Caritas Мінска-Магілёўскай архідыяцэзіі заклікае да актыўнага супрацоўніцтва ў перыяд пандэміі
04.05.2020|Падзеі

Дабрачыннае каталіцкае таварыства Caritas Мінска-Магілёўскай архідыяцэзіі заахвочвае да актыўнага супрацоўніцтва ў арганізацыі тэрміновай дапамогі ў перыяд пандэміі каранавірусу. З адпаведным заклікам звяртаецца яго дырэктар брат Андрэй Жылевіч OFMCap - піша Catholic.by.


Паважаныя святары, законныя сёстры, дарагія парафіяне!

Рэлігійная місія «Дабрачыннае каталіцкае таварыства Caritas» Мінска-Магілёўскай архідыяцэзіі заклікае вас да актыўнага супрацоўніцтва ў арганізацыі тэрміновай дапамогі ў перыяд пандэміі каранавірусу. Толькі аб’яднаўшы нашыя намаганні, мы зможам супрацьстаяць распаўсюджванню інфекцыі і дапамагчы тым людзям, якія найбольш пацярпелі ад сучаснай эпідэміялагічнай сітуацыі.

У межах адпаведнага праекта Caritas мае магчымасць аказаць разнастайную дапамогу медыцынскім і сацыяльным установам, валанцёрскім рухам, асобным грамадзянам, якія аказаліся ў цяжкай жыццёвай сітуацыі ў сувязі з пандэміяй. Caritas можа бязвыплатна дапамагчы дробным медыцынскім інвентаром, сродкамі індывідуальнай абароны, асабістай гігіены, дэзінфекцыі, прадуктамі харчавання і інш.

Разам з тым мы ўсведамляем, што мы не ў стане ўбачыць усе наяўныя патрэбы і працуем толькі з тымі арганізацыямі і грамадзянамі, якія звяртаюцца да нас непасрэдна.

Сёння нам, як ніколі, патрэбна вашая, перш за ўсё, арганізацыйная дапамога ў выяўленні тых патрэбаў, якія ўзнікаюць у сувязі з цяперашняй сітуацыяй. Мы сыходзім з таго, што менавіта вам найбольш вядомыя (альбо могуць стаць вядомымі) канкрэтныя праблемы на тэрыторыі вашай парафіі, у рашэнні якіх Caritas мог бы ўзяць удзел. Мы імкнемся да таго, каб усе сродкі і магчымасці, якія мы збіраем з мэтай барацьбы з каранавірусам, былі выкарыстаны як найбольш эфектыўна, мэтанакіравана і прынеслі карысны плён у справе захавання здароўя нашых суайчыннікаў.

Вы можаце аказаць каштоўнае садзейнічанне ў змаганні з каранавіруснай інфекцыяй рознымі спосабамі.

Магчымая інфармацыя, якую мы ад Вас чакаем:

1. Патрэбы медыцынскіх устаноў, размешчаных на тэрыторыі Вашай парафіі. Таксама пры неабходнасці патрэбы сацыяльных устаноў (тэрытарыяльныя сацыяльныя цэнтры, карэкцыйныя цэнтры, дзіцячыя дамы, дамы састарэлых).

Спіс з назвай установы і колькасцю расходных сродкаў, неабходных на адзін месяц працы (напрыклад: маска — 500 шт. і г.д.)

2. Патрэбы валанцёрскіх груп альбо іншых рухаў Вашай парафіі, дзейнасць якіх накіравана на апеку людзей, якія ў дадзены момант вымушаны знаходзіцца на самаізаляцыі (хворых, пажылых, самотна пражываючых і інш.).

Спіс валанцёраў і сродкаў індывідуальнай абароны для валанцёраў на адзін месяц працы — колькасць масак, пальчатак, сродкаў дэзінфекцыі.

3. Спіс патрабуючых людзей, якім мы маглі б перадаць адрасную дапамогу ў выглядзе прадуктаў харчавання, вітамінаў, сродкаў дэзінфекцыі.

Адрасная дапамога можа быць перададзена малазабяспечаным грамадзянам, інвалідам, пенсіянерам, шматдзетным, няпоўным, апякунскім і прыёмным сем'ям, а таксама грамадзянам, якія апынуліся ў цяжкім жыццёвым становішчы. Пры гэтым рэлігійная прыналежнасць грамадзян не з’яўляецца ўмовай для атрымання дапамогі.

Аб’явіце, калі ласка, у Вашых парафіях пра такую магчымасць, заахвоцьце людзей — можа, нехта ведае тых, каму ва ўмовах самаізаляцыі патрэбна тэрміновая дапамога.

Caritas вельмі разлічвае на Вашую актыўнасць. Разам мы зможам арганізаваць сапраўды эфектыўную дапамогу людзям у перыяд пандэміі. Будзем вельмі ўдзячныя, калі Вы выкажаце зацікаўленасць і дашлеце да нас інфармацыю аб актуальных патрэбах на тэрыторыі Вашай парафіі на адрас: Гэты адрас электроннай пошты абаронены ад спам-ботаў. У вас павінен быць уключаны JavaScript для прагляду.

Дадатковыя пытанні можна задаць па тэлефоне: Таццяна Жук +375 (29) 324 55 23


З павагай
Дырэктар бр. Андрэй Жылевіч OFMCap

Catholic.by
Фота: caritas-minsk.by

Мы вельмі радыя
бачыць вас на сайце
часопіса «Ave Maria».
Гэта плён працы
неабыякавых людзей,
якія з радасцю ствараюць
гэты часопіс для вас.

Падпіска
Ахвяраванні

Сайт часопіса „Ave Maria“ Мінска-Магілёўскай архідыяцэзіі Рыма-каталіцкага Касцёла ў Беларусі

Часопіс існуе дзякуючы вашым ахвяраванням. Сёння мы просім вашай дапамогі — нават невялікая сума падтрымае нас.

Падрабязней