Праз Марыю памнож нашу веру, Пане

Пастырскае пасланне Канферэнцыі Каталіцкіх Біскупаў у Беларусі на Год веры. Аб намеры правесці Год веры Папа абвясціў год таму 11 кастрычніка 2011 года ў апостальскім лісце «Porta fidei» — «Брамы веры». У ім Святы Айцец, чытаючы знакі часу, нагадвае пра неабходнасць нанава знайсці дарогу веры, каб усё больш выразна паказваць радасць і адноўлены энтузіязм, які нараджаецца ад сустрэчы з Хрыстом.

Дарагія браты і сёстры!

1. 11 кастрычніка 2012 г. падчас XIII Звычайнага Сіноду Біскупаў аб новай евангелізацыі для перадачы хрысціянскай веры, у 50-ю гадавіну пачатку Другога Ватыканскага Сабору і 20-ю гадавіну абвяшчэння Катэхізіса Каталіцкага Касцёла папа Бэнэдыкт XVI распачне Год веры, які завершыцца ва Урачыстасць Хрыста, Валадара Сусвету, 24 лістапада 2013 года.

Апошні раз Год веры адзначаўся ў 1967 годзе ва ўспамін 1900-годдзя мучаніцкай смерці апосталаў Пятра і Паўла. Сучасны свет перажывае перыяд крызісу веры, і Папа заклікае прысвяціць гэты год асаблівай малітве і высілкам з мэтаю знайсці лек ад гэтага крызісу. Час сапраўды крытычны, але мы, хрысціяне, верым, што Бог дапаможа перамагчы гэтыя цяжкасці, і з надзеяй глядзім у будучыню.

Аб намеры правесці Год веры Папа абвясціў год таму 11 кастрычніка 2011 года ў апостальскім лісце «Porta fidei» — «Брамы веры». У ім Святы Айцец, чытаючы знакі часу, нагадвае пра неабходнасць нанава знайсці дарогу веры, каб усё больш выразна паказваць радасць і адноўлены энтузіязм, які нараджаецца ад сустрэчы з Хрыстом. Неабходна вывесці людзей з духоўнай пустыні да Хрыста, які дае поўню жыцця, бо ў сучасным свеце хрысціяне часта больш клапоцяцца аб справах грамадскіх, культурных і палітычных, чым аб сваёй веры, якая ёсць дарогаю да збаўлення (пар. PF 2–3).

Сапраўды, няма больш важнай справы, як пошук шляху да дасягнення найвышэйшых мэтаў жыцця чалавека і адначасова дарогі, якая вядзе да вечнасці. Існаванне чалавека не абмяжоўваецца яго магілаю. Не з’яўляецца яго канцом і крэмацыя. Чалавек — як Божае стварэнне — прызначаны для вечнасці, і ў кожным чалавеку ёсць іскра несмяротнасці, якая напамінае яму аб гэтым. Папа Бэнэдыкт XVI паказвае нам гэтую іскру, якой ёсць іскра веры, што павінна нанава заззяць падчас Году веры. Гэта час адказнай працы ў справе абуджэння свядомасці чалавека, якому трэба дапамагчы не змарнаваць свайго жыцця і дасягнуць вечнага шчасця.

Бэнэдыкт XVI падкрэслівае, што Год веры з’яўляецца заахвочваннем да праўдзівага і новага навяртання да Хрыста — адзінага Збаўцы свету. У таямніцы Яго смерці і ўваскрасення Бог аб’явіў ва ўсёй паўнаце любоў, якая збаўляе і заклікае людзей да перамены жыцця праз адпушчэнне грахоў (пар. Дз 5, 31). Гэтая любоў вядзе да новага жыцця, бо праз хрост мы пахаваныя ў смерць з Хрыстом, каб як Ён уваскрос з памерлых, так і нам жыць абноўленым жыццём (пар. Рым 6, 4). Дзякуючы веры гэтае новае жыццё, абапіраючыся на навіну ўваскрасення, фармуе ўсё чалавечае існаванне. «Вера, якая дзейнічае праз любоў» (Гал 5, 6), становіцца новым крытэрыем мыслення і дзеяння, якое перамяняе жыццё чалавека (пар. Рым 12, 2; Кал 3, 9-10; Эф 4, 20-29; 2 Кар 5, 17; пар. PF 6).

Год веры таксама будзе спрыяць узмацненню веры хрысціянаў, якія сярод цяжкасцяў штодзённага жыцця не перастаюць давяраць Богу. Іх каштоўнае сведчанне з’яўляецца праяўленнем жыцця Касцёла ў сучасным свеце.

Такім чынам, Год веры павінен стаць нашым адказам на крызіс духоўнага і рэлігійнага жыцця, а таксама шляхам, які хрысціянская супольнасць прапануе тым, хто жыве з настальгіяй па Богу і жадае сустрэць Яго ізноў. Важна, каб хрысціяне адчувалі жаданне прапанаваць іншым сяброўства веры з мэтаю паказаць ім яе падмуркі.

<...>

Гэты год мы будзем перажываць пад патранатам Маці Божай Будслаўскай, бо менавіта на яго прыпадае юбілей 400-годдзя з’яўлення гэтага цудатворнага абраза ў Будславе. Благаслаўлёнай, якая паверыла (пар. Лк 1, 45), назвала св. Альжбета Марыю. Сапраўды, Марыя з’яўляецца прыкладам моцнай і нязломнай веры. Задумаемся толькі, якую веру Яна павінна была мець, каб паверыць арханёлу Габрыэлю, што Бог менавіта Яе выбраў быць Маці Збаўцы. Якой была Яе вера, калі ў малым, ва ўсім падобным да іншых дзяцей Езусе, Яна бачыла доўгачаканага Месію! Толькі вера дапамагла Ёй знесці выпрабаванні, калі Езуса не прымалі ў сваім асяроддзі, калі Ён быў абвінавачаны і асуджаны, калі сустрэла Яго на крыжовым шляху, калі Ён паміраў на крыжы і калі Яго нежывое цела прыняла ў свае абдымкі.

У цяжкія часы ганенняў на Касцёл каля падножжа цудатворнага абраза Маці Божай Будслаўскай вернікі, разважаючы аб Яе веры, жылі надзеяй і верылі, што прыйдуць новыя часы свабоды веравызнання. І яны прыйшлі.

Аднак злы дух не спіць, і наш час стаў новым выпрабаваннем для веры. Таму мы ізноў звяртаем свой позірк да нашай духоўнай Маці, каб супрацьстаяць выклікам крызісу веры, каб аднавіць яе і жыць ёю. Адсюль і дэвіз Году веры: «Праз Марыю памнож нашу веру, Пане...».

<...>

6. Глыбокапаважаныя святары, кансэкраваныя асобы і ўсе вернікі!

Паводле закліку святога апостала Паўла да пашырэння і праслаўлення слова Божага (пар. 2 Тэс 3. 1), мы павінны прасіць Бога і прыкласці ўсе намаганні, каб Год веры ўмацаваў нашу сувязь з Хрыстом і каб наша вера ніколі не слабла, нягледзячы на выпрабаванні нашага часу.

«Хто паверыць і ахрысціцца, будзе збаўлены» (Мк 16, 16), — кажа Хрыстус. Гэтыя словы Збаўцы павінны падбадзёрыць нас у перажыванні Году веры, бо хрысціянін павінен жыць вераю. Гэта азначае, што матывам выбару і напрамку ў жыцці перадусім павінна быць вера. Каб захаваць веру як компас нашага жыцця неабходна перажываць яго ў Божай прысутнасці. Бог ніколі не пакідае нас адных, нават падчас самых цяжкіх выпрабаванняў. Выпрабаванні сучаснасці дапамагаюць нам лепей зразумець таямніцу крыжа і прымаць удзел у цярпеннях Хрыста (пар. Клс 1, 24). Яны таксама з’яўляюцца ўступам да радасці і надзеі, да якіх вядзе вера, бо ніхто і нішто не дасць нам патрэбнай для вытрывання ў жыццёвых выпрабаваннях сілы, як вера.

Няхай жа Год веры стане для нас часам, калі мы звыш надзеі паверым з надзеяй (пар. Рым 4, 18) і каб нашая вера ўзрастала (пар. Лк 17, 5).

Давяраючы саміх сябе, наш Касцёл і нашу краіну мацярынскай апецы Марыі, якая паверыла (пар. Лк 1, 45) і якую мы асабліва будзем праслаўляць у Будслаўскім санктуарыі ў наступаючы Год веры як час адраджэння і ўмацавання веры, ад усяго сэрца благаслаўляем у імя Айца і Сына, і Святога Духа. Амэн.

Каталіцкія Біскупы Беларусі
Мінск, 29 верасня 2012 г.
Урачыстасць св. арханёлаў Міхала, Габрыэля і Рафала

Выкарыстаная літаратура і прынятыя скарачэнні:

  1. II Ватыканскі Сабор. Канстытуцыя пра святую літургію «Sacrosanctum Concilium» (SC).
  2. II Ватыканскі Сабор. Канстытуцыя пра Божае Аб’яўленне «Dei Verbum» (DV).
  3. Павел VI. Апостальская адгартацыя «Evagelii nuntiandi» (EN).
  4. Бэнэдыкт XVI. Motu Proprio «Porta Fidei» (PF).
  5. Congregazione per la dottrina della fede. «Nota con indicazioni pastorali per l’Anno della fede» (Nota).
  6. http://www.vatican.va/holy_father/benedict_xvi/speeches/2005/december/documents/hf_ben_xvi_spe_20051222_roman-curia_it.html.
Цэтлікі: Год веры

Мы вельмі радыя
бачыць вас на сайце
часопіса «Ave Maria».
Гэта плён працы
неабыякавых людзей,
якія з радасцю ствараюць
гэты часопіс для вас.

Падпіска
Ахвяраванні

Сайт часопіса „Ave Maria“ Мінска-Магілёўскай архідыяцэзіі Рыма-каталіцкага Касцёла ў Беларусі

Часопіс існуе дзякуючы вашым ахвяраванням. Сёння мы просім вашай дапамогі — нават невялікая сума падтрымае нас.

Падрабязней