Выстава графікі і жывапісу да 20-годдзя Віцебскай дыяцэзіі

19 снежня ў Віцебскай абласной бібліятэцы адкрылася выстава графікі і дэкаратыўнага жывапісу «Крыжовы шлях-3» мастака Руслана Берліна. Гэта – адзін з этапаў аўтарскага праекта, прысвечанага 20-годдзю Віцебскай дыяцэзіі, а здзейсніўся ён з удзелам настаўнікаў мастака, выкладчыкаў Віцебскага тэхналагічнага каледжа Наталлі і Аляксандра Аніськовічаў. 


У цэнтры ўвагі Руслана Берліна і яго педагогаў — выявы храмаў розных веравызнанняў і канфесій, што, безумоўна, у гэтыя святочныя дні цудоўна ўпісваюцца ў атмасферу Божага Нараджэння, тым больш — у музычным аздабленні такога выдатнага спеўнага калектыву, як дыяцэзіяльны хор «Hosanna» і выканаўцаў дзіцячай Музычнай школы імя А. Багатырова.

Значнасці падзеі надалі прысутнасць і прыязнае слова падтрымкі на адрас мастакоў ардынарыя Віцебскай дыяцэзіі Алега Буткевіча і канцлера дыяцэзіяльнай курыі ксяндза Віктара Місевіча, а таксама віншаванні прадстаўнікоў творчых суполак горада і проста аматараў жывапісу. 

Руслан Берлін шмат падарожнічае ў пошуку сюжэтаў для сваіх твораў, цікавіцца помнікамі культуры і дойлідства, што робіць цікавым і яго жыццё, і – праз дакрананне да яго твораў – жыццё іншых людзей, што і засведчыла імпрэза і ўсе тыя, хто ўзяў у ёй удзел. Выстава працягнецца ў Віцебскай абласной бібліятэцы да 12 студзеня. 


Францішак Дубраўскі
Фота Таццяны Лузан

Мы вельмі радыя
бачыць вас на сайце
часопіса «Ave Maria».
Гэта плён працы
неабыякавых людзей,
якія з радасцю ствараюць
гэты часопіс для вас.

Падпіска
Ахвяраванні

Сайт часопіса „Ave Maria“ Мінска-Магілёўскай архідыяцэзіі Рыма-каталіцкага Касцёла ў Беларусі

Часопіс існуе дзякуючы вашым ахвяраванням. Сёння мы просім вашай дапамогі — нават невялікая сума падтрымае нас.

Падрабязней