Асабістыя нататкі Яна Паўла ІІ, аповед пра Жыровіцы і падарожжа ў Рым вы знойдзеце ў новым нумары «Нашай веры»
15.07.2020|Падзеі

Выйшаў новы нумар часопіса «Наша вера», аўтары якога — мастацтвазнаўцы, гісторыкі, тэолагі, мастакі і пісьменнікі. Запрашаем набываць нумар у парафіяльных кіёсках і бліжэй пазнаёміцца са зместам часопіса.


Частка матэрыялаў гэтага нумару прысвечана постаці св. Яна Паўла ІІ. Яны пачынаюцца вершам І. Багдановіч «Моліцца Папа...», напісаным аўтаркаю каля карцінаў выдатных беларускіх мастакоў С. Шэмета і А. Марачкіна. Далей друкуюцца: ліст папы Бэнэдыкта XVI «Да 100-годдзя з дня нараджэння святога папы Яна Паўла ІІ»; урыўкі з асабістых нататак Караля Вайтылы пад загалоўкам «Нішто нас не павінна палохаць...» (пер. К. Лялько) і біблійнае разважанне з Янам Паўлам ІІ кс. В. Храстоўскага — «Месца запаведзі „Шануй бацьку свайго і маці сваю“ ў Дэкалогу» (пер. М. Пашук). Тут жа змешчаны вершаваны трыпціх «Айчына» І. Багдановіч і аўтарскае пасляслоўе да карціны «Я прашу вас, не згубіце Беларусь» мастака А. Марачкіна, твор якога друкуецца на вокладках часопіса.

550-годдзю аб'яўлення цудоўнага абраза Маці Божай Жыровіцкай прысвечана публікацыя І. Багдановіч «Старонка рэлігійнай гісторыі Беларусі», у якой аўтарка прэзентуе працу гісторыка В. Харкевіча (1890–1950) «Жыровіцы — ласкаў крыніцы...» у сваім перакладзе з польскай мовы.

Да 70-годдзя Беларускай праграмы Ватыканскага радыё друкуецца працяг нататкаў «Шляхам дзіваў і ўражанняў» (1934 г.) кс. П. Татарыновіча, які быў заснавальнікам гэтай праграмы.

Увазе чытачоў прапануецца ўрывак з дакументальнай аповесці вядомага беларускага паэта Л. Дранько-Майсюка «... Усе бачылі нястачу віна...» (2020), прысвечанай выбітнаму беларускаму святару А. Станкевічу, тут жа друкуецца рэцэнзія на гэтую кнігу літаратуразнаўцы І. Багдановіч.

У рубрыцы «Паэзія» публікуюцца вершы вядомых паэтаў Яна Чыквіна і А. Данільчык.

У рубрыцы «Прэзентацыя» змешчана эсэ дыякана М. Гракава «Дантава Беатрычэ ў Багдановічавым вянку...» пра кнігу паэзіі А. Данільчык «Песня лёду» (2020).

Пісьменніца А. Сямёнава-Герцаг працягвае знаёміць чытачоў з творчасцю нямецкага празаіка Г. Котта — на гэты раз яна пераклала на беларускую мову яго твор «Як з'явіўся Браўншвайгскі леў».

У. Сіўчыкаў друкуе свае новыя аўтабіяграфічныя нататкі пад назваю «Падымі мяне ў светлы абшар...».

Адной з найстарэйшых каталіцкіх святыняў прысвечаны арт. гісторыка С. Адамовіч «Касцёл Святой Тройцы ў Радашковічах».

У рубрыцы «Мастацтва» друкуецца эсэ вядомага беларускага рэстаўратара А. Шпунта «Крывічы і ваколіцы».


Набыць часопіс можна:

  • звяртайцеся ў рэдакцыю па тэл. (017) 356-17-50;
  • у парафіяльных кіёсках і пробашчаў парафій. 

Мы вельмі радыя
бачыць вас на сайце
часопіса «Ave Maria».
Гэта плён працы
неабыякавых людзей,
якія з радасцю ствараюць
гэты часопіс для вас.

Падпіска
Ахвяраванні

Сайт часопіса „Ave Maria“ Мінска-Магілёўскай архідыяцэзіі Рыма-каталіцкага Касцёла ў Беларусі

Часопіс існуе дзякуючы вашым ахвяраванням. Сёння мы просім вашай дапамогі — нават невялікая сума падтрымае нас.

Падрабязней