Свята каталіцкай кнігі

З 4 па 7 красавіка выдавецтва «Про Хрысто» у чарговы раз удзельнічала ў кніжным кірмашы каталіцкіх выдаўцоў, які традыцыйна праходзіў у Каралеўскім замку ў Варшаве.


Гэта быў ужо XXV, юбілейны кірмаш, на які сабралася больш за сто польскіх выдавецтваў, а таксама некаторыя выдаўцы найбольш значных каталіцкіх часопісаў, якія друкуюць таксама кнігі сваіх пастаянных аўтараў. Напрыклад, такія, як тыднёвік «Gość niedzielny», наклад якога 180 тысяч экземпляраў, або двухмесячнік «Miłujcie się», вядомы ў нашай краіне сваёй рускамоўнай версіяй «Любите друг друга», які выдаецца накладам 150 тысяч экземпляраў.

Як і штогод, сёлетні кірмаш праходзіў пад ганаровым патранатам прэзідэнта Польшчы Анджэя Дуды і пад патранатам старшыні Канферэнцыі епіскапату Польшчы Станіслава Гандэцкага…

На гэты раз наш выдавецкі стэнд знаходзіўся побач са стэндам выдавецтва тынецкіх бэнэдыктынцаў з-пад Кракава, на якім прэзентаваліся кнігі слыннага польскага «блогера душаў», вядомага і любімага многімі фельетаніста а. Ляона Кнабіта.

Ксёндз Станіслаў Паўліна fDP, Крыстына Лялько, айцец бэнэдыктын Ляон Кнабіт

Два гады назад у часопісе «Ave Maria» мы друкавалі вялікае інтэрв’ю з а. Ляонам, а ў гэтым годзе мелі магчымасць кантактаваць з ім і назіраць, як штодня з самай раніцы да ягонага століка выстройвалася чарга тых, хто не толькі хацеў набыць яго кнігі і атрымаць аўтограф, але і перакінуцца з аўтарам некалькімі словамі. І ён, ужо амаль дзевяностагадовы манах, па-айцоўску цярпліва, з любоўю кожнага выслухоўваў, даваў парады, благаслаўляў або проста прытуляў да сябе. Назіраючы гэтую «духовую тэрапію», думалася пра тое, што ва ўсе часы чалавеку неабходна цяпло і ўвага. А яшчэ —вельмі патрэбная праўда. У сённяшнім свеце — асабліва. І менавіта яе шукае чытач у духоўнай літаратуры, шукае адказаў на складаныя пытанні чалавечай экзістэнцыі, якія яго хвалююць. Таму каталіцкая кніга ў Польшчы па-ранейшаму запатрабаваная, хоць многія выдаўцы, з кім даводзілася размаўляць, наракалі на зніжэнне накладаў, што, на жаль,  сведчыць пра зніжэнне чытацкай цікавасці да друкаванай прадукцыі, якую, як вядома, у пэўнай ступені замяняе электронная кніга і чытво ў інтэрнэце.

І ўсё ж удзел у такіх прадстаўнічых і прыгожых святах, несумненна, дадае аптымізму і ўмацоўвае надзею на тое, што кніга, нягледзячы ні на што, будзе жыць, што ў яе ёсць будучыня і што ёсць перспектыва ў кнігадрукавання. Пра гэта гаварыў на адкрыцці кніжнага фэсту аўтар кранальных твораў пра маці зямную і Маці Нябесную, біскуп Юзаф Завіткоўскі.

Зрэшты, у гэтым мелі магчымасць пераканацца і мы, бо выстаўленыя на стэндзе «Про Хрысто» кнігі таксама выклікалі жывую зацікаўленасць наведвальнікаў. Асабліва новая кніга доктара тэалогіі, былога канцлера Пінскай дыяцэзіі кс. Станіслава Паўліны fDP, якую ён напісаў, грунтуючыся на дакументальных крыніцах і прысвяціў слугу Божаму біскупу З. Лазінскаму і яго разважанням пра Святую Сям’ю, бо сам аўтар штодня прысутнічаў на выставе і ахвотна падпісваў сваю кнігу. Менавіта аўтарская прысутнасць, прэзентацыя новых выданняў — найбольш моцная матывацыя для набыцця кніг, і гэта ўлічваюць арганізатары кірмашу: тут адбываецца вельмі шмат цікавых прэзентацый і сустрэчаў з вядомымі аўтарамі…

Кс. Станіслаў Паўліна падпісвае сваю новую кнігу пра біскупа Зыгмунта Лазінскага («Про Хрысто», 2019)

Спадабалася гасцям выставы таксама новая двухмоўная кніга кс. Яна Твардоўскага «Гэтыя тры…», якая літаральна напярэдадні выставы выйшла з друку.

На стэндзе выдавецтва «Про Хрысто» таксама з поспехам прэзентаваліся кнігі «Новы Запавет» на беларускай мове, «Каментарыі да малітваў Веру ў Бога, Ойча наш, Вітай, Марыя» св. Тамаша Аквінскага, кніга «Выхоўваць з любоўю» доктара тэалогіі, кс. Андрэя Стэцкевіча, апошнія нумары часопісаў «Ave Maria» і «Наша вера»…

Варта ўдзельнічаць у такіх кніжных форумах, бо гэта не толькі пашырае кругагляд, паглыбляе прафесійны досвед, дае магчымасць набыць новыя цікавыя выданні, займець новыя знаёмствы і кантакты, але дазваляе таксама ўбачыць новыя перспектывы. І таму наша вялікая ўдзячнасць арганізатарам варшаўскага кніжнага кірмашу, асабліва яго дырэктару кс. Раману Шпакоўскаму SDB за спрыянне і падтрымку, за магчымасць удзелу ў гэтым прыгожым свяце каталіцкай кнігі.

Падчас выступу кс. Пятра Гляса

Пісьменніца Крыстына Лялько падчас інтэрв'ю «Польскаму радыё»


К. Л.

 

Цэтлікі: Падзеі

Мы вельмі радыя
бачыць вас на сайце
часопіса «Ave Maria».
Гэта плён працы
неабыякавых людзей,
якія з радасцю ствараюць
гэты часопіс для вас.

Падпіска
Ахвяраванні

Сайт часопіса „Ave Maria“ Мінска-Магілёўскай архідыяцэзіі Рыма-каталіцкага Касцёла ў Беларусі

Часопіс існуе дзякуючы вашым ахвяраванням. Сёння мы просім вашай дапамогі — нават невялікая сума падтрымае нас.

Падрабязней