«Сумую па святасці...»

Дарагія чытачы, сардэчна запрашаю вас на старонкі ліпеньска-жнівеньскага нумару часопіса «Ave Maria», прысвечанага тэме святасці, якая, як вядома — асноўная і канчатковая мэта нашай зямной пілігрымкі.


Сумую па святасці...

Сумую па святасці, разлітай у бляску летніх світанкаў,
калі з-за небакраю выкочваецца яркі дыск сонца
і яго першыя прамяні абдымаюць
азяблую за ноч зямлю і саграюць яе
Боскім цяплом любові;
сумую па святасці птушак нябесных,
якія «ні сеюць, ні жнуць, ні збіраюць»,
а спевам сваім заўзята і шчыра славяць Бога;
сумую па святасці, укрытай у світальнай чысціні
бялюткіх зорак язміну,
у лекавай духмянасці пухнатых півоняў,
у дасканалай прыгажосці палявых лілеяў,
якія «ні працуюць, ні прадуць»,
а цешацца такім хараством і дасканаласцю;
сумую па святасці кожнай травінкі і кожнай былінкі —
трыпутніку і крываўніку, рамонку і чыстацелу,
якія з маўкліваю пакораю мяккім каберцам
кладуцца пад нашы здарожаныя ногі
падчас усіх зямных пілігрымак;
сумую па святасці, схаванай
у сцішаных водных глыбінях
нашых рэк і азёраў, над якімі
трапечуць улетку сінія стракозы
і цвітуць жоўтыя гарлачыкі;
сумую па святасці, якая свеціцца
ў вачах маёй прабабулі Марыяны,
што адышла ў вечнасць,
падняўшы на ногі дванаццаць сіротаў — сваіх унукаў,
а цяпер глядзіць з партрэта ў роднай хаце,
тулячы да сэрца абразок святога Францішка.
Букецікі кветак у яе сівых валасах
і буйныя пацеркі ружанца
абвіваюць яе спрацаваныя рукі…
Адзіная францішканка ў нашым родзе,
заступніца за ўсіх і ў кожнай патрэбе…

Ад пачатку святая, створаная Богам, прырода,
святая наша зямля і нябёсы над ёю,
святы чалавек, які гэтай святасці прагне
і яе не баіцца… 

Сумую, сумую па святасці, 
ды разумею: на жаль, у суме гэтым маім 
не хапае заўзятасці. 


Крыстына Лялько

 

Мы вельмі радыя
бачыць вас на сайце
часопіса «Ave Maria».
Гэта плён працы
неабыякавых людзей,
якія з радасцю ствараюць
гэты часопіс для вас.

Падпіска
Ахвяраванні

Сайт часопіса „Ave Maria“ Мінска-Магілёўскай архідыяцэзіі Рыма-каталіцкага Касцёла ў Беларусі

Часопіс існуе дзякуючы вашым ахвяраванням. Сёння мы просім вашай дапамогі — нават невялікая сума падтрымае нас.

Падрабязней