
Нам 25! І гэта вам не жарты, —
сур’ёзны шлях, і ён увагі варты.
Праз чвэрць стагоддзя мы вялі размову
з табой, чытач, пра вечныя высновы
жыцця і веры. І сёння ёсць надзея,
што й для цябе наш юбілей — падзея! —
напісала Крыстына Лялько, галоўны рэдактар часопіса «Ave Maria», адкрываючы юбілейны 11-ты нумар.
У гэтым нумары мы ўзгадваем той шлях, які прайшоў наш часопіс за чвэрць стагоддзя разам з вамі, дарагія чытачы!
Гэтыя 25 гадоў змясцілі ў сабе не толькі адраджэнне хрысціянскай прэсы ў нашай краіне, але й гісторыю адраджэння ўсяго Каталіцкага Касцёла ў Беларусі. На старонках часопіса «Ave Maria» адлюстраваліся вехі яго развіцця і сталення, і ў гэтым нумары мы ўзгадаем важныя падзеі, якія адбыліся ў нашым Касцёле за гэты час.
Ніводзін часопіс не можа існаваць без аўтараў, а рэлігійны часопіс не можа існаваць без мудрага святарскага слова і малітвы. У юбілейным нумары мы не можам не ўзгадаць з удзячнасцю тых духоўных асобаў, якія на працягу гэтага часу падтрымлівалі нас сваёю малітоўнаю апекаю і на старонках часопіса дзяліліся сваімі думкамі з чытачамі, адказваючы на пытанні, разважаючы над Божым словам, спрабуючы знайсці рашэнне праблемаў, якія нас хвалююць.
25 гадоў — узрост, калі чалавек сталее і адначасова поўніцца энергіяй маладосці. Некаторыя нашы супрацоўнікі ўзгадваюць гэты час у сведчаннях.
І, вядома, самыя важныя старонкі юбілейнага нумара прысвечаны вашай творчасці, дарагія чытачы, якою вы падзяліліся з намі з нагоды нашага 25-годдзя. Часопіс «Ave Maria» заўсёды адкрыты для вас, мы радуемся кожнаму лісту, кожнаму сведчанню, кожнаму водгуку, які ад вас атрымліваем. Будзьма разам і надалей!
Юлія Шэдзько
Набыць часопіс можна:
- у кнігарні «Духоўная кніга» (г. Мінск, вул. Багдановіча, 25, пн–пт: 10.00–19.00, сб.: 11.00-18.00);
- у парафіяльных кіёсках і пробашчаў парафій;
- альбо звяртайцеся ў рэдакцыю па тэл. (017) 356-17-50.