Духоўны свет падчас пандэміі ў малюнках
28.04.2020 | Падзеі
Фота: instagram.com/mariaolguinmesina

Нездарма ж кажуць, што Бог ператворыць у дабро любую складаную, нават аб’ектыўна кепскую сітуацыю. Спадзяюся, вы пагодзіцеся са мною, што час пандэміі стаў у нейкім сэнсе благаслаўлёным часам. Быццам мы нарэшце аб’ядналіся не супраць, а за штосьці. Клопат, матэрыяльная і маральная падтрымка, дапамога, здаецца, распаўсюджваюцца гэтак жа хутка, як і сам вірус. Захаванне самых простых мераў бяспекі становіцца выразам любові да бліжняга і да ўрачоў, якія змагаюцца за жыццё ўжо тысячаў людзей па ўсёй краіне. У медыя мы бачым твары медыкаў, а часта з-за ўсёй «амуніцыі» толькі вочы, і яны ўжо гавораць нам пра многае. Але што ж дзеецца ў гэты момант у духоўным свеце?


Ілюстратарцы Марыі Олгуін аднойчы падчас працы прыйшлі ў галаву вобразы анёлаў, што апякуюцца хворымі на каранавірус. Яна ўжо хацела ўзяцца за малюнкі, але з-за мноства тэрміновай працы вырашыла адкласці рэалізацыю «анёльскага» праекту.

Марыя Олгуін расказвае парталу Aleteia: «Але ў той самы дзень падчас малітвы ў касцёле сяброўка маёй мамы, якой я нічога не апавядала, пачала голасна маліцца: „Пане, прашу Цябе, няхай хворыя адчуюць, што анёлы апякуюцца імі асаблівым чынам. Прашу Цябе, няхай работнікі аховы здароўя адчуюць, што Твае анёлы клапоцяцца пра іх“. І тады я зразумела, што павінна неадкладна пачаць рабіць гэтыя ілюстрацыі».

Так узнік першы малюнак, які ілюстратарка размясціла ў сваім Instagram. Медыкі пачалі дзяліцца гэтым малюнкам на сваіх старонках у сацсетках. І гэта дадало Марыі крылаў ствараць новыя малюнкі з гэтай серыі. Паглядзіце некаторыя з ілюстрацый з перакладам разважанняў аўтаркі.

***

«Не, яны не адзінокія! Давайце маліцца за іх. Уяўляю Дзеву Марыю, якая праходзіць па шпіталі і па-мацярынску клапоціцца пра кожнага хворага. Уяўляю Анёлаў Ахоўнікаў, якія асвятляюць давераных ім людзей. Уяўляю Езуса, нашага Збаўцу, які атуляе любоўю ўсіх хворых. Уяўляю св. Юзафа і ўсіх святых. Усіх не змясціць на гэтым малюнку! Колькі ж сюрпрызаў чакае нас у небе!»

Фота: instagram.com/mariaolguinmesina

«Калі мы былі маленькія, то кожны дзень маліліся ў адным і тым жа месцы ў нашай маленькай кватэры ў Барселоне. Бацькі прасілі Дзеву Марыю застацца ў нашым доме, і Яна засталася. Гэты куток у нашым доме (куток Марыі) быў месцам малітвы. А яшчэ гэта быў куток, каб размаўляць, дыскутаваць, спрачацца, мірыцца і зноў маліцца і спяваць. Тры Каралі ведалі, што гэта самае важнае месца ў доме і там пакідалі нам падарункі. А мы пакідалі там сардэчны боль, радасці, клопаты, мноства сяброў.

Мы выраслі. Цяпер мне 38. А гэта ўсё яшчэ самае важнае месца ў доме маіх бацькоў (цяпер яны жывуць у Астурыі). Там мноства фотаздымкаў людзей, за якіх мы молімся».

«Калі ў вас яшчэ няма такога куточка для Марыі, цяпер самы час.<…> Яна з вамі, нават калі вы не падрыхтавалі Ёй месца. І яшчэ св. Юзаф. І яшчэ Езус і вашыя Анёлы Ахоўнікі. Падрыхтуйце месца і... адпачніце ў Ёй». 

Фота: instagram.com/mariaolguinmesina

«Aнёле Ахоўнік, цудоўны спадарожнік, не пакінь іх адных ні ўначы, ні ўдзень, ні ў хвіліну смерці. Амэн».

«Сёння я адчула ўпэўненасць. Я не баюся смерці. Я веру ў вечнае жыццё. Мы будзем там такія шчаслівыя, што ўсё, што толькі можам уявіць (сваім чалавечым розумам, уяўленнем), будзе выглядаць проста як дрэнны жарт у параўнанні з тою рэальнасцю. Я хвалююся, што магу страціць бацькоў. Дзеля гэтага бясконцае прыбіранне і дэзінфекцыя. Мы жывём разам. І я ведаю, што буду вельмі пакутаваць, калі страчу іх цяпер. Але калі гэта тое, што чакае іх... Калі Божы Провід забярэ іх цяпер... Тады я, калі сапраўды веру, павінна буду радавацца за іх (ну што ты такое кажаш, не гавары так!). Гэта не значыць, што мне не падабаецца жыццё. Я люблю гэтае жыццё. Добра, пайду цяпер і прыбяруся. Давайце прыносіць радасць іншым! Давайце, хутчэй! Дайце каму-небудзь радасць! це ў Ёй».

Фота: instagram.com/mariaolguinmesina

«Ён. Узяў на сябе наш боль, нашыя раны. Наш грэх. Ён ― Беззаганнае Ягня. На ўсе крыўды Ён адказаў поўным любові позіркам. Дзякуй, Езу».

Фота: instagram.com/mariaolguinmesina

«Яна з імі. З нашымі старымі. Нашымі дарагімі, нашым скарбам. Нам так шмат за што варта ім падзякаваць. Аднойчы мы самі састарэем. Няхай тады іншым людзям таксама будзе за што падзякаваць нам». 

Фота: instagram.com/mariaolguinmesina

***

З аднаго боку, можна было б назваць гэтыя малюнкі рамантызацыяй хваробы і цярпення. Наіўныя, мульцяшныя вобразы Марыі і Езуса не кожнаму даспадобы. Але гэта толькі вобразы, пакліканыя нагадаць пра духоўную, а не толькі матэрыяльную, рэчаіснасць нашага быцця. Пра тое, што Маці сапраўды моліцца за нас, Езус сапраўды праяўляе да нас сваю міласэрнасць, а анёлы сапраўды чуваюць над намі.

І памятаем, што медыкі сапраўды змагаюцца за жыцці хворых. Будзем жа, як тыя анёлкі, ціхенька стаяць за іх спінамі і маліцца. Калі ласка, далучайцеся!

Малітва да арханёла Рафала (габр. «лякарства Бога»)

Пане Божа, май ласку паслаць нам на дапамогу святога арханёла Рафала. Верым, што ён заўсёды знаходзіцца перад абліччам Тваёй Велічы, таму просім: няхай ён прадставіць Табе нашыя сціплыя малітвы за дактароў, каб атрымалі яны благаслаўленне Тваё. Праз Хрыста, Пана нашага. Амэн.


Матэрыял падрыхтавалі
Дар’я Ахламёнак і Юлія Шэдзько

Сайт часопіса „Ave Maria“ Мінска-Магілёўскай архідыяцэзіі Рыма-каталіцкага Касцёла ў Беларусі

Часопіс існуе дзякуючы вашым ахвяраванням. Сёння мы просім вашай дапамогі — нават невялікая сума падтрымае нас.

Падрабязней