Скульптуры Залатой Горкі

«Хочацца, каб касцёл быў месцам, якое прыцягвае людзей, каб чалавек, прыходзячы да святыні, мог адпачыць і душою, і целам», — кажа пробашч мінскай парафіі Найсвяцейшай Тройцы (св. Роха) кс. Юрый Санько ў каментары для часопіса «Ave Maria», у дзень, калі вось-вось біскуп Юрый Касабуцкі асвяціць дзве новыя бронзавыя скульптуры, якія з’явіліся на тэрыторыі касцёла, — Езуса ўваскрослага і святога Яна Паўла ІІ.


Нядзеля 18 кастрычніка для вернікаў парафіі на Залатой Горцы стала днём даведзенай да канца справы — нарэшце дзве новыя скульптуры каля іх касцёла асвяціў біскуп. Гэта падзея павінна была адбыцца яшчэ больш за месяц назад, але, як вядома, нашага арцыбіскупа Тадэвуша Кандрусевіча ўлады не пусцілі ў Беларусь — і ўсё прыйшлося адкласці.

Многія мінчукі заўважылі фігуру Яна Паўла ІІ і Езуса на залатагорскіх могілках. Наогул, даволі часта, наведаўшыся сюды, заўважаеш нешта новае альбо ў самім касцёле, альбо каля касцёла — Залатая Горка ўсё прыгажэе і  прыгажэе, а святое месца нібы паўстае з забыцця, калі касцёл тут быў толькі канцэртнай залаю, а старыя могілкі — звычайным скверам.

«Тэрыторыя нашага касцёла — гэта залатагорскія могілкі, і хочацца напоўніць гэтае месца сакральнасцю, каб чалавек, прыйшоўшы, не думаў, што гэта проста прыгожы парк. Таму ўзнікла ідэя ўсталяваць фігуру Езуса ўваскрослага, які быццам благаслаўляе кожнага, хто падымаецца па прыступках і трапляе на тэрыторыю нашай святыні, — кажа пробашч парафіі кс. Юрый. —  Атрымаўся своеасаблівы трыпціх: місійны крыж, пасля якога мы падыходзім да барэльефа, дзе паказана, як Езуса кладуць у грабніцу, і, нарэшце, глядзім на гэтую цудоўную фігуру Хрыста ўваскрослага. Яшчэ тут плануецца дадаць надпіс, што гэта залатагорскія могілкі». Аўтарам фігуры Езуса з’яўляецца беларускі скульптар Валяр’ян Янушкевіч, з-пад рук якога выйшлі ўсе скульптуры і барэльефы касцёла.

«Манументальныя фігуры заўсёды ўражваюць, таму нашыя парафіяне, канешне ж, не засталіся раўнадушнымі. Захапляе тое, што тэрыторыя цяпер выглядае зусім па-іншаму. Марым, каб тут яшчэ з’явілася скульптура арханёла Міхала, які будзе асвячаць самы цэнтр горада. Фігуру Хрыста будзем цяпер старацца задзейнічаць у набажэнствах. Напрыклад, так адбылося на агульнагарадскім Крыжовым шляху ў інтэнцыі Беларусі і нашага мітрапаліта Тадэвуша Кандрусевіча, калі фігура была адной са стацый», — дадае святар.

«Скульптура Яна Паўла ІІ была ўсталявана ў юбілейны год гэтага святога, — працягвае кс. Юрый у каментары для часопіса «Ave Maria». — Святы Ян Павел ІІ вельмі блізкі нам чалавек. Ён ведаў нашыя праблемы і тыя ўмовы, у якіх існаваў Касцёл тут, у Беларусі. Дзякуючы яму мы маем нашыя касцёльныя структуры. Ідэю стварэння скульптуры прапанаваў пасол Польшчы Артур Міхальскі. Ён захацеў, каб была ўсталявана менавіта лавачка з фігураю Яна Паўла ІІ, каля якога можна прысесці, памаліцца і нават зрабіць сэлфі. Усё для таго, каб падкрэсліць блізкасць святога Папы да нас. Дарэчы, аўтарам скульптуры Яна Паўла ІІ стаў таксама беларускі творца — Аляксандр Каструкоў.

Дзень асвячэння фігураў адкладаўся некалькі разоў, бо мы яшчэ спадзяваліся на хуткае вяртанне нашага мітрапаліта, але, хіба невыпадкова, асвячэнне адбылося 19 кастрычніка, бо 16 кастрычніка была гадавіна абрання Яна Паўла ІІ на Святы Пасад, а 22 кастрычніка — літургічны ўспамін святога. Гэтая нядзеля стала добрай нагодаю, каб узгадаць Яна Паўла ІІ як вельмі блізкага для Беларусі чалавека, а таксама як унікальную асобу, якая змяніла свет. Сваімі ўспамінамі пра святога Папу шчодра дзяліўся біскуп Юрый Касабуцкі падчас святой Імшы. Ён успамінаў тыя моманты, калі трапляў на сустрэчы з папам Янам Паўлам ІІ, хоць гэта былі вялізныя натоўпы людзей, але яго прысутнасць напаўняла ўсё вакол сябе Божай прысутнасцю. Біскуп у сваім казанні нагадваў пра найбольш папулярныя словы, вельмі важны пасыл святога Папы: «Не бойцеся! Адчыніце дзверы Хрысту!». Словы «Не бойцеся!» надзвычай важныя сёння і для нас, беларусаў! Біскуп Юрый запэўніў усіх прысутных у духоўнай лучнасці з намі мітрапаліта Тадэвуша, які перадаваў усім вернікам прывітанне і сваё благаслаўленне з выгнання.

Кс. Юрый звярнуў увагу прысутных на тое, што ініцыятар стварэння фігуры Яна Паўла ІІ Артур Міхальскі, на жаль, цяпер адкліканы з Беларусі, але ён перадаваў сваё цёплае прывітанне праз свайго намесніка Марціна Вайцяхоўскага, які таксама спрычыніўся да справы ўсталявання скульптуры Яна Паўла ІІ: «Калі пасол працаваў у Малдове, з яго ініцыятывы ў Кішынёве была зроблена лавачка з фігураю Яна Паўла ІІ. Прыехаўшы працаваць у Мінск, першай думкай у яго была стварыць падобную лавачку са святым і тут», — адзначыў спадар Марцін і дадаў: «Беларусь цяпер праходзіць праз вельмі цяжкае выпрабаванне, і я перакананы, што святы Ян Павел ІІ нам у гэтай сітуацыі моцна дапамагае, ён побач з намі і моліцца за нас, таму, я ўпэўнены, нам будзе лягчэй перажыць гэты час».


Вольга Адамовіч
Фота аўтара

 

 

 

 

Сайт часопіса „Ave Maria“ Мінска-Магілёўскай архідыяцэзіі Рыма-каталіцкага Касцёла ў Беларусі

Часопіс існуе дзякуючы вашым ахвяраванням. Сёння мы просім вашай дапамогі — нават невялікая сума падтрымае нас.

Падрабязней