Напярэдадні Велікодных святаў, 16 красавіка мітрапаліт Мінска-Магілёўскі, арцыбіскуп Тадэвуш Кандрусевіч правёў традыцыйную прэс-канферэнцыю ў Мінску.
Яго Эксцэленцыя распавёў аб парадку Пасхальных урачыстасцяў, якія распачынаюцца на гэтым тыдні, і падзяліўся планамі мерапрыемстваў і святкаванняў, якія адбудуцца ў партыкулярным Касцёле ў бліжэйшы час. Мітрапаліт выказаў занепакоенасць некаторымі падзеямі, якія адбываюцца цяпер у нашай краіне, у прыватнасці пытаннямі гендарнай ідэалогіі, уведзенымі ў законапраект аб хатнім гвалце, і абмеркаваннем магчымасці правядзення бясплатных працэдур ЭКА для беларускіх жанчын. Як сказаў мітрапаліт, магчымасць зачаць дзіця для тысячы чалавек не вырашыць дэмаграфічную праблему ў краіне, калі падчас абортаў гінуць дзясяткі тысяч дзяцей. Спецыфіка правядзення працэдуры ЭКА супярэчыць вучэнню Каталіцкага Касцёла і таму недапушчальная для вернікаў.
Яго Эксцэленцыя таксама рашуча і адназначна выказаўся наконт сітуацыі, якая склалася ў Курапатах пад Мінскам, дзе на працягу апошніх тыдняў былі знішчаныя памятныя крыжы, пастаўленыя на месцы расстрэлу дзясяткаў тысяч людзей. Працытаваўшы «Кампендый сацыяльнага вучэння Касцёла» і афіцыйныя дакументы Праваслаўнай Царквы, мітрапаліт сказаў, што хрысціяне не могуць заставацца абыякавымі да знішчэння крыжа — галоўнага сімвала нашай веры, і мусяць гэтаму супрацьстаяць, бо так гаворыць афіцыйнае вучэнне Касцёла, і гэта не мае ніякага дачынення да палітыкі. Неабходна было папярэдзіць афіцыйных прадстаўнікоў рэлігійных супольнасцяў, вернікаў і людзей, неабыякавых да лёсу гэтага месца, аб неабходнасці добраўпарадкавання тэрыторыі, дзе адбылася вялікая трагедыя народа, каб супольна працаваць над гэтым.
Таксама Яго Эксцэленцыя выказаў салідарнасць з каталіцкай супольнасцю Францыі і ўсім французскім народам з нагоды пажару, які ўвечары 15 красавіка амаль знішчыў адну з самых значных святыняў краіны — сабор Маці Божай Парыжскай, і заклікаў беларусаў маліцца аб аднаўленні сабора.
Юлія Шэдзько