Слова рэдактара. «Шчаслівыя засмучаныя…»

Дарагія чытачы, вераснёўскі нумар нашага часопіса мы прысвяцілі тэме свабоды. Месяц таму, напрыканцы ліпеня, калі планаваўся гэты нумар, мы нават не ўяўлялі, як зменіцца сітуацыя ў нашай краіне пасля 9 жніўня, як канкрэтызуецца і актуалізуецца выбраная намі тэма свабоды. Тым больш ніхто з нас не мог уявіць, што давядзецца друкаваць тэкст пра служэнне валанцёраў каля турмы на Акрэсціна, у якім Вольга Адамовіч сведчыць пра свой шлях да свабоды ад страху і пранікнёна піша пра агульнае адчуванне бяды, што прыйшла ў наш супольны дом...


Мы таксама меркавалі распачаць гэты нумар часопіса выказваннямі пра свабоду апостала Паўла, а распачынаем яго «Зваротам Старшыні Канферэнцыі Каталіцкіх Біскупаў у Беларусі Мітрапаліта Мінска-Магілёўскага арцыбіскупа Тадэвуша Кандрусевіча аб малітве ў інтэнцыі Беларусі». Зваротам, які, як і ўсе папярэднія, застанецца ў нашай гісторыі як мужны голас Касцёла ў абарону свабоды і хрысціянскіх каштоўнасцяў, як заклік «аб асаблівай малітве праз заступніцтва святога Арханёла Міхала ў інтэнцыі Беларусі, спынення эскалацыі канфлікту і хутчэйшага вырашэння крызісу».

Увогуле, часам здаецца, што сённяшняя рэальнасць пераўзыходзіць, перарастае людское ўяўленне, выклікаючы слёзы бяссілля перад несправядлівасцю і цярпеннем, з якімі за гэтыя апошнія тыдні давялося сутыкнуцца. І тады прыходзіць разуменне, што ў такой сітуацыі толькі сваімі чалавечымі сіламі нельга справіцца ні з болем, ні з крыўдаю ў нашых сэрцах, і што злосць тут найгоршы дарадчык, бо яна можа ўцягнуць у замкнутае кола нянавісці і прагі помсты. Не трапіць у гэтае кола здольны дапамагчы толькі Бог і ўсведамленне збаўчай любові Хрыста да кожнага чалавека, нават да найбольшага грэшніка. Перамагаць зло дабром, а нянавісць любоўю — гэта адзіны, хоць і нялёгкі шлях для хрысціяніна, бо толькі ён вядзе да збаўлення...

Кожны з нас — госць на гэтым свеце, і кожны жыве ў перспектыве вечнасці, у перспектыве сустрэчы з міласэрным, але і справядлівым Суддзёю...

Няхай жа падтрымкаю для ўсіх несправядліва пакрыўджаных і церпячых будуць словы Збаўцы з Яго Казання на гары: «Шчаслівыя засмучаныя, бо яны будуць суцешаныя; шчаслівыя, каго пераследуюць за справядлівасць, бо іх ёсць Валадарства Нябеснае» (Мц 5, 4. 10).

Малемся нястомна за нашу Айчыну і не губляйма надзеі!


Крыстына Лялько

Мы вельмі радыя
бачыць вас на сайце
часопіса «Ave Maria».
Гэта плён працы
неабыякавых людзей,
якія з радасцю ствараюць
гэты часопіс для вас.

Падпіска
Ахвяраванні

Сайт часопіса „Ave Maria“ Мінска-Магілёўскай архідыяцэзіі Рыма-каталіцкага Касцёла ў Беларусі

Часопіс існуе дзякуючы вашым ахвяраванням. Сёння мы просім вашай дапамогі — нават невялікая сума падтрымае нас.

Падрабязней