
Вераснёўскі нумар часопіса «Ave Maria» прысвечаны каталіцкай адукацыі, яе даўнім традыцыям, якія склаліся на нашых землях, бадай, з самага прыходу сюды хрысціянства. Гэтая тэма разглядаецца ў асноўных матэрыялах нумара. Яго дэвізам могуць быць словы св. Яна Паўла ІІ з прамовы да ўдзельнікаў Міжнароднага кангрэсу каталіцкіх вучэльняў Еўропы, якія прыводзіць галоўны рэдактар Крыстына Лялько, гаворачы пра мэту каталіцкай адукацыі: «прыўнесці ў культуру еўрапейскага грамадства <...> скарб Евангелля, каб будаваць цывілізацыю любові, братэрства, салідарнасці і супакою».
Наш пастаянны аўтар айцец Юрый Кулай OCD у сваім артыкуле «Шлях развіцця веры» разважае пра тое, што веры таксама трэба вучыцца, і разглядае этапы яе ўзрастання.
У грунтоўным інтэрв’ю ксёндз Ян Крэміс распавядае аб працы тэалагічнага каледжа ў Мінску. Стаць студэнтам каледжа — цудоўная магчымасць паглыбіць свае рэлігійныя веды і нават стаць спецыялістам-катэхетам, каб выкладаць рэлігію дзецям і дарослым. Навучанне ў каледжы завочнае і таму даступнае для ўсіх.
Вельмі важным месцам для многіх беларускіх вернікаў, якія жадаюць удасканальвацца ў веры, стаў рэкалекцыйны дом у Оршы. Пра курсы і рэкалекцыі, якія праводзяцца там, распавядае ў інтэрв’ю айцец марыянін Аляксандр Жарнасек МІС.
Айцец Яўген Голуб OFMConv распачынае ў вераснёўскім нумары часопіса серыю артыкулаў, асабліва цікавых для душпастыраў, якія працуюць з моладдзю. Ён разважае над тым, што такое сучаснае пакаленне моладзі — «пакаленне Z», і як працаваць з ім.
У рубрыцы «Мы пра гэта пісалі» узгадваем пра парады св. Тамаша Аквінскага студэнтам. Яго мудрыя словы не страцілі актуальнасці і сёння і могуць стаць добрым заахвочваннем да руплівай вучобы.
Спецыяльна для тых, хто замест прагляду серыялаў жадае прысвячаць свой час карысным рэсурсам і шукае магчымасці здабываць новыя веды праз інтэрнэт Дар'я Ахламёнак падрыхтавала спіс цікавых хрысціянскіх парталаў розных накірункаў і фарматаў.
У сталай рубрыцы «Святар адказвае на пытанне» ксёндз Андрэй Рылка распавядае, што такое масонства, у чым сутнасць гэтага вучэння і тлумачыць, чаму яно несумяшчальнае з хрысціянскаю вераю.
Таксама ў вераснёўскім часопісе мы пішам пра значную і радасную падзею для беларускага Касцёла: асвячэнне новай святыні ў Беліцы, мястэчку ў Гродзенскай дыяцэзіі, дзе гісторыя каталіцтва пачалася ў далёкім ХV стагоддзі.
Тут жа можна прачытаць вялікае інтэрв’ю з ардынарыем дыяцэзіі Аляксандрам Кашкевічам з нагоды яго 70-ці годдзя, у якім Яго Эксцэленцыя разважае аб развіцці Гродзенскай дыяцэзіі з часоў аднаўлення яе каталіцкіх структураў.
У інтэрв’ю з Валянцінай Аўсянікавай, якая вучыцца іканапісу, «Не ты пішаш ікону, а ікона піша цябе...» вы даведаецеся пра тое, што такое іканапісная школа, як і дзе можна атрымаць досвед пісання іконаў.
Нагадваем, што ў выдавецтве «Про Хрысто» выйшаў YOUCAT на беларускай мове. Вельмі простай мовай у форме пытанняў і адказаў у кнізе тлумачацца праўды хрысціянскай веры, сутнасць сакрамэнтаў, асновы хрысціянскай этыкі, таму гэтая кніга будзе вельмі карыснаю для ўсіх, хто жадае паглыбіць свае рэлігійныя веды, а таксама для выкладчыкаў рэлігіі, душпастыраў і катэхетаў.
Таксама працягваецца наш юбілейны конкурс, прысвечаны 25-годдзю часопіса «Ave Maria» . Запрашаем да ўдзелу!
Падрыхтавала Юлія Шэдзько
Набыць часопіс можна:
- у кнігарні «Духоўная кніга» (г. Мінск, вул. Багдановіча, 25, пн–пт: 10.00–19.00, сб.: 11.00-18.00);
- у парафіяльных кіёсках і пробашчаў парафій;
- альбо звяртайцеся ў рэдакцыю па тэл. (017) 356-17-50.