«Грай Пану» — гэта з’езд хрысціянскіх музыкаў, арганізаваны ўдзельнікамі «Rybyproject» ужо трэці раз у парафіі Маці Божай Будслаўскай у Мінску. Нібыта нічога асаблівага не адбылося: чарговая сустрэча хрысціянскіх музыкантаў. Але каб унутры ўгрунтавалася ўсё тое багацце, што мы атрымалі падчас яе, патрэбна будзе шмат часу. Думаю, гэта паказчык таго, што з’езд «Грай Пану» патрэбны, але патрэбны не толькі ўдзельнікам, але і арганізатарам — цяпер я гэта ведаю.
Папярэднія з’езды праводзіліся ў жодзінскім касцёле і працягваліся тры дні. Адметнасцю трэцяга з’езду было тое, што ён быў усяго толькі дзень у Мінску і там не было прывычных майстар-класаў па ігры на інструментах і вакалу. Гэтым разам мы вырашылі падзяліцца з удзельнікамі з’езд сваімі думкамі, пра тое, што ляжала на сэрцы. А каб гэта выглядала больш натуральна, выступленні спікераў былі не ў прывычнай форме маналогу, але ў форме ток-шоў. Вядучы вёў няспынны дыялог з залам, запрашаў да мікрафона людзей і прасіў расказаць якую-небудзь смешную гісторыю, пасля ён выклікаў спікераў, выступленне якіх станавілася таксама своеасаблівым дыялогам з вядучым — такім чынам уся сустрэча да канца заставалася «жывою». Можна сказаць, што адбылася размова даўжынёю ў дзень.
Мы як арганізатары самі да канца не ведалі, да чаго прывядзе такая форма сустрэчы. Справа ў тым, што многія тэмы для размовы нараджаліся ўжо ў працэсе мерапрыемства. Канешне, многія з нас, арганізатараў, падрыхтавалі паўнавартасныя выступленні з прэзентацыямі, але мы хацелі найперш арыентавацца на прысутных, на іх патрэбы і расстаўлялі акцэнты сваіх выступленняў, зыходзячы ад настрою публікі. Такі фармат апраўдаў сябе цалкам: госці слухалі нас, мы слухалі іх, а галоўнае — усе слухалі ўсіх.
Запрасіўшы людзей на сустрэчу, мы больш за ўсё не хацелі выступаць у якасці нейкіх «гуру» ці аўтарытэтаў, мы хацелі проста падзяліцца тым, што лічым важным, праз што самі прайшлі і перажылі. Падчас выступаў пагаварылі пра онлайн- і офлайн-прысутнасць у інтэрнэце як асобнага чалавека, так і музычных гуртоў, паразважалі пра небяспекі, звязаныя з віртуальнай прасторай. Мы расказалі таксама, як некаторыя з «Рыб» паўдзельнічалі гэтым летам у найбольш вядомых у Польшчы каталіцкіх музычных з’ездах. Таксама размовы былі прысвечаныя музычнаму густу, складанню песняў, малітве ў сям’і, прагучала сведчанне пра значэнне музыкі ў фармаванні сям’і...
Вядома, што са свайго боку я магу расказваць толькі пра нешта добрае і пазітыўнае, бо інакш я не пісала б гэтага тэксту. Але сапраўды, я сама не чакала, што настолькі цёпла будзе пасля гэтага дня, атуленага любоўю. Думаю, у такіх спатканняў ёсць вялікая будучыня, бо ў нефармальнай абстаноўцы мы, часам незнаёмыя людзі, дзяліліся досведам жыцця ў Хрысце. Прапаную паглядзець, як убачыла гэтую сустрэчу Ганна Клімовіч праз свой аб’ектыў. А больш фота і відэа вы зможаце паглядзець на афіцыйных пабліках у сацсетках «Rybyproject».
Вольга Качалка
Фота і відэа Ганны Клімовіч