Кардынал Станіслаў Дзівіш заклікае да малітвы ў 15-годдзе адыходу Яна Паўла ІІ у Дом Айца

 Я глыбока перакананы, што мы маем патрэбу адно ў адным, каб разам, праз заступніцтва святога Папы, узнесці свае малітвы да міласэрнага Бога і прасіць у Яго, каб пандэмія каранавіруса спынілася. Таму я прашу ўсіх вас, дарагія браты і сёстры, у 15-годдзе адыходу Яна Паўла II у Дом Айца зноў сабрацца вакол яго. Я вельмі вас прашу быць разам 2 красавіка ў 21:37 у адзінай духоўнай супольнасці. Няхай наша даверлівая малітва ўзнясецца да нябёсаў,  заклікае кардынал Станіслаў Дзівіш, былы асабісты сакратар Яна Паўла ІІ, з нагоды 15-й гадавіны яго смерці.


Калі 15 гадоў назад св. Ян Павел ІІ адыходзіў у Дом Айца на плошчы св. Пятра ў Ватыкане, у касцёлах і капліцах па ўсім свеце, на гарадскіх плошчах і ля прыдарожных крыжоў адбылося вялікае малітоўнае чуванне мільёнаў людскіх сэрцаў. Нашы вуліцы і святыні былі напоўнены ціхім шэптам малітвы людзей, якія хацелі быць разам у гэтыя дні і з’яднацца з паміраючым папам, каб атуліць яго сваёй любоўю і тым самым падзякаваць за дар яго жыцця і святасці. Ён ведаў, што адыходзіць у атачэнні вялікай сям’і, як бацька сярод любячых дзяцей.

Я думаю пра тыя моманты адзінства, калі гляджу на бязлюдную плошчу св. Пятра, калі бачу пустыя касцёлы і мёртвыя вуліцы. Свет спыніўся гэтак жа, як спыніўся 15 гадоў таму. Тады мы адчулі сябе сіротамі, але мы змаглі ўмацаваць адно аднаго і шукаць суцяшэння ў Богу, які з’яўляецца Крыніцаю жыцця. Ці можам мы, як і тады, трываць ва ўзаемнай любові, у агульным для нас усіх болю і тузе? Ці зможам мы шукаць надзеі і чэрпаць сілу з праўды, якую мы сёння фізічна не можам сустрэць, але нашая супольнасць рэальная, яна існуе, нягледзячы на зачыненыя дзверы нашых дамоў?

Я глыбока перакананы, што мы маем патрэбу адно ў адным, каб разам, праз заступніцтва святога папы, узнесці свае малітвы да міласэрнага Бога і прасіць у Яго, каб пандэмія каранавіруса спынілася. Таму я прашу ўсіх вас, дарагія браты і сёстры, у 15-годдзе адыходу Яна Паўла II у Дом Айца зноў сабрацца вакол яго. Я вельмі вас прашу быць разам 2 красавіка ў 21:37 у адзінай духоўнай супольнасці. Няхай наша даверлівая малітва ўзнясецца да нябёсаў. Просім з даверам у Бога:

Малітва даручэння чалавецтва Божай Міласэрнасці падчас пандэміі каранавіруса

Усёмагутны Божа, падчас пандэміі, якая ахапіла ўсё чалавецтва, мы прагнем аднавіць акт аддання Тваёй міласэрнасці, здзейснены святым Янам Паўлам ІІ. Табе, міласэрны Ойча, мы даручаем лёс свету і лёс кожнага чалавека. Да Цябе, наш Нябесны Айцец, мы пакорна звяртаемся і просім Тваёй дапамогі.

Божа, учыні, каб пандэмія каранавіруса спынілася. Благаславі ўсіх, хто рупліва працуе дзеля таго, каб лячыць хворых, а здаровых захавай ад заразы. Вярні здароўе тым, хто захварэў, дай цярплівасць тым, хто знаходзіцца на каранціне, а памерлых прымі ў свой нябесны дом. Умацуй у здаровых людзей пачуццё адказнасці за сябе і іншых людзей, каб яны не парушалі неабходных абмежаванняў і прыходзілі на дапамогу церпячым. Аднаві нашую веру, каб цяжкія хвіліны мы перажывалі разам з Хрыстом, Тваім Сынам, які дзеля нас стаўся чалавекам і кожны дзень прабывае з намі. Спашлі Дух Свой на наш народ і на ўвесь свет, каб тыя, хто аб’яднаўся ў барацьбе з хваробаю, аб’ядналіся таксама ў праслаўленні Цябе, Стварыцеля сусвету, і рупліва змагаліся таксама з вірусам граху, які знішчае чалавечыя сэрцы.

Ойча Спрадвечны, дзеля балеснай мукі і ўваскрасення Твайго Сына, будзь міласэрны да нас і да ўсяго свету.
Марыя, Маці Міласэрнасці, маліся за нас.
Святы Ян Павел ІІ, святая Фаўстына і ўсе святыя Божыя, маліцеся за нас. Амэн.


 Кардынал Станіслаў Дзівіш
Пераклад з польскай мовы: Вольга Качалка
Паводле: diecezja.pl

 

Мы вельмі радыя
бачыць вас на сайце
часопіса «Ave Maria».
Гэта плён працы
неабыякавых людзей,
якія з радасцю ствараюць
гэты часопіс для вас.

Падпіска
Ахвяраванні

Сайт часопіса „Ave Maria“ Мінска-Магілёўскай архідыяцэзіі Рыма-каталіцкага Касцёла ў Беларусі

Часопіс існуе дзякуючы вашым ахвяраванням. Сёння мы просім вашай дапамогі — нават невялікая сума падтрымае нас.

Падрабязней