Рыхтуючы гэты вераснёўскі нумар часопіса «Ave Maria» мы нават не здагадваліся, якою важнаю ў гэтыя дні стане тэма свабоды, асабістай і грамадскай, для ўсяго беларускага народа. У гэтым нумары сабраныя матэрыялы, прысвечаныя і актуальным падзеям у нашай краіне, і спрадвечнаму пытанню ўнутранай свабоды, якое заўсёды хвалюе чалавека.
У трапным уступным слове рэдактар Крыстына Лялько звяртае ўвагу чытачоў на тое, які шлях павінен выбіраць для сябе хрысціянін у складаных абставінах жыцця і нагадвае поўныя надзеі словы Езуса з казання на гары: «Шчаслівыя засмучаныя, бо яны будуць суцешаныя; шчаслівыя, каго пераследуюць за справядлівасць, бо іх ёсць Валадарства Нябеснае» (Мц 5, 4. 10).
Часопіс распачынаецца вельмі важным матэрыялам: Зваротам Старшыні Канферэнцыі Каталіцкіх Біскупаў у Беларусі арцыбіскупа Тадэвуша Кандрусевіча аб малітве ў інтэнцыі Беларусі. Арцыпастыр заклікае асабліва прысвяціць гэты месяц малітве за нашую Бацькаўшчыну праз заступніцтва яе нябеснага апекуна, св. Міхала Арханёла.
Кожны дзень з 1 па 29 верасня молімся:
- перад святой Імшой (1 раз у дзень): секвенцыя да Духа Святога;
- пасля св. Імшы — Ружанец са святым Міхалам Арханёлам альбо Вяночак праслаўлення Бога са святым Міхалам Арханёлам і хорамі Анёлаў;
- малітва да святога Міхала Арханёла за Айчыну.
З 20 па 28 верасня будзем маліцца навэнну да св. Арханёла Міхала.
Усе тэксты малітваў знаходзяцца ў малітоўніку «Хто ж як Бог», а таксама змешчаны на сайтах ave-maria.by і catholic.by. Сачыце за абвесткамі на сайце нашага часопіса і на партале catholic.by.
Малітва ў інтэнцыі Беларусі аб’яднала прадстаўнікоў розных веравызнанняў і канфесій. Цэнтрам гэтай агульнай малітвы стаў касцёл св. Сымона і св. Алены ў Мінску. Ініцыятыва, якая доўжыцца ўжо амаль месяц, сімвалічна распачалася супольнаю малітваю ў межах агульнаеўрапейскай акцыі малітоўнай салідарнасці з беларускім народам, якая праходзіла па ініцыятыве Еўрапейскай канферэнцыі каталіцкіх камісій па пытаннях справядлівасці і міру Iustitia et Pax. Чытайце пра гэта ў артыкуле дыякана Міколы Гракава.
Сваім сведчаннем дзеліцца з чытачамі часопіса наша супрацоўніца Вольга Адамовіч, якая разам з мужам арганізавала аазіс малітвы каля сумна вядомай турмы на завулку Акрэсціна ў Мінску.
Важнаю падтрымкаю для ўсіх хрысціянаў будуць разважанні пра свабоду і адказнасць св. Яна Паўла ІІ, чый 100-гадовы юбілей мы адзначаем у гэтым годзе. Шмат сваіх твораў Вялікі Папа прысвяціў менавіта гэтай тэме.
У рубрыцы «Святар адказвае на пытанне» кс. Андрэй Рылка дзеліцца важнымі думкамі на тэму, ці абмяжоўвае Пан Бог нашу свабоду, даючы нам запаведзі. Пра самы, бадай, складаны для чалавека дар свабоды і неабходнасць дарасці да яго разважае ў рубрыцы «Школа малітвы» а. Юрый Кулай OCD.
Некалькі матэрыялаў гэтага нумара «Ave Maria» прысвечаны разуменню ўнутранай свабоды чалавека ў псіхалагічным вымярэнні. Гэта нататкі хрысціянскага псіхолага Юрыя Раманюка пра ролю ўнутранай свабоды ў развіцці асобы, разважанні кс. Аляксандра Жарнасека MIC пра дух кантролю і працяг хрысціянскіх медытацый на тэму мацярынскай любові с. Паўлы Бобер MSF.
Заўсёды кранаюць артыкулы, у якіх распавядаецца пра жыццёвы шлях і шлях веры беларускіх хрысціянаў. Іх прыклад падтрымлівае і яднае. У гэтым часопісе вы знойдзеце некалькі такіх сведчанняў, героямі якіх сталі «сонечны чалавек» Віктар Галко, Марыя Мяжэвіч, Марыя Мартыненка і Ганна Шылко.
Калектыў часопісаў «Ave Maria», «Наша вера» і выдавецтва «Про Хрысто» віншуе з залатым юбілеем супрацоўніцу выдавецтва і адказнага сакратара часопісаў «Ave Maria» і «Наша вера» Эльвіру Палінеўскую, якая ад заснавання працуе ў рэдакцыі часопіса «Ave Maria» і палову жыцця аддала працы ў каталіцкіх выданнях.
Звяртаем увагу шаноўных чытачоў, што на вокладцы вераснёўскага нумара «Ave Maria» вы знойдзеце малітвы за Беларусь праз заступніцтва св. Міхала Арханёла.
Юлія Шэдзько