнай беларускай пісьменніцы Г. Пузыні «За і супраць».
Мастак М. Купава ў арт. «Дзень медыцынскага работніка Беларусі» разважае пра Францішка Скарыну як таленавітага лекара, доктара медыцыны. Гэтай жа тэме прысвечаны арт. В. Равінскага «Лекар Францішак Скарына і яго час».
Доктар мастацтвазнаўства Т. Габрусь у арт. «Драўляныя базылікі Беларусі» апавядае пра адзін з найцікавейшых відаў сакральнага дойлідства.
Набыць часопіс можна:
- у кнігарні «Духоўная кніга» (г. Мінск, вул. Багдановіча, 25, пн–пт: 11.00–18.00);
- у парафіяльных кіёсках і пробашчаў парафій;
- альбо звяртайцеся ў рэдакцыю па тэл. (017) 293 17 50.

