Галоўнаю тэмаю пятага нумара часопіса «Ave Maria» стала 100-годдзе з дня нараджэння папы Яна Паўла ІІ. Мы прапануем вам, шаноўныя чытачы, адзначыць гэтую падзею разам з намі.
Аднак мы не маглі абмінуць увагаю сітуацыю пандэміі, у якой апынуўся свет і нашая Радзіма. Часопіс адкрываецца актуальным матэрыялам «Урокі пандэміі» паводле інтэрв’ю з кардыналам Рабэрам Сара, прэфектам ватыканскай дыкастэрыі Кангрэгацыі Божага Культу і Дысцыпліны Сакрамэнтаў для французскага выдання «Valeurs aktuelles».
Таксама ў нумары вы знойдзеце малітву даручэння чалавецтва Божай міласэрнасці падчас пандэміі каранавіруса і навэнну да св. Андрэя Баболі падчас эпідэміі.
Прапануем чытачам вялікае інтэрв’ю з былым сакратаром папы Яна Паўла ІІ, кардыналам Станіславам Дзівішам, у якім ён раскрывае перад намі асобу святога Папы.
У межах святкавання юбілею мы ўзгадваем пра творы Яна Паўла ІІ, выдадзеныя па-беларуску. Перакладчыкам многіх кніг стала галоўны рэдактар нашага часопіса, Крыстына Лялько. Яшчэ ў гэтым нумары мы друкуем вялікі ўрывак з апостальскай адгартацыі папы «Familiaris consortio», прысвечанай сужэнству і сям’і.
Папу Яна Паўла ІІ часта называлі чалавекам малітвы, пры ім адбылося шмат беатыфікацыйных і кананізацыйных працэсаў, у тым ліку была абвешчаная святою с. Фаўстына Кавальская, апосталка Божай міласэрнасці. Чытайце пра ўсё гэта у новым нумары.
Сваім кранальным сведчаннем пра сустрэчу з Янам Паўлам ІІ дзеліцца наш аўтар айцец Аркадзь Куляха OCD. Паэтычная рубрыка часопіса таксама натхнёная асобаю Яна Паўла ІІ, у ёй прапануем чытачам цудоўныя вершы пра святога, напісаныя Данутай Бічэль і Ірынай Багдановіч.
У сталай рубрыцы «Святар адказвае на пытанне» ксёндз Андрэй Рылка тлумачыць, што такое догмат Касцёла аб беспамылковасці папы, а ў рубрыцы «Школа малітвы» айцец Юрый Кулай OCD разважае пра тое, што такое маральны аўтарытэт, беручы за прыклад асобу св. Яна Паўла ІІ.
Калектыў часопіса «Ave Maria» сардэчна віншуе з 75-гадовым юбілеем біскупа Казіміра Велікасельца і далучаецца да ўрачыстых віншаванняў, якія шлюць удзячныя парафіяне сваім пастырам-юбілярам: а. Паўлу Леліто OCD, кс. Леанарду Акалатовічу і кс. Андрэю Сіповічу.
Юлія Шэдзько
Набыць часопіс можна:
- у парафіяльных кіёсках і пробашчаў парафій;
- альбо звяртайцеся ў рэдакцыю па тэл. +375 (17) 356-17-50