Шлях даўжынёю ў 20 год. Да юбілею парафіі віцебскага катэдральнага касцёла Езуса Міласэрнага 

Напрыканцы мінулага месяца адзначыла 20-годдзе з дня заснавання парафія віцебскага катэдральнага касцёла Езуса Міласэрнага. Утвораная на пачатку станаўлення Віцебскай дыяцэзіі ў самым сэрцы навабудаў абласнога цэнтра, у так званым спальным мікрараёне «Поўдзень-6», яна прайшла ў сваім развіцці шлях, тыповы для маладых парафій.


Першая святая Імша для тутэйшых парафіянаў была адпраўленая 22 кастрычніка 2000 года ў касцёле cвятой Барбары (тады ён быў катэдральным). А прыкладна праз месяц парафіяльная супольнасць атрымала, нарэшце, дазвол на пабудову часовай капліцы. Будынак капліцы быў асвечаны біскупам Уладзіславам Блінам 25 снежня, у дзень Божага Нараджэння, і на шмат год стаў прыстанкам і другім родным домам для вернікаў новаўтворанай парафіі.

Дазвол на пабудову парафіяльнага касцёла ўлады далі амаль праз чатыры гады. А кансэкрацыя новага касцёла Езуса Міласэрнага адбылася толькі 10 кастрычніка 2009 г. — у межах святкавання 10-годдзя заснавання Віцебскай дыяцэзіі. Літургію, падчас якой адбывалася асвячэнне, узначальваў Апостальскі Нунцый у Беларусі арцыбіскуп Марцін Відавіч.

У 2011 годзе касцёл Езуса Міласэрнага атрымаў статус катэдральнага. У 2014 годзе катэдра атрымала свайго біскупа, ім стаў ксёндз Алег Буткевіч. І сёння  касцёл, годна прайшоўшы праз непамысноты часоў неўладкаванасці ды чакання і ўпэўнена крочачы шляхам наследавання запаветаў Езуса Хрыста, радуе вока жыхароў і гасцей горада і мікрараёна.

Пра ўсё гэта ўзгадвалі 25 верасня прысутныя на юбілейнай святой Імшы вернікі парафіі, святары, тыя, хто служыць тут сёння і тыя, хто апекаваўся святыняю раней (з іх ліку ў гэты дзень прыехалі падтрымаць сваю колішнюю паству святары Андрэй Аніскевіч і Раман Мурзіч), законныя сёстры. Усіх іх цёпла прывітаў на пачатку ўрачыстасці цяперашні пробашч парафіі кс. канонік Валерый Орсік. Падчас Імшы, якую цэлебраваў ардынарый дыяцэзіі Алег Буткевіч, 12 вернікам парафіі быў удзелены сакрамэнт бежмавання. Прыгожа аздабляў спевамі адмыслова запрошаны на святкаванне хор з Браслава пад кіраўніцтвам Іны Сапун.

Падчас казання біскуп узгадаў эпізоды з гісторыі парафіі і падзякаваў усім, хто дапамагаў у пабудове касцёла і служыў на карысць парафіяльнай супольнасці. Асаблівыя словы падзякі ён выказаў свайму папярэдніку, біскупу на пенсіі Уладзіславу Бліну, праз намаганні якога ў свой час парафія паўстала і быў пабудаваны касцёл.

Больш падрабязна пра вехі існавання парафіі катэдральнага касцёла прысутныя маглі даведацца падчас наведання фотавыставы, размешчанай у памяшканні дыяцэзіяльнага культурна-рэлігійнага цэнтра.

Годным працягам святкавання юбілею і сведчаннем таго, што парафія развіваецца і ўпэўнена глядзіць у будучыню, стаў сакрамэнт Першай святой камуніі, які прынялі восем маладых католікаў.


Францішак Дубраўскі
Фота А. Бандарчука-Вошлава

 

 

Мы вельмі радыя
бачыць вас на сайце
часопіса «Ave Maria».
Гэта плён працы
неабыякавых людзей,
якія з радасцю ствараюць
гэты часопіс для вас.

Падпіска
Ахвяраванні

Сайт часопіса „Ave Maria“ Мінска-Магілёўскай архідыяцэзіі Рыма-каталіцкага Касцёла ў Беларусі

Часопіс існуе дзякуючы вашым ахвяраванням. Сёння мы просім вашай дапамогі — нават невялікая сума падтрымае нас.

Падрабязней