У Мінску правялі «Тыдзень беларускай мовы і літаратуры ў Чырвоным касцёле»

«Тыдзень беларускай мовы і літаратуры ў Чырвоным касцёле», які быў прысвечаны Міжнароднаму дню роднай мовы і які па рашэнню ЮНЕСКА адзначаўся ў дваццаты раз, завяршыўся 23 лютага літаратурным конкурсам сярод дзяцей на лепшае выкананне вершаў беларускіх паэтаў. Гэта было сапраўднае свята для дзяцей, на якім прысутнічалі і іх бацькі.


Паважанае журы, у складзе якога быў пробашч касцёла, ксёндз-канонік Уладзіслаў, выдзеліла для 39 удзельнікаў конкурсу прызы па сямі наменацыях. Прыемна, што дзеці любяць беларускую мову і ведаюць класікаў беларускай літаратуры, вершы якіх прагучалі на свяце.

За гэты тыдзень у касцёле праводзіліся розныя мерапрыемствы, выставы; гучала беларуская мова, беларускія спевы, вершы, праводзіліся літаратурныя сустрэчы, канферэнцыі, спектаклі, канцэрты, конкурсы. 

З вялікай зацікаўленасцю прайшла канферэнцыя «Застаўся ў памяці народнай», прысвечаная 130-годдзю з дня нараджэння беларускага святара-паэта Казіміра Сваяка. Цікава прайшла літаратурная сустрэча «Узводзьма ў сэрцах Госпаду храмы», прысвечаная 85-годдзю з дня нараджэння вядомага беларускага паэта Рыгора Барадуліна.

З вялікім уздымам прайшла, як заўсёды, традыцыйная беларуская дыктоўка, на якую прыйшло шмат беларусаў усіх узростаў.

Бібліятэку імя Адама Міцкевіча наведала каля тысячы чалавек. Вельмі прыемна, што наведвальнікі былі не пасіўнымі слухачамі, а актыўнымі ўдзельнікамі сустрэч і мерапрыемстваў, прысвечаных Міжнароднаму дню роднай мовы, на якіх прысутнічалі хрысціяне розных канфесій. Усім было ўтульна у гасцінных сценах нашага касцёла, аб чым сведчаць водгукі ў кнізе пажаданняў.

«Тыдзень беларускай мовы і літаратуры ў Чырвоным касцёле» паказаў, што беларуская мова не абмяжоўваецца святыняю, яна развіваецца і паўнакроўна жыве ў штодзённасці нашых парафіянаў. 


Галіна Бельская
Фота: ксёндз Аляксандр Улас

 

Цэтлікі: Падзеі

Мы вельмі радыя
бачыць вас на сайце
часопіса «Ave Maria».
Гэта плён працы
неабыякавых людзей,
якія з радасцю ствараюць
гэты часопіс для вас.

Падпіска
Ахвяраванні

Сайт часопіса „Ave Maria“ Мінска-Магілёўскай архідыяцэзіі Рыма-каталіцкага Касцёла ў Беларусі

Часопіс існуе дзякуючы вашым ахвяраванням. Сёння мы просім вашай дапамогі — нават невялікая сума падтрымае нас.

Падрабязней