Выйшаў новы нумар часопіса «Ave Maria», прысвечаны малітве «Ойча наш»

Разам з часопісам «Ave Maria» прапануем вам распачаць гэты год разважаннем над малітваю «Ойча наш» — хіба, самаю незвычайнаю і важнаю, бо гэтай малітве навучыў нас сам Хрыстус. Спрадвеку тэолагі, мысляры, прапаведнікі звярталіся да яе ў сваіх разважаннях, і не змаглі напоўніцу раскрыць глыбокі змест гэтых словаў. Запрашаем вас, дарагія чытачы, разам з нашымі аўтарамі зазірнуць у свет малітвы «Ойча наш».


Узгадайма разам пра гістарычную падзею, калі дошка са словамі «Ойча наш» па-беларуску з’явілася на Святой Зямлі, у Ерузалеме. 

Прапануем вам урыўкі з тэалагічных працаў, прысвечаных гэтай малітве: кнігі Рамано Гуардзіні «Малітва Панская» («Свяціся імя Тваё») і  «Каментарыяў да малітваў» св. Тамаша Аквінскага («Прыйдзі Валадарства Тваё»).

Усе мы, хіба, чулі пра змены ў перакладзе малітвы «Ойча наш» ў некаторых еўрапейскіх мовах. Наш аўтар кс. Андрэй Рылка ў рубрыцы «Святар адказвае на пытанне» расказвае, з чым гэта было звязана і ў чым складанасць разумення словаў «І не ўводзь нас у спакусу…». А рубрыка «Споведзь» а. Аркадзя Куляхі OCD прысвечана закліку «І адпусці нам правіны нашы…»

Гэты нумар надзвычай багаты сведчаннямі, звязанымі з малітваю. Пра тое, як не баяцца паўтараць з дня ў дзень вывучаныя на памяць словы, разважае Данута Бічэль. Сутнасць просьбы аб штодзённым хлебе імкнецца зразумець Вольга Качалка, а Ганна Шаўчэнка дзеліцца тым, як важны даўно прывычны нам малітоўны зварот «Ойча… Абба… Тата…». 

Пра тое, чаму вучыць малітва і як яна дапамагае супрацьстаяць лозунгам, якія дыктуе свет, разважае Юлія Шэдзько. Досведам перамогі над цяжкой хваробай з малітваю на вуснах дзеліцца арганістка з Наваполацка Іна Шпілеўская ў інтэрв’ю з Ірынай Жарнасек. 

Разам з с. Паўлай Бобер MSF у рубрыцы «Старонка псіхолага» мы працягваем цыкл матэрыялаў, прысвечаных мацярынскай любові, у форме хрысціянскай медытацыі.


Юлія Шэдзько

Набыць часопіс можна: 

  • у кнігарні «Духоўная кніга» (г. Мінск, вул. Багдановіча, 25, пн–пт: 10.00–19.00, сб.: 11.00-17.00);
  • у парафіяльных кіёсках і пробашчаў парафій;
  • альбо звяртайцеся ў рэдакцыю па тэл. (017) 356-17-50.

 

Мы вельмі радыя
бачыць вас на сайце
часопіса «Ave Maria».
Гэта плён працы
неабыякавых людзей,
якія з радасцю ствараюць
гэты часопіс для вас.

Падпіска
Ахвяраванні

Сайт часопіса „Ave Maria“ Мінска-Магілёўскай архідыяцэзіі Рыма-каталіцкага Касцёла ў Беларусі

Часопіс існуе дзякуючы вашым ахвяраванням. Сёння мы просім вашай дапамогі — нават невялікая сума падтрымае нас.

Падрабязней