У Мінску адбыўся семінар «Як дапамагаць сям’і» для будучых кансультантаў па выхаванні ў сем’ях

15–16 лютага ў Цэнтры сям’і ў Мінску адбыўся семінар «Як дапамагаць сям’і». Правяла яго Гражына Сашынская — псіхолаг з Еўрапейскім сертыфікатам псіхатэрапіі, якая на працягу 25 гадоў была дырэктарам Спецыялізаванага цэнтра дапамогі псіхапрафілактыкі і тэрапіі сем’яў у Любліне (Польшча), маці пецярых дзяцей і бабуля.


Пані Гражына прачытала некалькі лекцый, прысвечаных сям’і як сістэме, структуры сям’і, цыклам і этапам сямейнага жыцця, камунікацыі ў сям’і, сямейным міфам, дысфункцыям у сям’і, псіхалагічнай дапамозе сем’ям, а таксама правяла семінары, прысвечаныя праблемам і пагрозам сучасным сем’ям у Беларусі, спосабам і метадам канкрэтнай дапамогі. 

«Пані Гражына Сашынская — член руху факаляраў, яна ўсё сваё жыццё прысвяціла дапамозе сем’ям, заснавала дыяцэзіяльны сямейны цэнтр, з’яўляецца аўтарам некалькіх кніг, — расказаў для „Ave Maria“ арганізатар семінара ксёндз прэлат Андрэй Стэцкевіч. — Яна ўжо трэці раз прыязджае да нас з лекцыямі па сямейнай псіхалогіі і педагогіцы. Наогул, цяпер мы ствараем групу кансультантаў, якія будуць дапамагаць сем’ям у пытаннях выхавання. Гэта першы семінар, прызначаны падрыхтоўцы кансультантаў. Наступны раз пані Гражына прыедзе на тыдзень, каб правесці семінар падчас вясенніх канікул, потым на працягу года яна будзе прыязджаць і праводзіць заняткі для падрыхтоўкі будучых спецыялістаў, так патрэбных у нашай краіне».

Падчас семінара ўдзельнікі таксама пазнаёміліся з кнігаю тэолага і педагога Альберта Бізінгера «Як Бог прыходзіць у сям’ю» і з кнігаю ксяндза прэлата Андрэя Стэцкевіча «Выхоўваць з любоўю», якія выйшлі ў выдавецтве «Про Хрысто». Выданні з’яўляюцца добрай дапамогай у выхаванні дзяцей, у іх рэлігійным фармаванні.


Вольга Качалка
Фота аўтара

{gallery}2020-02{/gallery}

Мы вельмі радыя
бачыць вас на сайце
часопіса «Ave Maria».
Гэта плён працы
неабыякавых людзей,
якія з радасцю ствараюць
гэты часопіс для вас.

Падпіска
Ахвяраванні

Сайт часопіса „Ave Maria“ Мінска-Магілёўскай архідыяцэзіі Рыма-каталіцкага Касцёла ў Беларусі

Часопіс існуе дзякуючы вашым ахвяраванням. Сёння мы просім вашай дапамогі — нават невялікая сума падтрымае нас.

Падрабязней