Шаноўныя чытачы! У трэцім нумары часопіса «Ave Maria» мы запрашаем вас адважыцца зазірнуць у «вочы» сваіх страхаў.
Страх, на жаль, — неад’емная частка чалавечага жыцця. Можна паддацца яму, а можна навучыцца выкарыстоўваць. Досведам выкарыстання страху на карысць дзеліцца сталічны хірург Антаніна Гулько, якая штодня сустракаецца са страхам сваіх пацыентаў і з уласным страхам за іх жыццё.
Разам з ксяндзом Андрэем Рылкам мы разважаем над пытаннем, чым адрозніваецца боязь Божая, пра якую шмат гаворыць Святое Пісанне, ад страху перад Богам.
Мноства разоў у Евангеллі Бог заклікае нас: «Не бойцеся!». Матэрыял Ірыны Жарнасек прысвечаны адважным хрысціянам, якія настолькі давяралі Богу, што не пабаяліся аддаць уласнае жыццё з любові да Яго і да іншых людзей.
Беларуская статыстыка сведчыць аб хуткім павелічэнні сярэдняга ўзросту жыхароў краіны. Дзіўна, але сёння ўсё часцей з вуснаў людзей гучыць: «Не, мы не жадаем мець шмат дзяцей, гэта страшна». У артыкуле «Страх адказнасці» на досведзе шмадзетных беларусаў разглядаюцца міфы, звязаныя з жыццём у вялікіх сем’ях.
Таксама вас чакаюць традыцыйныя рубрыкі «Старонка псіхолага», «Школа малітвы», і цікавыя жыццёвыя сведчанні на тэму перажывання страхаў. У рубрыцы «Мы пра гэта пісалі» прапануем вам перанесціся на 25 гадоў назад і ўбачыць, што з’яўлялася на старонках часопіса «Ave Maria» чвэрць стагоддзя таму. У гэтым нумары разам з нашым слынным земляком Ігнатам Дамейкам маем мажлівасць адчуць атмасферу Вялікага тыдня ў Сант’яга, у Чылі...
Нагадваем пра конкурс да юбілею часопіса! Вас чакаюць узнагароды за ўдзел!
Юлія Шэдзько
Набыць часопіс можна:
- у кнігарні «Духоўная кніга» (г. Мінск, вул. Багдановіча, 25, пн–пт: 10.00–19.00, сб: 11.00-18.00, тэл: (017) 242 17 53);
- у парафіяльных кіёсках і пробашчаў парафій;
- альбо звяртайцеся ў рэдакцыю па тэл. (017) 356 17 50