Апостальскі нунцый Габар Пінтэр развітаўся з беларускімі католікамі

5 студзеня падчас нядзельнай святой Імшы ў мінскай архікатэдры Апостальскі Нунцый арцыбіскуп Габар Пінтэр развітаўся з беларускімі католікамі. Папа Францішак пасля 3,5 гадоў служэння ў Беларусі пераводзіць яго на дыпламатычную службу ў Гандурас. На развітальнай Імшы прысутнічаў епіскапат Беларусі, Апостальскі візітатар для грэка-католікаў архімандрыт Сяргей Гаек, рэктар Пінскай семінарыі кс. Андрэй Рылка, іншыя святары і манаскія асобы.


Падчас святой Імшы арцыбіскуп Тадэвуш Кандрусевіч падзякаваў нунцыю за яго служэнне і прасіў вернікаў аб малітве за яго, а таксама звярнуўся да яго з просьбаю памятаць у сваіх малітвах і пра Касцёл у Беларусі, удзяляючы нам ад імя папы Францішка благаслаўленне.

“Мы ўзрадаваліся, што менавіта венгр па нацыянальнасці стаў нунцыем для нас, – прамовіў падчас казання мітрапаліт Тадэвуш, звяртаючыся да арцыбіскупа Габара Пінтэра. – Вы паходзіце з постатэістычнай краіны і ведаеце, што такое Касцёл у цяжкім становішчы. Ужо праз месяц прабывання ў Беларусі Вы служылі Імшу па-беларуску. Вы пазналі нашыя звычаі, заслужылі павагу ўсяго нашага грамадства. Вы дапамагалі нам у рэалізацыі нашай пастырскай дзейнасці. Паважаны нунцый, хоць Вы і з’яўляецеся дыпламатам, ездзіце на дыпламатычным транспарце, але Вы ніколі не паводзілі сябе як валадар – Вы хацелі служыць людзям і сталі для нас братам. Вы былі тым, хто хацеў абвяшчаць праўду Богаўцелаўлення. Дзякуем Вам за служэнне і давяраем Вас апецы Маці Божай Будслаўскай”.

У канцы Імшы прагучала шмат словаў падзякі за служэнне арцыбіскупу Габару, у тым ліку і ад парафіянаў. Парафіяне з Лошыцы падкрэслілі, як важна было для іх мець падтрымку ад нунцыя, калі ў іх касцёле не хапала святароў, а ён прыязджаў і спавядаў, быў побач падчас Пасхальнага Трыдууму. 

Кранальным завяршэннем святой Імшы стала развітальная прамова Апостальскага Нунцыя. “Мяне суправаджаюць розныя пачуцці: смутак і боль, што я пакідаю зямлю і людзей, якія сталі мне дарагімі, – сказаў арцыбіскуп Габар. – З іншага боку, я адчуваю радасць, калі я гляджу на тое, чаго нам удалося дасягнуць за ўвесь час майго служэння. Я адчуваю вялікую прыхільнасць да людзей, якіх тут сустрэў, бо самае галоўнае – гэта адносіны, якія мы будуем. Тут, сярод вас, было адчуванне братэрства і цеплыні. Няхай апека Марыі і св. Юзафа дапаможа вам жыць у любові і ўзаемным служэнні”.

Арцыбіскуп Габар казаў пра моладзь, якая хоча сустрэць Бога, служыць Касцёлу, таму заданне для святароў і манаскіх асобаў – суправаджаць людзей у іх жаданні духоўна ўзрастаць. У сваёй прамове нунцый звярнуў увагу таксама на розныя аспекты жыцця. Жыццё можа быць змаганнем, якое мае вялікае значэнне, калі гэта адказ на выклікі, асабліва ў жыцці Касцёла. Жыццё можа быць смуткам, няўдачаю, якія не заўсёды з’яўляюцца чымсьці дрэнным, бо не памыляецца той, хто нічога не робіць, а Бог вельмі часта дзейнічае праз нашыя недасканаласці. 

“Папа Францішак кажа, што нашае жыццё набывае сэнс, калі мы становімся дарам для іншых, - падкрэсліў арцыбіскуп Габар Пінтэр. – Гісторыя пачынае мяняцца, калі мы не мяняем іншых, а мяняем саміх сябе, робячы сваё жыццё дарам для другіх. Напрыканцы я яшчэ раз дзякую вам за ўсё тое дабро, якое я атрымаў ад вас, за вашую адкрытасць. Я запэўніваю вас у маёй блізкасці, у маёй малітве. Я заўсёды буду несці добрую славу пра ваш дарагі народ, з якім, на шасце, я пазнаёміўся!”

Шаноўны арцыбіскуп Габар, супрацоўнікі часопісаў “Ave Maria”, “Наша вера” і выдавецтва “Pro Christo” таксама дзякуюць за Вашае служэнне на нашай зямлі, за павагу да нашай роднай мовы, за вашую мудрасць і зычлівасць. У добры шлях!


Вольга Качалка
Фота: Мікалай Новікаў

Мы вельмі радыя
бачыць вас на сайце
часопіса «Ave Maria».
Гэта плён працы
неабыякавых людзей,
якія з радасцю ствараюць
гэты часопіс для вас.

Падпіска
Ахвяраванні

Сайт часопіса „Ave Maria“ Мінска-Магілёўскай архідыяцэзіі Рыма-каталіцкага Касцёла ў Беларусі

Часопіс існуе дзякуючы вашым ахвяраванням. Сёння мы просім вашай дапамогі — нават невялікая сума падтрымае нас.

Падрабязней