Мінскі Чырвоны касцёл наведаў Прэзідэнт Рэспублікі Куба

22 кастрычніка мінскі Чырвоны касцёл наведаў Прэзідэнт Рэспублікі Куба Мігель Дыяс-Канэль, які прыехаў у Беларусь з афіцыйным візітам і ў першы ж дзень выявіў жаданне наведаць каталіцкую святыню.


Прэзідэнта разам з жонкай і афіцыйнай дэлегацыяй прывітаў ля ўваходу ў касцёл арцыбіскуп Тадэвуш Кандрусевіч, мітрапаліт Мінска-Магілёўскі. Гасцей з Кубы ўрачыста сустракаў і пробашч парафіі святых Сымона і Алены ксёндз канонік Уладзіслаў Завальнюк, іншыя святары, што працуюць у парафіі, і хлопцы з дзяўчатамі ў шляхецкіх і беларускіх народных строях.

Пасля прывітання прэзідэнта правялі да месца пахавання Эдварда Вайніловіча, фундатара касцёла святых Сымона і Алены. Гасцям расказалі пра вялікае значэнне гэтага чалавека для католікаў горада Мінска, а таксама пра тое, што Эдвард Вайніловіч можа стаць першым свецкім святым у Касцёле Беларусі.

Мітрапаліт Тадэвуш запрасіў прэзідэнта прайсці да галоўнага алтара касцёла. Мігель Дыяс-Канэль разам з жонкаю пакінулі запіс у кнізе наведвальнікаў Чырвонага касцёла, а таксама паставілі запаленую свечку каля вялікай фігуры Маці Божай, якая знаходзіцца пры алтары. 

«За 30 гадоў майго біскупскага служэння, у тым ліку ў Расіі, толькі некалькі разоў прэзідэнты наведвалі касцёл падчас афіцыйнага візіту ў краіну, — пракаментаваў сустрэчу ўжо пасля развітання з дэлегацыяй арцыбіскуп Тадэвуш Кандрусевіч. — Таму прыезд прэзідэнта Кубы ў Чырвоны касцёл — рэдкая падзея, якая ўвойдзе ў гісторыю Касцёла ў Беларусі. Сітуацыя Касцёла ў Кубе шмат гадоў заставалася вельмі складанаю. Сёння мы ўспамінаем святога Яна Паўла ІІ, а менавіта ён калісьці прыляцеў на Кубу і сустрэўся з Фідэлем Кастра, пасля чаго пачаліся добрыя змены для мясцовага Касцёла. Потым ужо і Бэнэдыкт XVI наведваў Кубу, і, як памятаем, сустрэча папы Францішка і патрыярха Кірыла адбылася менавіта на Кубе».

Мітрапаліт Тадэвуш таксама адзначыў, што візіт прэзідэнта Кубы ў Чырвоны касцёл — гэта не проста прыемная сустрэча, але гэта азначае тое, што, наведваючы нашую краіну, прэзідэнт хацеў пазнаёміцца з католікамі Беларусі, выказаць сваю павагу людзям. Дарэчы, мітрапаліт Тадэвуш заўважыў, што прэзідэнт перад уваходам у касцёл пацікавіўся, ці не адбываецца цяпер там якое-небудзь набажэнства, каб не перашкодзіць вернікам.


Вольга Качалка
Фота: Віталій Палінеўскі

 

Мы вельмі радыя
бачыць вас на сайце
часопіса «Ave Maria».
Гэта плён працы
неабыякавых людзей,
якія з радасцю ствараюць
гэты часопіс для вас.

Падпіска
Ахвяраванні

Сайт часопіса „Ave Maria“ Мінска-Магілёўскай архідыяцэзіі Рыма-каталіцкага Касцёла ў Беларусі

Часопіс існуе дзякуючы вашым ахвяраванням. Сёння мы просім вашай дапамогі — нават невялікая сума падтрымае нас.

Падрабязней