Канферэнцыі Каталіцкіх Біскупаў у Беларусі — 20 гадоў

11 лютага 1999 года ў Каталіцкім Касцёле на Беларусі адбылася значная гістарычная падзея. У гэты дзень прайшоў устаноўчы сход Канферэнцыі Каталіцкіх Біскупаў у Беларусі, у склад якой тады ўваходзілі арцыбіскуп Мітрапаліт Мінска-Магілёўскі, Апостальскі адміністратар Пінскай дыяцэзіі кардынал Казімір Свёнтэк, біскуп Гродзенскі Аляксандр Кашкевіч і яго дапаможны біскуп Антоні Дзям’янка.


Стварэнне гэтай структуры наогул стала магчымым дзякуючы таму, што напрыканцы 1998 года ў Гродне атрымаў біскупскае пасвячэнне Антоні Дзям’янка, які стаў трэцім іерархам на тэрыторыі Беларусі. Такім чынам, з’яўленне Канферэнцыі Біскупаў стала выразным знакам сапраўднага адраджэння Касцёла ў нашай краіне і ўмацавання яго структуры, практычна знішчанай у выніку атэістычнага пераследу ў савецкія часы. Першым старшынёю навастворанага беларускага епіскапату стаў першы кардынал у сучаснай гісторыі Беларусі Казімір Свёнтэк — непахісны сведка веры, чалавек, які на сваіх уласных плячах мужна пранёс крыж пераследу і ганенняў.

Калі Канферэнцыя Каталіцкіх Біскупаў у Беларусі пачыналася толькі з трох іерархаў — мінімальнай колькасці, неабходнай для стварэння гэтай структуры, — то сёння ў яе склад уваходзяць ажно восем біскупаў. Гэта арцыбіскуп Тадэвуш Кандрусевіч, Мітрапаліт Мінска-Магілёўскі, біскуп Пінскі Антонi Дзям’янка, біскуп Гродзенскі Аляксандр Кашкевіч, біскуп Віцебскі Алег Буткевіч, дапаможныя біскупы Мінска-Магілёўскай архідыяцэзіі Юрый Касабуцкі і Аляксандр Яшэўскі SDB, дапаможны бiскуп Пінскай дыяцэзіі Казiмiр Велікаселец і дапаможны біскуп Гро­дзенскай дыяцэзіі Юзаф Станеўскі.

Сённяшні склад Канферэнцыі Каталіцкіх Біскупаў Беларусі
падчас візіту
аd limina Apostolorum, 2018 г.

Слова «канферэнцыя» мае лацінскае паходжанне. Яно ўтворана ад дзеяслова confercio, што азначае «збіраць разам у адным месцы». Большасць людзей най­часцей звязвае яго з уяўленнем пра нейкі навуковы сход, на якім чытаюцца даклады і адбываюцца дыскусіі. Яшчэ камусьці ўзгадаецца прэс-канферэнцыя, на якой даюць адказы на пытанні журналістаў. У Касцёле апошнім часам гэтае слова ўжываецца таксама ў значэнні духоўнага настаўлення, якое прамаўляецца ў форме казання або дакладу на рэлігійную ці маральную тэматыку.

Разам з тым мала хто ведае, што калісьці слова «канферэнцыя» азначала таксама калегіяльны орган кіравання рознымі складанымі структурамі, напрыклад, вышэйшымі навучальнымі ўстановамі — універсітэтамі. Менавіта ў такім значэнні гэтае слова ўжываецца і тады, калі гаворка ідзе пра Канферэнцыю Каталіцкіх Біскупаў, або, інакш кажучы, епіскапат.

У Рыма-каталіцкім Касцёле гэта своеасаблівая рада біскупаў, якая аб’ядноўвае іерархаў пэўнай тэрыторыі, найчасцей нейкай адной краіны, як у Беларусі. Мэта Канферэнцыі Біскупаў у тым, каб каардынаваць працу іерархаў і паляпшаць іх супрацоўніцтва дзеля вырашэння агульных праблем. Пры гэтым паводле кананічнага права Канферэнцыя сама па сабе не мае кіраўнічых паўнамоцтваў і не з’яўляецца вышэйшай уладай для паасобных біскупаў.

Праца Канферэнцыі Біскупаў адбываецца ў калегіяльнай форме на пленарных пасяджэннях. Гэтыя пасяджэнні зазвычай праходзяць прынамсі двойчы на год, але з нейкіх важных прычынаў могуць быць скліканыя і ў надзвычайным парадку. Так, разам з надзвычайнымі, на сёння Канферэнцыя Каталіцкіх Біскупаў у Беларусі правяла ўжо 73 пленарныя пасяджэнні. Як правіла, пасля кожнага пасяджэння — а яны праходзяць у закрытым рэжыме — з’яўляецца афіцыйнае паведамленне, якое друкуецца ў каталіцкіх СМІ.

У склад Канферэнцыі Біскупаў уваходзяць біскупы лацінскага і візантыйска-грэцкага абрадаў і зраўнаныя з імі ў правах, біскупы-каад’ютары (у Беларусі такіх няма), дапаможныя біскупы. Апостальскі Нунцый не з’яўляецца членам Канферэнцыі, але яго запрашаюць на кожнае пасяджэнне.

Існуюць розныя віды дакументаў, якія прымае Канферэнцыя Біскупаў. Перадусім, варта зазначыць, што ў Статуце Канферэнцыі Біскупаў у Беларусі ўсе біскупы, як дыяцэзіяльныя, так і дапаможныя, маюць вырашальны голас. Выключэнне складаюць толькі пытанні, звязаныя са зменамі ў Статуце — у такой сітуацыі вырашальны голас маюць толькі дыяцэзіяльныя біскупы, тыя, хто мае роўныя з імі правы, і біскупы-каад’ютары. У залежнасці ад важнасці для жыцця Касцёла некаторыя дакументы павінны быць прыняты аднагалосна, некаторыя — дзвюма трэцямі галасоў, а некаторыя — звычайнай большасцю.

Як і кожная іншая Канферэнцыя Біскупаў, беларускі епіскапат мае свой зацверджаны Апостальскай Сталіцай Статут. У ім замацаваны кірункі дзейнасці Канферэнцыі Біскупаў, яе склад, пастаянная рада, генеральны сакратарыят, а таксама арганізацыя пленарных пасяджэнняў, якія, пра што мы ўжо казалі, адбываюцца прынамсі два разы на год, як тое прадпісвае Статут. Паводле Статуту, да пастаянных органаў Канферэнцыі Біскупаў адносяцца старшыня і яго намеснікі, якія выбіраюцца на акрэслены тэрмін; пастаянная рада, якая займаецца падрыхтоўкай пленарных пасяджэнняў, і генеральны сакратарыят, які мае заданне падрыхтоўкі дакументацыі пленарных пасяджэнняў, інфармуе аб прынятых епіскапатам пастановах суседнія Канферэнцыі Біскупаў і Апостальскую Сталіцу.

Каталіцкія біскупы Беларусі падчас візіту аd limina Apostolorum, 2009 г.
У цэнтры - кардынал Казімір Свёнтэк

Акрамя таго, пры Канферэнцыі епіскапату могуць быць створаны камісіі і рады, якія зай­маюцца той ці іншай праблематыкай. Так, да Канферэнцыі Каталіцкіх Біскупаў у Беларусі сёння адносяцца наступныя ўстановы: Пленарны сход, Пастаянная рада, генеральны сакратарыят, біскупскія камісіі, рады і камітэты, утвораныя паводле нормаў Кодэксу кананічнага права.

Пастаянная рада складаецца са старшыні канферэнцыі, яго намесніка і генеральнага сакратара. З 2015 г. пасаду старшыні Канферэнцыі Каталіцкіх Біскупаў у Беларусі займае арцыбіскуп Тадэвуш Кандрусевіч, Мітрапаліт Мінска-Магілёўскі. Яго намеснікам з’яўляецца біскуп Гродзенскі Аляксандр Кашкевіч, а Генеральным сакратаром — біскуп Юзаф Станеўскі.

Пры беларускім епіскапаце дзейнічаюць наступныя камісіі: па справах фармацыi семiнарыстаў i святароў (старшыня — біскуп Аляксандр Яшэўскi SDB); Камісія Божага Культу і Дысцыпліны Сакрамэнтаў (старшыня — арцыбіскуп Тадэвуш Кандрусевiч); камісія па справах духавенства (старшыня — бiскуп Юрый Касабуцкi); камісія па справах агульнага пастырства (старшыня — біскуп Антонi Дзям’янка); камісія па справах каталіцкай адукацыі і катэхезы (старшыня — біскуп Аляксандр Яшэўскi SDB). Пры Камісіі Божага Культу і Дысцыпліны Сакрамэнтаў дзейнічаюць дзве дапаможныя секцыі: па перакладзе літургічных тэкстаў і афіцыйных дакументаў Касцёла і секцыя касцёльнай музыкі, а пры камісіі па справах каталіцкай адукацыі і катэхезы — асобная катэхетычная секцыя.

Фота Аляксандры Шчыглінскай

Акрамя таго, каталіцкія біскупы нашай краіны стварылі наступныя рады: па справах кантактаў з дзяржавай (старшыня — арцыбіскуп Тадэвуш Кандрусевiч); па справах сям’і (старшыня — біскуп Антоні Дзям’янка); па сродках сацыяльнай камунікацыі (старшыня — біскуп Юрый Касабуцкi); па справах экуменізму (старшыня — арцыбіскуп Тадэвуш Кандрусевіч); па справах свецкiх i моладзі, пастырства студэнтаў і працаўнікоў універсітэтаў (старшыня — біскуп Юзаф Станеўскi); па справах міграцыі, турызму і пілігрымак (старшыня — біскуп Аляксандр Кашкевiч); па справах цвярозасці (старшыня — біскуп Алег Буткевiч); па справах аховы культурнай спадчыны і асяроддзя (старшыня — біскуп Казімір Велікаселец); па справах дабрачыннасці, справядлівасці і міру (старшыня — біскуп Алег Буткевiч).

Назвы ўсіх гэтых структураў гавораць самі за сябе і не патрабуюць дадатковага тлумачэння. Яны сведчаць пра тое, наколькі ўсёабдымныя задачы стаяць сёння перад беларускім епіскапатам, які ў супрацоўніцтве са Святым Духам і ўсім верным народам мясцовага Касцёла ўжо на працягу дваццаці гадоў адважна, рашуча і адказна імкнецца даваць Хрыстовы адказ на ўсе найбольш важныя выклікі сучаснасці, каб несці і абвяшчаць добрую вестку Евангелля нашым суайчыннікам у ХХІ стагоддзі ад Нараджэння Збаўцы.


Падрыхтаваў
дыякан Мікола Гракаў

 

Мы вельмі радыя
бачыць вас на сайце
часопіса «Ave Maria».
Гэта плён працы
неабыякавых людзей,
якія з радасцю ствараюць
гэты часопіс для вас.

Падпіска
Ахвяраванні

Сайт часопіса „Ave Maria“ Мінска-Магілёўскай архідыяцэзіі Рыма-каталіцкага Касцёла ў Беларусі

Часопіс існуе дзякуючы вашым ахвяраванням. Сёння мы просім вашай дапамогі — нават невялікая сума падтрымае нас.

Падрабязней