Папа Францішак: «Многія не могуць удзельнічаць у адбудове агульнага дабра, бо іх адхіляюць, выключаюць ці ігнаруюць»

Для выхаду з крызісу, адначасова эпідэміялагічнага, сацыяльнага, палітычнага і эканамічнага, кожнаму трэба прыняць на сябе сваю частку адказнасці, - перакананы Папа. Падчас агульнай аўдыенцыі, якая 23 верасня 2020 г. прайшла ва ўнутраным дворыку Апостальскага палаца ў Ватыкане, Францішак працягнуў цыкл катэхез аб наступствах пандэміі і заклікаў супольна адказаць на існуючыя праблемы, - піша Vatican News.


«Часта, на жаль, многія не могуць удзельнічаць у адбудове агульнага дабра, бо іх адхіляюць, выключаюць ці ігнаруюць. Некаторыя сацыяльныя групы не маюць магчымасці зрабіць свой унёсак, бо іх душаць эканамічна і палітычна. У грамадстве асобных краін у многіх няма свабоды выражаць сваю веру, свае каштоўнасці, свае ідэі. Калі яны робяць гэта — іх знявольваюць. У іншых, асабліва ў заходнім свеце, многія падаўляюць уласныя этычныя ці рэлігійныя перакананні. Але так немагчыма выйсці з крызісу, у любым выпадку, немагчыма выйсці з яго лепшымі», — сказаў пастыр паўсюднага Касцёла.

Святы Айцец падкрэсліў, што важнае значэнне тут мае прынцып субсідыярнасці. Ён нагадаў, што ўмяшанне дзяржавы патрэбнае для дапамогі людзям і супольнасцям, якія перажываюць цяжкасці і не могуць самастойна вырашыць сваіх праблем. З іншага боку, важнымі з’яўляюцца таксама ініцыятывы, якія зыходзяць знізу — з боку прамежкавых і малых груп: людзей, сем’яў, прадпрыемстваў, грамадзянскай супольнасці, рэлігійных структур.

«Кожны павінен атрымаць магчымасць браць на сябе адказнасць у працэсах аздараўлення грамадства, часткай якога з’яўляецца», — сцвердзіў Пантыфік.

Па яго словах, нярэдка палітыкі ігнаруюць голас і мудрасць народа: хочуць працаваць для народа, але не з народам.

«На жаль, гэтая несправядлівасць часта праяўляецца там, дзе канцэнтруюцца вялікія эканамічныя і геапалітычныя інтарэсы, як, напрыклад, некаторыя віды здабыўной прамысловасці ў пэўных зонах планеты. Голас карэнных народаў, іх культура і светапогляд не бяруцца пад увагу. Сёння адсутнасць павагі да прынцыпу субсідыярнасці распаўсюджана, як вірус», — лічыць Папа.

Пантыфік дадаў, што ў пытаннях размеркавання фінансавай дапамогі дзяржавы часта ўлічваюць інтарэсы фінансавых кампаній, а не людзей, якія працуюць у рэальным сектары эканомікі.

Папа заўважыў, што ў барацьбе з вірусам улады з большай увагай ставяцца да буйных фармацэўтычных кампаній, а не да медработнікаў, якія знаходзяцца на перадавой, і падкрэсліў, што «гэта няправільны шлях».

«Каб выйсці з крызісу лепшымі, трэба ажыццяўляць прынцып субсідыярнасці, ставячыся з павагай да аўтаноміі і ініцыятыўных здольнасцяў кожнага, асабліва самага апошняга. Усе часткі грамадства неабходныя, і, як кажа св. Павел, тыя з іх, якія могуць здавацца слабымі і менш важнымі, на самой справе больш патрэбныя. (...) Прынцып субсідыярнасці дазваляе кожнаму адыгрываць уласцівую яму ролю ў клопаце пра грамадства і свой лёс. Рэалізацыя гэтага прынцыпу дае надзею на больш здаровую і справядлівую будучыню», — адзначыў Папа.

Ён заклікаў злучыць намаганні ў духу субсідыярнасці і салідарнасці, каб знайсці трывалыя рашэнні для больш здаровага свету.

«Сапраўды, няма сапраўднай салідарнасці без удзелу ў жыцці грамадства, без укладу прамежкавых груп: сем’яў, асацыяцый, кааператываў, малых прадпрыемстваў, грамадзянскай супольнасці. Усе павінны рабіць свой унёсак. Гэты ўдзел дапамагае прафілактыцы і выпраўленню некаторых негатыўных аспектаў глабалізацыі і дзейнасці дзяржаў, як, напрыклад, адбылося ў выпадку людзей, закранутых пандэміяй. Гэты ўклад “знізу” павінен стымулявацца», — звярнуў увагу Пантыфік.

Святы Айцец нагадаў пра важную ролю медыкаў і валанцёраў у барацьбе з каранавірусам, пацвярджэннем чаго былі апладысменты, якія часта гучалі ў іх адрас. Ён заклікаў не спыняцца на апладысментах, але імкнуцца будаваць будучыню, у якой мясцовае і глабальнае вымярэнні будуць узаемна ўзбагачацца, «дзе прыгажосць і багацце меншых груп, у тым ліку адчужаных, змогуць расквітнець і дзе той, хто мае больш, будзе намагацца служыць і даваць больш тым, хто мае менш».


Vaticannews.va

Мы вельмі радыя
бачыць вас на сайце
часопіса «Ave Maria».
Гэта плён працы
неабыякавых людзей,
якія з радасцю ствараюць
гэты часопіс для вас.

Падпіска
Ахвяраванні

Сайт часопіса „Ave Maria“ Мінска-Магілёўскай архідыяцэзіі Рыма-каталіцкага Касцёла ў Беларусі

Часопіс існуе дзякуючы вашым ахвяраванням. Сёння мы просім вашай дапамогі — нават невялікая сума падтрымае нас.

Падрабязней