
У апошнім за гэты год нумары «Ave Maria», традыцыйна прысвечаным урачыстасці Божага Нараджэння, мы імкнемся звярнуць асаблівую ўвагу на асобу, якая сыграла найважнейшую ролю ў спаўненні Божай задумы аб збаўленні ўсіх людзей, — Марыю і Яе Боскае мацярынства.
Пра тэалогію незвычайнага мацярынства Марыі шмат разважаў Слуга Божы біскуп Зыгмунт Лазінскі. Яго думкі пра «Роднасць Маці Божай з Найсвяцейшаю Тройцаю» змешчаныя ў матэрыяле, які падрыхтаваў былы канцлер Пінскай дыяцэзіі кс. Станіслаў Паўліна.
Вялікаю падтрымкаю на жыццёвым шляху могуць паслужыць прыклады жыцця святых маці, якія ў розныя эпохі і ў розных умовах так перажывалі сваё мацярынства, што іх ахвярнасць і дабрадзейнасць была ўшанаваная Касцёлам. Сярод іх св. Рыта, св. Моніка і нашая суайчынніцца бл. Мар’яна Бярнацкая. У матэрыяле «Святыя маці, маліцеся за нас!» вы больш даведаецеся пра святых маці і знойдзеце малітвы аб іх заступніцтве.
Ніколі не забываймася пра сэнс урачыстасці Божага Нараджэння — прыйсце Збаўцы, надзеі для кожнага чалавека. Пра годную падрыхтоўку да свята Божага Нараджэння як сустрэчы з Сынам Божым нагадваюць нашыя пастаянныя аўтары: кс. Андрэй Рылка ў рубрыцы «Святар адказвае на пытанне» і а. Юрый Кулай OCD у рубрыцы «Школа малітвы».
Пра месца мужчыны ў мацярынстве разважае бацька дзвюх дачок Арцём Ткачук у артыкуле «Бацька адказны за мацярынства».
Ганна Шаўчэнка дзеліцца з чытачамі сваім досведам чакання і падрыхтоўкі да мацярынства, шчыра апавядае пра цяжкасці і радасці свайго чакання.
У інтэрв’ю з Аленай Шымак, настаўніцай сімпта-тэрмальнага метаду распазнавання плоднасці (МРП) вы даведаецеся аб прынцыпах гэтай методыкі, неабходнай сучаснаму сужэнству, каб жыць у згодзе з прыродаю і Божым законам. Метад МРП карысны і для падтрымання здароўя жанчыны, і для будавання шчаслівых сужэнскіх адносінаў.
Разам з с. Паўлай Бобер MSF мы распачынаем цыкл публікацый, прысвечаных мацярынскай любові — адносінам з нашымі маці і з Маці Божай, якая таксама стала Маці для кожнага з нас.
Шаноўныя чытачы, яшчэ раз сардэчна віншуем вас з Божым Нараджэннем! Жадаем апекі Багародзіцы і Яе падтрымкі ва ўсіх цяжкасцях і выпрабаваннях. Няхай Найсвяцейшая Панна Марыя вядзе кожнага з нас да сустрэчы са сваім Сынам!
Юлія Шэдзько
Набыць часопіс можна:
- у кнігарні «Духоўная кніга» (г. Мінск, вул. Багдановіча, 25, пн–пт: 10.00–19.00, сб.: 11.00-18.00);
- у парафіяльных кіёсках і пробашчаў парафій;
- альбо звяртайцеся ў рэдакцыю па тэл. (017) 356-17-50.